Вход/Регистрация
Пан Лес
вернуться

Сыс Анатоль

Шрифт:

*** Пад бярозаю косьці…

Пад бярозаю косці, а ў кроне гняздо птушка мосціць, тут вячыста — надзіва — здаецца: я сам тут ляжу — на вясковым пагосце збаўляюцца людзі ад злосці, ён, як гай запаветны, здзіўляе спакоем душу.

*** Мой радавод вёў летапіс свой плугам…

Мой радавод вёў летапіс свой плугам. I, як радком чырвоным, баразной мядзяны конь ішоў адвечным кругам пад Князем-Сонцам, Поўняю-Княжной. На мокрай грыве крумкачы драмалі ды прагнулі гарачае крыві, і ваўкалакі зь лесу цікавалі, каб баразну мядзяны конь скрывіў. Былі сухмені, і былі залевы, і стрэхі хат, як прывіды, плылі, тагды алені, журавы і дрэвы да астравоў мой радавод вялі. Патоп спадаў, і вецер, як пэргамэнт, сушыў палі і ажыўляў лугі, птушыны шлях — начных нябёс атрамант — шукаў барознаў новыя кругі.

Нізка абаранкаў

Быль, якая здарылася са мной

Павесіў на шыю нізку абаранкаў, бацьку купіў катанкі і пешкам цераз усю Беларусь іду да Айчыны. Пад Ваўкавыскам у пагудастай баравіне сустрэў бабульку, зарослую вехатнікам і вужоўцам, зь цяжарнаю ваўчыцай пад лядачым крысом.

— Хто гэта выў? — пытаю палажніцу.

— Мы, — сказала ваўчыца і пяшчотна зьлізала самасейку-сьлязу з бабульчынай шчакі.

— Пэўна, галодныя. Калі апошні раз сілкаваліся?

— На пахаваньні Вячкавым, — адказала ізноў ваўчыца.

Шкада дрымучую бабульку, шкада цяжарную ваўчыцу, анёж шкада і нізкі абаранкаў, што нясу матулі. Але зьняў яе з шыі і паклаў каля жывога чэрава.

— Як назавеш дзіцёнка?

— Імя яму дасьць народ наш.

— А дзе ён, народ ваш воўчы?

— Паснуў па бярлогах ды логвах.

— Ну, бывайце! I мне вельмі трэба пасьпець да сваёй Айчыны.

Ці доўга ішоў, ці мала, але на паўдарозе сустрэў босую падчарку, яна, прытуліўшыся да заблуднай цялушкі, грэла маленькае цельца. Прыйшлося і яе абуць у катанкі, што купіў бацьку.

А вось і Айчына, а каля яе рыпучых весьніцаў стуленыя бацька з маці, як тыя два птахі пад кастрычніцкімі зябамі.

— Матуля, нёс я табе на шыі нізку абаранкаў — не данёс. Бацька, нёс я табе цераз плячо катанкі — не данёс. Колькі было веставых крыжоў на шляху, столькі сустрэў пакутнікаў. А вы ж самыя ўсё жыцьцё мяне вучылі: не абміні гаротніка.

Блудны сын

1

Маці крыжыкам вышывае, не адвесьці ад рук вачэй, нітка — кроў на радно жывая з пальца ўколатага цячэ. У зашыйку заціхлі мышы, а на сьпіцах стары павук павуцінкаю ружу вышыў, падсачыўшы узор у рук. На каленях ручнік чырвоны, быццам самы каханы сын, пахнуць жаўранкамі і лёнам яго белыя валасы. Маці крыжыкам вышывае, павуцінку павук пляце, маці песьню мышам сьпявае пра дарослых сваіх людзей.

2

Вышый мяне на падушцы сваёй, памякчэюць грачыныя пер’і, я прыснюся табе — еду зноўку дамоў, да зямлі адтуліўшы бязьвер’е. Блудны сын, блудны сын — разам з сэрцам маім лямантуюць на рэйках колы. Блудны сын, блудны сын, блудны сын — словы, быццам кусьлівыя пчолы. Мама, мама, што мне парабіці з сабой, калі позна дадому прыеду, калі ў хату зайду — анямелы сабор — безь вясьнянак, бязь лясканьня бёрдаў? Ты сьпявай, ты сьпявай, ты сьвяці, ты сьвяці, расьсьцялі ручнікі, як сьцяжыны, можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцьці, тагды выйду па іх да Айчыны.

Брукаванка

Мне было ўсё адно, куды ехаць, абы пазбавіцца ад гэтага горада. I раптам скончыўся асфальт і пачалася брукаванка. I я ўспомніў, які быў шчасьлівы, калі ў дзяцінстве браў мяне з сабою бацька і мы прасёлкавай дарогай выязджалі на брукаваны шлях і скіроўвалі мядзянага каня ў горад…

…I раптам скончыўся асфальт і пачалася брукаванка. Сівая і стомленая, як калісьці бацькаў Орлік у канцы дарогі. I я ўспомніў, што ў мяне яшчэ ёсьць родная хата, а ў ёй адна, як зязюля, маці. I я ўспомніў, што калі з прасёлкавай дарогі павярнуць на брукаваны шлях — стаяць могілкі, а пасярод іх, як сьвечка, белаю бярозай сьвеціцца бацькава магіла.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: