Шрифт:
Яны спыніліся на пясчаным узгорку. Стала лягчэй дыхаць. Данік ведаў: партызан (а ён не сумняваўся, што Пятро партызан) не пойдзе ўдзень па адкрытым месцы. Але ўсё роўна пільна агледзеў наваколле — як акінуць вокам. Луг — не раўніна. Старыкі, азярыны, ямы, зараснікі, раучакі перасякаюць яго ўдоўж i ўпоперак. Але гэта не перашкаджае адчуванню надзвычайнай шырыні i прастору, ажно сапраўды тут заўсёды лягчэй дыхаецца.
Раптам Данік пацягнуў Сашу за руку да сябе:
— Вунь!.. Бачыш? На ўзгорку, дзе тры дубы… Бачыш?
Бляск расы сляпіў вочы, i Саша не адразу разгледзела постаць чалавека, што павольна ішоў да ракі.
Можа, дагэтуль яна не адчувала яшчэ ўсёй істотай сваёй, што Пеця так блізка, бо не бачыла яго сама, a толькі пачула ад Лялькевіча. A ўбачыла далёкую постаць i адчула менавіта так, усёй істотай: ён, Пеця, тут, наяве, а не ў сне, жывы, здаровы.
Яны пабеглі з Данікам яшчэ шпарчэй, наўпрасткі. Не скідаючы адзення, перайшлі ўброд старык, лезлі праз калючыя мокрыя кусты, абдзіраючы твар i рукі. Калі Саша адставала,
Данік цягнуў яе за руку:
— Хутчэй, Саша! Хутчэй! А то, калі яго чакаюць на беразе з лодкай… дык яны не будуць марудзіць… Шукай тады ix у зарэчных балотах… Што ветру ў полі…
Вось i след Пецеў! Толькі б захапіць яго на гэтым беразе! Можа, зноў паклікаць! Але рака — вось яна, ужо блішчыць шырокім плёсам у праменнях ранішняга сонца.
Сіратліва пахіліўся зламаны слуп ад ліхтара. Няма бакеншчыкаў, не загараюцца па вечарах агні, не ўзнімаюць хвалі параходы. Год назад замерла, сціхла тут жыццё. Толькі рака па-ранейшаму нясе свае воды, i нішто не можа спыніць яе магутнай плыні.
Саша i Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. I раптам Саша быццам спатыкнулася, застыла ў такой паставе, знясіленая, збялелая. Потым у роспачы плюнула:
— Тфу! Каму прыносіў шчасце поп!
Унізе, каля вады, сядзеў на вымытым чорным кражы дуба Аляксей Сафронавіч i паважна, не спяшаючыся, мурлыкаючы нешта пад нос, разматваў вудачкі.
— Які ён табе поп? — Данік пакрыўдзіўся за старэйшага таварыша, за чалавека, які, па сутнасці, стварыў ix падпольную арганізацыю, а папом зрабіўся для канспірацыі.
Калі расчараванне i здзіўленне мінулі, брат i сястра паглядзелі адно на аднаго, як бы раячыся: што рабіць? Схавацца, непрыкметна пайсці назад ці паказацца дзядзьку Аляксею на вочы! Як растлумачыць сваё з'яўленне тут?
— Трэба расказаць усю праўду. Стары павінен ведаць усё, — прашаптаў Данік.
Саша моўчкі згадзілася.
Данік кашлянуў.
Аляксей Сафронавіч, як кажуць, i вухам не павёў, бо жыў па закону: богаў служка нічога не баіцца зямнога, ніякая нечаканасць не можа яго спалохаць, збянтэжыць, вывесці з душэўнай раўнавагі. Ён закінуў вудачку, утыркнуў вудзільна ў гліністы грунт i толькі тады павольна павярнуўся, каб паглядзець на таго, хто кашлянуў за яго спіной. Але, калі ўбачыў Данілу i Сашу, куды дзеўся яго спакой! Упусціў банку з чарвямі, палез па гліністым адхоне ім насустрач.
— Што здарылася, дзеці? Чаму вы тут? Божа мой! — I схапіўся рукой за сэрца. — Няшчасце?
Данік зразумеў, пра што Стары мог падумаць, i паспяшаўся заспакоіць яго:
— Не, дзядзька Аляксей, нічога страшнага не здарылася. Прыходзіў Пятро. Сапраўдны Сашын муж. На досвітку. Убачыў у двары Уладзіміра Іванавіча, ударыў яго па твары i збег у лес… Мы шукаем яго. Сляды на луг вялі. З Халімонавай гары мы ўбачылі вас i падумалі, што ён… за раку адыходзіць…
Каваль апусціўся на вільготную траву, звесіўшы з абрыву ногі, выцер рукавом зрэбнай кашулі ўспацелую лысіну:
— Напалохалі вы мяне. Сядайце, адпачніце. У вас такі выгляд…
Яны селі побач.
Аляксей Сафронавіч узяў Сашыну руку:
— Уся дрыжыш, атракавіца. Яны — што, ведалі адзін аднаго?
— Сустракаліся разы два.
— Не моцная, значыцца, вера ў цябе ў Пятра твайго. Малады. Але нічога, ёсць любоў — будзе вера. Усё ў свой час. А ты, Аляксандра, узрадуйся, што жывы ён, твой благаверны… I калі так прыходзіў, то не толькі жывы, але i духам моцны i сэрцам чысты… Хіба мала з цябе гэтай радасці? Не пажадай адразу многа!..
Расплылася рака ў неабсяжнае мора, два доўгія i вузкія сонцы загойдаліся ў вадзе, i белая хмарка дзіўна закалыхалася, пераламалася — увесь свет пераламалі гарачыя слезы. Напоўнілі, затуманілі вочы i застылі там, не пырснулі, не закапалі, не пакаціліся па шчоках. Але як легка, як хораша зрабілася на сэрцы! Праз слёзы Саша паглядзела на дзядзьку Атіяксея, добрага, разумнага, разважлівага, i вінавата ўсміхнулася. Ён ласкава пагладзіў яе шурпатую ад застарэлых мазалёў руку. Яна падумала: «Сапраўды. Я год не ведала, дзе Пеця, што з ім. А цяпер ведаю, што ён жывы, што ён тут, з намі… Хіба мала такой радасці?» Прыемна было адчуваць спіной цеплыню сонечных праменняў i глядзець, як на плыні ракі нырае коркавы паплавок.