Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.

— Чакай, — сказаў Павал. — Давай памагу… Ты… даруй…

Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.

— Паўлюк, — цiха спытаў Алесь, — няўжо возьмуць?

— Не ведаю, — няшчыра сказаў той. — Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.

Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.

— Дзецi, — прагучаў голас з адхону, — досыць вам боўтацца: вярба са с… вырасце.

Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.

— Вылазьце, цi што?

Яны, дзядуля, зараз, — вiскнула Янька.

Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.

— То добра. Вылазьце. Я пайду.

Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.

— Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, — хаваючы вочы, сказаў Алесь.

Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка.

Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.

На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё.

У Алеся балюча сцiснула горла.

— Хадзем, — цiха сказаў яму Павал.

…Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай "П". Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.

Арабiны i вiнаград — так завуць у Прыдняпроўi карычку [4] — буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.

Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.

Дзед з малодшымi сядзеў на прызбе, доўгi, снежна-белы ў сваей кужэльнай вопратцы. Сад садзiў ён. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўi пры кожнай сялянскай хаце было не болыш як тры-чатыры дрэвы. Быў, праўда, загад прыдняпроўскай шляхецкай рады, каб кожны садзiў сады, але паслухаўся яго далёка не кожны.

4

Какалуша, iрга.

Дзед сядзеў, бязвольна склаўшы карычневыя рукi, а над яго галавою нездаволена басiлi хрушчы.

Непадалёку ад яго ляжала на ўскапанай курамі зямлi Курта. Ляжала на баку, цяжка адвалiўшы страшныя льсняныя саскi, пакутлiва глядзела на людзей.

"Пэўна, нават не пабачу, якiя ў яе будуць шчанюкi", — падумаў Алесь.

Дзед разбiў буркатлiва-ласкавым голасам цiшыню:

— Дзеткi, Юрась зараз агуркi палье, а вы схадзiце скiньце з вышак карове сена… Доўга, чорт на яго, дажджу няма: паевiцца, пасвiцца, а бруха пустое. Потым парсюкам бульбу пасекчы трэба. Марыля спарыла.

Хлопцы моўчкi пайшлi за хату. Дзед сядзеў нерухома i слухаў, як буркочаць у кошыку пад вiльчыкам галубы. Яня ўзлезла яму на каленi.

— Дзеда, а баяць калi будзеш?

— Вось хлопцы вернуцца. Сёння я не толькi табе з Юрасём, сёння я i хлопцам баяць буду.

Дзед i ўнучка маўчалi. Цiшыня была асаблiва поўная ад буркатання галубоў.

…Урэшце вярнуўся Юрась i сеў поруч з дзедам. Нагавiцы ягоныя былі амаль да каленяў мокрыя, мiж пальцамi босых ног — чорныя земляныя рагi. З хляўца даносiлася частае чахканне секача.

— Сёння Павал з Алесем пабiлiся, — сказаў Юрась.

— Хто першы?

— Алесь.

— Тады добра… Тады нiчога…

— Чаму гэта нiчога?

— А ты забыў, чаму вас, дзяцей, вучылi?

Юрась адказаў бойка:

— Пакормнага панскага сына не бiць i першым з iм бiцца не лезцi.

— Правiльна, — сказаў дзед.

Яня лашчылася да старога галоўкай. Юрась сядзеў натапыраны, як галчаня, i суровы: вiдаць, абдумваў нешта. Потым сказаў:

— Я нешта не чуў, дзеда, каб яго нам за грошы аддалi, Сёння Павал казаў пра нейкае "пакормнае" i "дзядзькавое"… Гата што? I чаму гэта толькi ў нас ды ў Маеўшчыне пакормнiкi ёсць?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: