Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Папрок быў жорсткі, крыўдны.

Ён, Пятро, таксама ўспыліў:

— Ну, ты Булатава так не абзывай. Яго паставілі на самы адказны ўчастак — вартаваць дзяржаўную бяспеку. I яму відней. Без прычыны ў нас не арыштоўваюць. Ёсць закон.

— Закон ёсць. Ды багіня гэтая, пра якую ты чытаў,— як яе? — спіць, відаць. Шпіёна знайшлі! Сам чуць жывы вярнуўся, жонка эпілепсію нажыла, уцякаючы ад немцаў…

Расхваляваная Саша, не даеўшы бульбы, імкліва паднялася, накінула на плечы сваю старэнькую шарсцяную кофтачку, загадала:

— Прыбярэш са стала, памыеш талеркі! — i выйшла.

Апошні час яна часта так рабіла — выходзіла, калі адчувала, што яны могуць пасварыцца. Можа, гэта i разумна, бо пасля сваркі вельмі ж нядобра на душы. Аднак усё адно гэтыя імкліва нечаканыя жончыны выхады (аднойчы нават у гасцях яна вось так пакінула яго) крыўдзілі Пятра, абражалі. Здавалася, што Саша выяўляе гэтак сваю знявагу да яго. Лепш няхай бы ўжо сварылася. Але тут сварыцца ім не было з-за чаго. Наконт гэтага няшчаснага Запечкі ён цалкам згодзен з Сашай. Ды i наконт Булатава згодзен — гад. Нельга так гаварыць з людзьмі, як гаворыць ён, быццам усе яны падсудныя.

У душы згодзен. А выказаць сваю згоду нават жонцы не адважыўся. Пачаў абараняць. Чаму? Навошта?

«Не, тут нешта не так. Вельмі ж ужо гэта непраўдападобна — шпіён. Тайны бяспекі тайнамі, а я, сакратар, павінен ведаць, за якую канкрэтную віну арыштавалі чалавека, — думаў Пятро, блукаючы па начным садзе. — Трэба пагутарыць у райкоме, з сакратарамі, з Анісімавым, з Лялькевічам».

«Закон ёсць, — прыгадаў ён Сашыны словы. — A багіня… Феміда спіць… Феміда? Але, — ён узрадаваўся, што так легка ўспомніў багіню, якая вартуе закон. — Вось цяпер яна не забудзецца ніколі — ні да экзаменаў, ні пасля зкзаменаў. Але не экзамены галоўнае. А што галоўнае? Каб Феміда не спала? Што галоўнае ў маім жыцці? У тваім, Саша? У нашым?»

У крайнім двары, вельмі блізка, Пятро аж уздрыгнуў ад нечаканасці, галасіста закрычаў певень. Як каравульны — даў сігнал. I адразу ж яму адгукнуўся адзін, другі… I так — далей, далей, быццам перадавалі эстафету: ад хлява да хлява, з вёскі ў вёску. Праз хвіліну ўсё наваколле звінела ад рознагалосых «ку-ка-рэ-ку!». Пеўні спявалі i тут, у старым парку, i каля школы, каля ix дома, на калгасным двары.

Пятро адразу павесялеў.

«Ого, жывём! Колькі ix развялося пасля нямецкіх кураедаў!»

Мабыць, разбуджанае пеўнямі, жаласна заржала ў канюшні жарабя. Яно адзінае ў калгасе — прадмет асаблівай любові i клопату Панаса Грамыкі.

У ліпавых прысадах, што ідуць уздоўж агароджы, ад якой асталіся толькі рэшткі белых цагляных слупоў, нечакана — спрасонку, ці што? — адгукнуўся салавей. Вунь дзе ён!

Пятро рушыў прысадамі.

Падняўся месячык, i ў парадзелым за вайну парку, дзе не ўсе яшчэ дрэвы зазелянелі, пасвятлела. Цень ад старых ліп, суцэльны, чорны, падаў на кусты, што параслі ў канаве каля былой агароджы, на пясчаную дарогу.

Модна пахла крапівой. Яе, маладую, ірвуць тут на боршч. Саша таксама варыла боршч з крапівы. Нічога, можна есці. Каб яшчэ хоць маленечкі кавалачак мяса ды лыжка смятаны, то была б страва — лепшай не трэба.

На ўцалелай каменнай лавачцы сядзела пара. Ён i яна выказвалі адно аднаму свае пачуцці працяглым пацалункам.

Пятро застыў на месцы — каб не спалохаць. Няхай цалуюцца. Людзі заваявалі гэтае шчасце — цалавацца, жаніцца, нараджаць дзяцей.

Але закаханыя нейкім чынам адчулі, што нехта старонні глядзіць на ix. Адхінуліся адно ад аднаго. Падхапіліся.

— Не саромейцеся. Справа жыццёвая, — сказаў Пятро, праходзячы.

Ён пазнаў i хлопца i дзяўчыну. Цёзка яго, Пеця Аўчароў — сяржант, разведчык, малады камуніст. Гэта пра яго некалі казаў Грамыка: Аўчароў адзін з маладых, хто, вярнуўшыся дадому з заслугамі, з партыйным білетам, не пайшоў шукаць доўгага рубля, астаўся ў калгасе, на конях працуе — арэ, сее. Па дзве нормы хлопец выганяе. А потым, значыцца, яшчэ ноч сядзіць тут, у парку. Маладосць! Пятро ўздыхнуў i сам сабе засмяяўся: стары! Сказаў, як добры дзед: «Справа жыццёвая». Ці даўно сам такі быў? Бегаў на спатканне за трыццаць кіламетраў. На Вольгу Бандарэнка не адзін хлопец вока кідае. Ды i жанатыя заглядваюцца. Красуня. Адзета заўсёды па-гарадскому — прывезла адзенне з Германы. Шкада толькі, што, кажуць, паехала яна туды сама.

— Пятро Андрэевіч, — Пеця нячутна дагнаў яго, далікатна крануў за плячо, — пасядзіце з намі хвілінку.

Шапятовіч здзівіўся, пажартаваў:

— Навошта я вам? Я на вашым месцы абыходзіўся без сведкаў.

— Пагутарыць хочам, — сур'ёзна папрасіў хлопец.

Пятро вярнуўся, сеў побач з Вольгай, настройваючы сябе на жартаўліва-вясёлую размову. Але закаханыя збянтэжана змоўклі, i яму таксама зрабілася ніякавата. Убачыў, як Пеця ўпотай цісне дзяўчыне руку, быццам заклікае: «Трымайся!» — зразумеў, што размова ў ix сур'ёзная, а таму сур'ёзна, з нейкай нават насцярожанасцю чакаў: хто з ix пачне i пра што тут пойдзе гутарка?..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 175
  • 176
  • 177
  • 178
  • 179
  • 180
  • 181
  • 182
  • 183
  • 184
  • 185
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: