Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Здзівіўся б такому толькі чужаземец. На працягу некалькіх стагоддзяў, а асабліва ў той час, дажджом сыпаліся дэкрэты, у якіх забаранялася духоўным асобам насіць зброю ў мірны час, выхваляцца ёю, злоўжываць ёю. І, аднак, ніхто не звяртаў увагі на дэкрэты і на пагрозы, што былі ў іх. У крайнім выпадку можна было спытаць нават і самога папу, дзе ён бачыў мір. І таму ўзброены былі ўсе, акрамя некаторых жанчын.

Так, жанчын. Трэцяе, што магло б прымусіць усумніцца ў тым, што едуць людзі, надзеленыя духоўным санам, было тое, што з імі на асобных конях, а то і проста за спінамі сядзелі кабеты. Размаляваныя, беленыя, з падплоенымі валасамі пад залатымі з алмазамі сеткамі, з аголенымі амаль да саскоў грудзьмі, на якіх прыслужніцы майстэрскі вывелі танюткімі пэндзлікамі сетку блакітных жылак. Зубастыя, відавочна драпежныя, відавочна неакрэсленых паводзін — усё адно знатная гэта была дама ці жанчына з бессаромнай вуліцы.

Некаторыя кабеты былі таксама ўзброены. У астатніх сядзелі на пальчатках сокалы.

З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя.

Коннікі ўварваліся ў вёску, як арда. Замільгалі па баках шэрыя хаты, халупы, складзеныя з тарфяных цаглін, і проста зямлянкі.

Чалавек, што сядзеў ля дарогі на купе гною, працягнуў парэпаную, як зямля, руку. Той, што ехаў наперадзе, дастаў з-пад пурпурнай мантыі, з вацка [18] , прывешанага пад пахай, медную манету і кінуў.

18

Вацок — каліта.

— Дарэмна вы гэта, — сказаў яму біскуп.

— Для вас у мяне ёсць прозвішча, пан Камар.

— Дарэмна вы гэта, пан Лотр.

— Чаму?

— Хіба хопіць на ўсё гэта быдла? Працаваць не хочуць, руку цягнуць. І потым… каб гэта ўбачылі іншыя — яны б кінуліся несамавіта. Маглі б і раздзерці. І, ва ўсякім разе, давялося б ужыць зброю… Лепей прыбавіць хады і цяпер.

Кавалькада пагнала ўнамёт. З-за купы гною з'явілася галава чатырохгадовай дзяўчынкі.

— Што ён табе даў?

— Два боханы хлеба, доцю. Чыстага хлеба.

— А хлеб смачны?

— Смачны.

Дзяўчынка зачаравана глядзела ўслед паляванню:

— Прыго-ожыя.

— Вядома, прыгожыя. Гэта ж не мы, мужыкі. Заступніку перад Панам Богам трэба быць прыгожым. Іначай яго Пан Бог і ў палац да сябе не пусціць.

Паязд зноў вырваўся ў палі, пакінуўшы за сабою хаты, падобныя на гнойныя сумёты, і гатычны спічасты касцёлік, падобны на гняздо горнага крышталю. Коні пайшлі павольнай ступою.

— Тое, што і дваццаць год назад, калі я пакінуў гэтую зямлю, — ціха сказаў Лотр. — Толькі тады тут было куды багацей. Багатая ж зямля.

Камар, нахмурыўшы цяжкія бровы, глядзеў на Лотраў твар: выпрабоўвае, ці што. Але гэты твар, усмешлівы, белы і румяны, высакародны, здавалася б, на самы неабазнаны позірк, быў проста зычлівы і гожы.

— Справа веры патрабуе ахвяр, — унікліва сказаў біскуп.

— Вядома.

— І асабліва, калі ўлічыць, як цяжка хворы гэты край схізмаю.

— Кіньце. Унь тая схізма, мітрапаліт Балвановіч, скача за намі. Неблагі чалавек.

— У гэтага неблагога чалавека адабралі за апошні час дзве царквы. Вось так. І не таму, што ён кепскі, а таму, што гэта — чужы ўплыў на землі, якія яшчэ не сталі нашымі.

— Вы разбіраецеся, пан Камар… Дарэчы, дзякуй вам за вашу былую пасомую. — Ён адкінуў галаву назад, быццам паказваючы патыліцай на жанчыну, што сядзела за ягонай спіною. Усміхнуўся: — Такім чынам, вы для мяне, па сутнасці, тое, што для міран цесць.

— Ну, калі можна ўявіць сабе цесця, які… — грубы, рэзкі твар Камара скрывіўся лёгкаю ўсмешкай.

Жанчына глядзела на яго з чаканнем і дакорам.

— А гожая? — спытаў Камар.

— Гожая. І ў Італіі, і паўсюль я не бачыў такіх.

Кабета была сапраўды гожая. Непамерныя чорныя вочы, доўгія, як стрэлы, веі, вішнёвы малы раток, снежнай белі і пяшчотнасці скура аблічча і дзіцячых рук. Гнуткая, як змяя, з высокімі невялікімі грудзьмі, яна сядзела ў сваёй нязручнай паставе грацыёзна, гнутка, мякка трымаючыся ручкай за Лотраў плячук.

— То вось і старайся, — сказаў ёй Камар. — Служы новаму свайму пану, як належыць служыць такому высокаму госцю.

— Калі можна лічыць госцем чалавека, які прыехаў на год і долей, — сказаў Лотр.

— Мы гасціннасць не на дні мераем.

— Ведаю. Сам адсюль.

— Ну вось. І таму, дзеўка, служы без нараканняў і глупстваў. Чуеш, Марына?

Чырвань з'явілася на абліччы кабеты. А потым надзея, з якой яна глядзела на біскупа, згасла. Згасла і цеплыня, а вочы глядзелі цяпер з сухім бляскам.

— Ды толькі сумная нешта, — мякка сказаў Лотр.

— Пасумуе і кіне. Яна прыхілістая, пане. Адданая. І да любасці схільная.

Гаварылі яны так, нібы яе зусім не было з імі.

— А калі будзе кіслым тварам настрой вам псаваць — пакарайце, — сказаў Камар.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: