Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Смаллянскі лекар з тамтэйшага замка літасцівай нашае каралевы Боны, дачуўшыся, паскакаў на тое возера, каб таго дзікага і страхавобразнага звера ўбачыць. Мала яму было, архінявернаму схізмату, што гаспадыня ягоная ледзь яго ўратавала ад вогнішча, бо ён трупы выкопваў і трыбушыў іх так, што і Пётр-апостал іх потым не пазнаў бы. І, магчыма, шмат людзей такім чынам у рай не трапілі. Мала, відаць, калі ўсё ж паехаў і, нягледзячы на страшэнны смурод, звяроў-цмокаў тых агледзеў ды запісаў, цешачы марную і бескарысную сваю цікаўнасць.
Бо гэта толькі таму і трэба было, каб ведалі ўсе, якіх цмокаў закляў прападобны Амбражэй. І калі хто хоча ведаць, я к і х, тым я, на хвілінку ў лекарскія запісы заглянуўшы, цмока таго апішу, каб ведалі веліч нашай мудрай царквы, хай вечна будзе з ёю Пан Бог.
Выглядам той цмок быў, як звер фока [9] , такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэйшы за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх [10] сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы.
9
Цюлень.
10
Лагойскіх.
Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані.
І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо — з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга.
Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты.
Лекару, вядома, страшна было глядзець. Бо я, Андронік Лагафіл, што выпадкова тады перабываў у Смаллянах, ля возера таго не быў, Лекару можна, а ў мяне такога абаронцы, як у яго, няма. Дый не цікавіў мяне пракляты звер. Я ў веры цвёрды і цікаўнасці лішняй выракаюся. Няўхвальная яна дзеля хрысціяніна, цікаўнасць.
Потым толькі зведалі мы, з чаго смяяўся дохлы звер. Тады, калі рачоны Хрыстос у Гародню зайшоў і людзей пабіў, і ксяндзоў [11] з магнатамі пабіў. А з'явіўся ён за грахі каталіцкіх [12] сыраядцаў і асабліва за грахі кардынала Лотра [13] .
11
Праўлена кімсьці: «папоў».
12
Праўлена кімсьці: «праваслаўных».
13
Праўлена кімсьці: «мітрапаліта Балвановіча».
Вялізнае ляжала на беразе і смярдзела, што, д'ябал яго ведае, з якіх дапатопных часоў прыйшло і вось, па невядомай прычыне, здохла. Можа, таму, што з'явіўся чалавек… Але гэта мудрагельствы пачаліся ўжо. А хрысціянін мудрагеліць не павінен, каб не падупала вера. І так заняпала яна ў апошнія нашы часы.
І было ў вачах ашклянелых, ва ўсім здыханні пачвары гэтай і ў смуродзе нейкае прароцтва. Але якое — слабым мазгам чалавечым дагэтуль не ўдалося зразумець.
…І яшчэ было ў той год страшнае і незразумелае. Толькі ўжо не на зямлі, а на небе. Узнікалі недзе далёка азёры і акіяны, і замкі плылі ў аблоках, і невядомыя ля іх дрэвы і чароды, што пасвяцца.
Плылі ў небе караблі пад крывавымі ветразямі.
І ўставалі ў небе гарады так буйна, што жыхароў можна было пазнаць у твар, і адзін пазнаў у гэтым д'ябальскім горадзе сябра, а за гэта яго звалаклі ў гарадскую цямніцу. Таму што, калі ў цябе ўжо сябры ў такіх гарадах жывуць — ясна, што ты за птушка.
А то было яшчэ тады ў Мсціслаўлі. Выйшаў толькі дзень назад з горада шляхецкі полк на мяжу. І вось убачылі гэты полк жыхары. Ідзе па небе. А праз некалькі дзён выразалі і выбілі гэты полк да апошняга чалавека. Ішлі Маскву біць, а замест гэтага Масква іх пабіла. Ішлі па небе, куды праз некалькі дзён і адправіліся. Гэта, значыцца, Бог знак падаў.
А з Менска ў той самы час убачылі ў небе два легіёны, якія, схапіўшыся, біліся так, што ясна было: мала хто застанецца жывы. Можна было разгледзець дым, шаблі, коней, што гігаталі без гуку, і каноны [14] . О гора вялікае! О ярасць чалавечая!
А потым выявілася: бачылі сечу нашых з татарамі, тымі, якіх яшчэ князь Васіль Трэці на нас навёў. А біліся за Мазырам. А датуль ад Менска амаль сто шэсцьдзесят дзве менскіх вярсты [15] , як птушцы ляцець.
14
Гарматы.
15
Каля двухсот сямідзесяці кіламетраў.
І ад жаху, голаду, сечаў і знакаў нябесных зразумела было: наступаюць апошнія часіны, смерць лютая людству і выміранне. Тыя часіны, калі, можа, не толькі на развод людзей не застанецца, але і аднаго, каб плакаць над трупамі. Тыя, калі застаецца толькі і спадзявацца, што на вышэйшы розум.
Думаю — байкі гэта. Ніхто нічога не ведае. І не ён гэта, пэўна, прыходзіў. Але тое, што на небе рабілася і што зрабілася ў тую ноч — гэта праўда, гэта многія бачылі. І таму паверылі лёгка. А можа, і не таму, а проста роспач.