Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Раніцой, яшчэ прыцемкам, яны выйшлі: да бліжэйшага НП было кіламетраў пятнаццаць нялёгкага горнага пераходу. А пасля абеду вярнууся са свайго звычайнага абходу па другіх зямлянках Ханон Фрыд i сумна паведаміў:

— Камандзір, замёрз сяржант Пясоцкі.

— Што значыцца — замёрз? — спытаў, здаецца, Муха, не я.

— Зусім. Насмерць.

Я ўскочыў з нараў, схапіў пранырлівага яўрэя загрудкі.

— Ты што вярзеш? Калі? Дзе?

— Толькі што пазванілі з НП.

Я кінуўся ў зямлянку камісара i камбата, але там ix не было. Я знайшоў ix у будцы сувязі, каля тэлефонаў. Забыўся на ўсялякую субардынацыю, з дзвярэй крыкнуў:

— Што з Пясоцкім?

Сеўчанка выплюнуў пад ногі недакурак, цяжка ўздыхнуў:

— Эх, Пясоцкі, Пясоцкі!..

Тады я зразумеў — тое, што сказаў Фрыд, праўда. Хвіліну стаяў, аглушаны горам, потым упёрся лбом у драўляную сцяну i… заплакаў.

Сеня! Дарагі Сеня! Мой друг! Разумная, светлая галава!.. Як жэ я буду жыць i ваяваць без цябе?

Як з глыбіні нейкай дайшлі да мяне словы камбата. Не ведаю, расказваў ён мне ці каму іншаму, можа, камісару:

— Яны мала што не дайшлі да НП. Кідала кажа, кіламетры тры-чатыры. Але Пясоцкі зусім выбіўся з сіл i не мог далей ісці. Кідала прапанаваў яму пасядзець, адпачыць… а сам пабег на НП, каб вярнуцца ўдвух ці ўтрох i забраць яго. Кажа, вярнуўся праз гадзіну, не больш… I знайшоў яго мёртвым…

— Хлусіць ён! Хлусіць, сволач, Кідала гэты! — раптам вырвалася ў мяне. — Ён знарок… знарок пакінуў Сеню!.. Ён не любіў яго… Помсціў… Не веру я, што ён вярнуўся праз гадзіну! Не можа чалавек за гадзіну замерзнуць. Не такі мароз.

— Супакойся, Шапятовіч! — сказаў камісар. — Усё высветлім, i калі хто вінаваты…

Лёгка сказаць — супакойся, калі так недарэчна i страшна загінуў твой лепшы друг, дарагі чалавек. Я хадзіў сам не свой. Плакаў, не саромеючыся перад байцамі сваіх слёз. Не мог заснуць уначы — заплюшчваў вочы i бачыў адну i тую ж карціну: Сеня адзін на схіле голай заснежанай сопкі, вецер узнімае пазёмку, снег засыпае вочы, мацнее мароз, забіраецца пад кажух, я бачу яго, мароз, як жывую істоту, пачварную i бязлітасную. Не, вінаваты не мароз! Я ведаю, хто вінаваты! Я перакананы… Фрыд расказаў: сувязісты шэпчуцца паміж сабой, што камандзір узвода спачатку паабедаў на НП, потым пайшоў з разведчыкамі па Пясоцкага.

«Усё высветлім, i калі хто вінаваты…» Як яго пакараюць? Разжалуюць, пашлюць у штрафны батальён? А Сені няма. Залатога чалавека. Няўжо няма? Няўжо ніколі не загучыць больш яго ціхі, заўсёды далікатны смех, не заіскрацца розумам яго ясныя вочы? I маці, яго гаротная маці, ніколі не дачакаецца свайго адзінага сына?.. Ён не паспеў нават сказаць ніводнага ласкавага слова той, якую пакахаў сваім шчырым юначым сэрцам, хоць яна i не варта яго кахання…

Часам мне здавалася, што ўсё гэта толькі сон, жудасны сон. Я ўсхопліваўся бегчы ў зямлянку дальнамершчыкаў, разбудзіць яго, Сеню, i расказаць пра ўвесь гэты кашмар. Свіст ветру за дзвярамі, хлопание чахла на гармаце вярталі мяне да рэчаіснасці.

На другі дзень вярнуўся Кідала. Як толькі я даведаўся пра гэта, адразу пайшоў да яго без стуку адчыніў дзверы зямлянкі, у якой жылі камандзіры ўзводаў i старшына батарэі, i застыў на парозе, уражаны да неймавернасці. Чалавек, на сумленні якога смерць Сені, сядзеў у адной сподняй кашулі за сталом i намыльваў сваю фізіяномію; рабіў гэта ён спакойна i старанна, быццам у цэлым свеце не было нічога важней за яго бараду.

— Дзвярэй чаму не зачыняеш? — кінуў ён мне, не адрываючы вачэй ад люстэрка.

Я прычыніў дзверы, але ўсё яшчэ стаяў анямелы, не ведаючы, што яму сказаць.

Кладучы памазок i беручы брытву, ён глянуў на мяне, уздыхнуў:

— Але, брат, слабец аказаўся твой друг. Мамчын сынок. Не мог дайсці да НП, астаўся гадзіну на марозе i гатовы… Вайна, брат…

Такі цынізм — гэта занадта. Я рвануўся да стала.

— Ты… ты яшчэ абражаеш?.. Гад! Забойца! Гэта ты… ты забіў яго!

Ён павольна падняўся, распрастаў плечы, у прарэзе кашулі былі відаць магутныя валасатыя грудзі, па якіх сплываў шматок мыльнай пены.

— Ты чаму крычыш! На каго крычыш! Кру-гом! Шагам…

— Шагам!.. Ты яшчэ хочаш камандаваць! Хіба ты камандзір?! Ты — забойца! Ты запляміў гонар камандзіра Чырвонай Арміі! Ты знарок кінуў Сеню!.. Ты помсціў!.. За гадзіннік, за ўсё… I я ўсё гэта дакажу… На любым трыбунале!

— Сяржант Шапятовіч, я загадваю вам выйсці прэч адгэтуль, — прашаптаў ён, i лоб яго стаў белы, як пена на шчоках.

— Загадваеш? А якое права ты маеш загадваць? Хто ты? Забойца ты! На тваіх руках кроў чалавека. Сапраўднага чалавека. А ты!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: