Шрифт:
— Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам.
— Ух, якая глыбокая філасофія!
— Cпi. — Саша ласкава правяла рукой па яго шчацэ, Пятро пацалаваў яе плячо.
Звычайна ён хутка засынаў, вось так прыпаўшы вуснамі да жончынага гарачага пляча. Але сёння не спалася. Чамусьці зноў перад вачамі стаяў Андрэй Запечка. Як жывы дакор яго, Пятроваму, спакою i шчасцю. А потым — Вольга з яе насцярожанасцю, самаахвярнай хітрасцю i прагным жаданнем пачуць добрае слова заспакаення.
— Ты папракаеш нас за нячуласць да людзей. Ты лічыш, што ў цябе ад ной сэрца баліць за ix пакуты. А сама ты… Завошта ты неўзлюбіла гэтую няшчасную Вольгу? Яна адчувае, i ёй горка…
— Ці не яна тая багіня, да якой ты бегаў пасярод ночы. — Голас адразу зрабіўся саркастычна-ўедлівы.
— Я сустрэў яе з Аўчаровым. Ён хоча ажаніцца. А яна баіцца, каб яго пасля не папракнулі…
— Недарэмна, відаць, баіцца.
— Ты бязлітасная. Няўжо, праўда, ты думаеш, што ўсе, хто быў там, паводзілі сябе… як ты думаеш…
— Не ўсе ехалі па добрай волі.
— А ты ведаеш, чаму яна паехала?
— Ведаю.
— Яна ратавала сяброўку.
— Ад чаго?
— Як ад чаго?
— За тое, што рабілі яны, медаляў не даюць. Спачатку круцілі з партызанамі, а потым знайшлі ход, каб адной i другой было добра.
— Дзе ім было добра!
— А то гаравала яна, Вольга твая! Прыехала выпешчаная, расфуфыраная. Воз нямецкіх анучак прывезла…
— Мяне здзіўляе твая суровасць. Нельга так, Сашок. Ты бачыш толькі знешні бок. Жыццё ёсць жыццё. Яно не спыняецца. I жывы думае пра жывое.
— Эх, як ты абараняеш ix, палявых гэтых ды паходных! «Жыццё ёсць жыццё», — сказала ціха, але са злосцю. — А што б ты заспяваў, каб я?.. A ў мяне, можа, большая, чым у каго, была мажлівасць… каб жыццё не спынялася… А я спыніла яго!
Закрануты чарговым напамінкам пра яго «грэх», абражаны недаверам — колькі можна папракаць? — Пятро вырашыў i ёй кінуць крыўднае:
— Ты кажаш гэта так, быццам шкадуеш, што не зрабіла,
як некаторыя…
Саша адказала не адразу. Але па дыханию яе Пятро адчуў, што паўза — небяспечная. Сцяўся, чакаючы.
— А што ты думаеш? I шкадую!
Як пляснула па твары. I рэзка павярнулася да яго спіною, нацягнула на галаву коўдру.
Не першы раз ужо так — нечаканыя i дзіўныя пераходы ад самых гарачых прызнанняў, шчырай блізкасці, ласкі i пяшчоты да папрокаў i нават сваркі, асабліва калі i ён «заводзіўся». Апошні час зразумеў, што самае лепшае — у крытычную хвіліну змаўчаць. Змаўчаў. Але ўсё адно было крыўдна. Да душэўнага болю. Няўжо яна не бачыць, як ён кахае? Няўжо не верыць? Чаму яна зрабілася такая? Да вайны, у маладой, у яе i следу не было гэтай бабскай рэўнасці. Наадварот, яна з яго смяялася, называла рэўнасць перажыткам, якога інтэлігентны чалавек павінен саромецца. Чаму ж яна цяпер не саромеецца? Нават пры людзях. Мы пастарэлі, але са сталасцю прыходзяць мудрасць i спакой. Ва ўсім Саша разумная i спакойная, акрамя гэтага свайго пачуцця. Дзіўна. Зрабіць i ёй балюча? Не, не можа ён. Паспрабаваць памірыцца? Было ўжо так, што пасля сваркі i нават слёз зноў наступалі хвіліны пяшчотнай блізкасці, i яны былі не менш радасныя.
Не, сёння мірыцца так хутка не хочацца. Няхай бачыць, што ён абражаны.
Пятро таксама адвярнуўся.
Месячык свяціў у акно. На падлозе ляжалі светлыя прамавугольнікі зашклёных шыб — два каля самага ложка i два бліжэй да акна, а пасярод — чорна: сярэдзіна рамы забіта фанерай. Пад печчу вядзе сваю нудную песню цвыркун. Яго, звыкшыся, не чуеш, калі засынаеш са спакойнай душой, задаволены ўсім. Цвыркун раздражняе, калі настрой вось такі i не спіцца. Загаварыла спрасонку малая. Дзіця напомніла пра сябе — неяк адразу зрабілася лягчэй i святлей.
VI
Раптоўна захаладала, як гэта часта бывае вясной. Пасля амаль летняй цеплыні, што трымалася яшчэ ўчора, — зусім асенняя слата. Дождж, які ішоў «перагонамі», на працягу дня колькі разоў пераходзіў у «зарады» снегу.
Пятро раней прапаліў у грубцы, наварыў супу — не з-за вялікай любові да гэтай стравы, а з-за эканоміі: пяць дробных бульбін, жменя пярлоўкі, цыбуліна i маленечкі, на дзюбе нажа, кавалачак масла, якое Саша купіла Ленцы. А суп — слінка цячэ ад паху аднаго.
Чакаў Сашу. Дзе яна ходзіць у такую непагадзь? Хворыя — вялікія эгаісты, думаюць толькі пра сябе, а фельчарыца здаецца ім няспыннай, нястомнай машынай, яе можна выклікаць у любы час дня i ночы, адрываць ад хатніх спраў, ад дзіцяці, ад мужа. Пятро ўжо неяк пратэставаў — патрабаваў, каб Саша прывучала людзей да парадку.
«Ты ж не "хуткая дапамога"».
Яна павесіла на дзвярах медпункта аб'яву: гадзіны амбулаторнага прыёму, гадзіны наведвання хворых дома. Але ад гэтага ёй не зрабілася лягчэй. Не можа яна не пайсці да хворага, асабліва калі выклікаюць да дзіцяці. А дзяцей хварэе многа, бадай, больш, чым зімой. Аслабленыя, босыя, раздзетыя, яны легка прастуджваюцца на падманна-цёплым вясновым ветры. У Панізоўі ўспыхнула дыфтэрыя. Саша трое сутак не з'яўлялася дадому — працавала з эпідэмгрупай. I цяпер яшчэ дрыжыць за Ленку. Усё, у чым наведваецца да хворых, скідае ў медпункце.