Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…У той майскi дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцей — тры хлапчукi i дзяўчынка.

Толькi два старэйшыя — кожнаму год па адзiнаццаць — сядзелi, абкруцiўшы клубы кужэльнымi сарочкамi. Трэцi, сур'ёзны мужычок год васьмi, i дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусiм голыя, але нiколькi, вiдаць, не саромелiся з гэтай прычыны.

З гэтых чатырох два галышы i адзiн трохi адзеты былi вельмi падобныя. Залацiстыя зблытаныя валасы, дзiкаватыя светла-сiнiя вочы i, нягледзячы на дзiцячую рэзкасць, нейкая асаблiвая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на iх, сказаў бы:

— Кагутова племя.

Чацвёрты быў зусiм непадобны на iх. Больш тонкi. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнiя тры, але з крутымі ноздрамi. Са спакойным, не па-дзiцячаму цвёрдым ротам.

Ён i сядзеў неяк больш вольна i лёгка. Каштанавыя, вельмi iскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалi буйнымі хвалямi. Цёмна-шэрыя шырокiя вочы спакойна глядзелi на iмклiвую плынь Дняпра.

Нiчога не было на гэтай плынi, нi ветразя, нi чарады качак, i таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спiну i звярнуўся да суседа:

— Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?

— Здурэў, Алесь? — салiдна сказаў Павал. — Пачакай, усю ж ваду скаламуцiлi.

Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, i таму сябры выбралі для купання невялiчкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купалiся, вiдаць, зусiм нядаўна, бо валасы ў iх былі мокрыя.

— Горача, халера на яго, — уздыхнуў Алесь i апусцiў чорныя вейкi. — Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапiў.

Павал маўчаў.

— Ты што маўчыш, Павёлка? — сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. — Ты чаго, Паўлюк?

— Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, — глуха сказаў Павал.

— Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?

— Сёння ранiцай — ты якраз апошнi воз гною на Нiзок вазiў — прыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Мiхалу Кагуту без нашай дапамогi, i час браць Алеся… Гэта каб за цябе бацька "пакормнае" i "дзядзькавое" [3] атрымаў…

У вачах у Алеся з'явiлася трывога. I адразу ж знiкла, саступiўшы месца рашучасцi.

3

Па старому, часоў унii, звычаю, якi амаль знiк у XIX ст., беларускiя паны аддавалi сыноў на "дзядзькаванне" (выхаванне) у сялянскiя сем'i.

— А я не пайду. Хто мяне прымусiць, калі мне i тут добра?

— Гэ-эх, брат, — тонам дарослага сказаў Павал. — Тут ужо нiчога не зробiш. Возьмуць у двор — i канцы. На тое яны паны. На тое мы мужыкi. Як аддалi яны цябе, так i возьмуць.

— А я ўцяку. Я не iхнi. Я — ваш.

— Прывыкнеш, — працягнуў Павал. — Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа…

— Куды гэта Алеся забяруць? — спытала дзяўчынка.

Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.

— Iдзi ты, Янька, — з прыкрасцю сказаў Павал. — Што ты ведаеш?

— Куды яго забяруць? Ён жа наш, — у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.

— Наш, ды не зусiм.

I тут Алесь ускiнуўся на калені.

— Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi-дурнiчкi?!

На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамi — свету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.

Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.

— Не трэ-э-э… Але-е-е… Па-а-а!!!

За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш "мужэска полу", Юрась Кагут.

Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.

I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.

Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:

— Э-к, важна…

I пайшоў да дзяўчынкi:

— Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў… Бач, запырскалася ўся.

Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з'явiлiся слёзы.

— Дурнi, — сказаў ён, — напалохалi дзяўчо. I ты дурань… Дурань ты, вось хто… Калi я не ваш, дык я i пайду… Не вельмi трэба… Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi — з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: