Шрифт:
— Ты пагарджаеш мной?
«Я ненавіджу цябе», — хацеў быў адказаць я, але чамусьці не мог вымавіць гэтыя бязлітасныя словы. Змоўчаў зноў.
I яна раптам заплакала. Я разгубіўся.
— Вядома, вы ўсе такія… Калі дзяўчына прыходзіць сама, вы пачынаеце пагарджаць ёю, — праз слёзы гаварыла яна. — Вы думаеце чорт ведае што… А я таму, што люблю… цябе люблю… Аднаго цябе, дурань ты гэтакі… Мне многія пішуць пісьмы, клянуцца ў каханні… Дамагаюцца маёй узаемнасці… А я не магу… Не магу! Я хачу шчасця з табой. Што я — подлая з-за гэтага, разбэшчаная?..
— Ты зрабіла нягоднікам мяне. Ты ж ведала: у мяне жонка… Мы звязаны да смерці…
— Ах, гаротненькі! — раптам ад плачу перайшла яна на здзеклівы тон. — Яго спакусілі!.. Чысцюлька. Каб цябе сёння разнесла бомбай, твая жонка…
— Сціхні, Тоня! — закрычаў я такім голасам, што яна на паўслове прыкусіла язык, спалохана адхіснулася ад мяне.
— Мы доўга будзем сядзець тут? — спытаў я пасля хвіліны маўчання.
— Падсадзі мяне, я вылезу.
Я нахіліўся. Яна спрытна ўскочыла мне на плечы i вылезла з ямы. Потым падала руку, памагла выбрацца мне.
Навокал было ціха. Па вуліцы ішлі людзі, хоць адбою яшчэ не давалі.
Мы таксама выйшлі на вуліцу. Я раптам адчуў, што ў душы маёй няма той злосці на яе, якая была дагэтуль. Я сказаў прыязна:
— Цябе кахае цудоўны чалавек. Сеня Пясоцкі… Ты не ўяўляеш…
У адказ яна прашыпела з лютай злосцю, ажно перакасіўся ўвесь яе твар:
— Пайшоў ты к чорту са сваім Пясоцкім! Я вас ненавіджу! Усіх ненавіджу! — i шпарка пайшла ў другі бок, пакінуўшы мяне, аслупянелага, пасярод вуліцы.
Цяпер я думаю: што яна за чалавек? Адзін Сеня, магчыма, мог бы растлумачыць яе дзіўныя ўчынкі i словы. Але нельга пра гэта расказаць яму.
13 снежня
— Камандзір! Да камісара! — крыкнуў дзяжурны, адчыніўшы дзверы зямлянкі. Быў позні вечар, i я ўжо спаў. Падхапіўся. Апранаў кажушок, зашпільваўся i падпяразваўся на хаду. На сцежцы да афіцэрскай зямлянкі дагнаў амаль усіх сваіх калег — камандзіраў аддзяленняў.
— Што здарылася, хлопцы?
— Можа, зноў перадыслакацыя?
— Хопім гора ў такую сцюжу, калі так. Да металу дакрануцца нельга.
Мароз трашчаў. Але з заліва ўзнімаўся густы туман i ахутваў усё наваколле. Гэты туманны мароз — самы зябкі i непрыемны. Вартавы ў двух кажухах, ватніках i валёнках не можа пастаяць больш за паўгадзіны.
— Выклікае камісар, значыцца, нейкая палітыка.
На здзіўленне ўсім нам, дзверы зямлянкі адчыніў сам Сеўчанка i весела закамандаваў:
— Залятайце куляй! А то холаду напусціце.
Ускочыўшы разам з клубамі марознай пары ў зямлянку,
нехта пачаў дакладваць:
— Таварыш палітрук! Па вашаму загаду…
— Ша, — адказаў аднекуль з цёмнага кутка камісар. — Слухайце!
Ціха гаварыла радыё. Але голас дыктара, незвычайны, урачысты, прымусіў усіх нас адразу застыць на месцы, стаіць дыханне.
«…у папярэдніх баях, перайшлі ў наступление супроць яго ўдарных флангавых групіровак. У выніку пачатку наступления абедзве гэтыя групіроўкі разбіты i хутка адыходзяць, кідаючы тэхніку, узбраенне i несучы вялізныя страты…»
«Перамога! Перамога!» — застукала маё сэрца так моцна, што ажно балюча аддало ў скроні. Хацелася крыкнуць гэтае найлепшае слова ў свеце.
Дыктар скончыў.
Камісар дрыжачым ад хвалявання голасам спытаў:
— Зразумелі ўсё, таварышы камандзіры?
Я выгукнуў у адказ:
— Перамога! Таварышы! Сябры мае дарагія! Перамога!
I абняў Сеню, які стаяў побач, пацалаваў у шчаку. Ніхто не засмяяўся з такога выяўлення пачуццяў.
Камісар абышоў нас i кожнаму паціснуў руку:
— Віншую вас! З поўным разгромам гітлераўскіх армій пад Масквой!
A Сеўчанка сядзеў на ложку, расчырванелы, у расшпіленай гімнасцёрцы, i выказваў сваё захапленне з большым, чым звычайна, украінскім акцэнтам:
— О цэ показалы Гітлеру Маскву! А шчо, з'іў, гад паўзучы? Маскву захацеў? Не на тых напаў, смярдзючы пёс! Мы табе не таку шчэ кузькіну маты пакажэмо! Нэба табе здасца ў аўчынку. А нашы якія малайцы! А? Ей жа богу, шкадую, шчо я не там сьогодні!..
— Кожны на сваім месцы памог гэтай перамозе!..