Шрифт:
Ярка-чырвонае полымя шуганула перад самым маім тварам. Апякло грудзі… Падпаліла снег. Загарэўся снег, заняўся полымем з усіх бакоў. Я пачаў адступаць ад гэтай нясцерпнай гарачыні i сарваўся ў бездань, паляцеў… I месяц чамусьці апынуўся ўнізе, пада мной, i закруціўся хуткахутка, распырскваючы вакол сябе рознакаляровыя іскры… як тое тачыла, што стаяла каля кузні майго дзядзькі, дзе мы, малыя, вастрылі свае «шаблі»…
На апошнім чыстым лісце майго сшытка напісана няцвёрдай рукой хімічным алоўкам:
«Дарагі таварыш камандзір, Пятро Андрэевіч. Ляжаў я тыдзень з вамі побач у шпіталі ў Кандалакшы, ды ты не прыйшоў да прытомнасці, так моцна цябе пасекла праклятая граната. Таварышы нашы Алампі Маркавіч Самародаў i Платон Іванавіч Чуб палеглі смерцю храбрых на полі бітвы, як верныя сыны Айчыны. Вечная памяць ім.
Я адбіваўся адзін. Потым прыляцелі нашы самалёты. Асвяцілі ўсё навокал. Высадзілі дэсант. Кажуць, пералавілі ўсіх, хто ўцалеў ад нашых куль ды гранатаў.
Пятро Андрэевіч, вязуць вас у тыл. Кажа ўрач, будзеш жыць, бо малады арганізм. А я сваё адваяваў, мне дактары адпілілі левую руку. Вылечуся тут i паеду ў свой саўгас. Ачуняеце — напішыце. Перадаю дактарыцы, якая вас суправаджаць будзе, усе дакуменцікі вашы i сшытак, які так i ляжаў на стале раскрыты, нешта вы пісалі, ды не дапісалі.
Абнімаю цябе на развітанне, сынок. Сустрэцца наўрад ці давядзецца.
Фядос Яфрэмавіч Сушылаў”.
Я не адразу знайшоў гэты запіс. Цяпер перачытваю скупыя словы незвычайнага пісьма i праз слёзы, як праз туман, бачу вясёлага кубанскага калгасніка Платона Чуба, які памёр з песняй. Яна гучыць у мяне ў вушах, гэта вясёлая песня:
Посею лебеду на берегу, Посею лебеду на берегу…У мелодыю песні ўрываецца роспачлівы стогн:
— Дзеткі мае… Сыночкі…
27 мая
Ён прыйшоў у нашу палату ў той дзень, калі да мяне наведаўся маёр са штаба ПВО, каб павіншаваць з узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Маёр прынёс два экзэмпляры газеты, дзе вельмі недакладна i залішне ўзнёсла апісваўся наш бой. Адна газета пайшла па шпіталі. I вось ён зазірнуў таксама, каб павіншаваць. Дагэтуль я не бачыў яго. Ён прыйшоў на мыліцах, ледзь кранаючыся падлогі забінтаванымі ступнямі. Сеў на ложак, горача, па-сяброўску загаварыў, працягваючы мне руку:
— Давай, зямляк, пацісну тваю мужную руку. Малайчына! Так i трэба нішчыць ix, погань фашысцкую.
Тут, у шпіталі, часам «земляком» называв разанец — астраханца, адэсіт — растаўчаніна, чэлябінец — хабараўца. Але па гаворцы я зразумеў, што перада мной сапраўдны зямляк, беларус, i ўзрадаваўся. Для пэўнасці спытаў:
— Вы беларус?
— Калі там, — паказаў ён на газету, — правільна пішуць, што ты гамяльчанін, дык я з Хойнік. Ведаеш? З Палесся.
— Дык гэта ж побач! У мяне жонка ў Рэчыцкім раёне. Я пехатою хадзіў да Хойнік, — яшчэ больш узрадаваўся я. — А з якога вы фронту? Дзе вас параніла?
— Я? — Ён неяк дзіўна ўсміхнуўся. — Я адтуль.
— Адкуль?
— З Палесся.
— Ды не, дзівак, я пытаюся, дзе ваяваў?
— Там i ваяваў.
— Там? Як гэта зразумець?
— Так i разумей…
Мабыць, у мяне ў тую хвіліну быў такі выраз твару, што ён не мог стрымаць вясёлага смеху.
— Але, браце, там, у партызанах. А потым накіравалі мяне для сувязі ў Маскву. Ішоў цераз лінію фронту, праваліўся ў нейкім гнілым балоце. Ногі абмарозіў. I вось качаюся два месяцы. Проста злосць бярэ. Плакаць хочацца. Там у нас, я ведаю, з вясной хлопцы так разгарнуліся… што горача гітлераўцам… А я вось тут…
Я глядзеў на яго… Немагчыма выказаць словамі, як я глядзеў на яго. Як на прышэльца з іншага свету. Не, глядзеў з радасцю, гонарам, захапленнем, бо ён прыйшоў адтуль, дзе асталося мае шчасце, з той зямлі, за якую я паміраў i гатовы паміраць зноў… Ён жывы сведка ўсяго, што робіцца ў родным краі, захопленым ворагам. Быццам баючыся, што ён пойдзе, знікне, нічога не расказаўшы, я схапіў яго за руку, хоць тады, туга перавязанаму бінтамі, мне нялёгка было зрабіць гэта — кожны рух прычыняў боль.
— Што там? Як там у нас? — дрыжучы ад нецярплівасці хутчэй пачуць пра ўсё, шэптам спытаў я.
— У нас? Ваюем. Б'ём паразітаў. Збіраем сілы. Спачатку цяжка было… — Ён расказваў надзіва спакойна, як пра самае звычайнае.
— А яны? Яны што?
— Хто?
— Гітлераўцы.
— Вядома — што… Адбіваюцца. Прабуюць нішчыць нас. Ды нас не знішчыш — з намі ўвесь народ. Каб зброі хапала ды даў кліч — усе ў лес пайшлі б. Ёсць, праўда, асобныя здраднікі, паліцаі розныя. Ды з такімі размова кароткая. Партызанскі прысуд — i гатова! Асабіста я чатыры такія прысуды выканаў…