Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Маёр сурова нахмурыўся:

— Што за смех? Хто смяяўся?

Строй застыў.

— Хто смяяўся?

— Я! — адгукнуўся зараджаючы чацвёртай гарматы Павел Кныш, здзівіўшы ўсіх: бадай што самы сур'ёзны i стрыманы курсант, старэйшы па гадах за іншых, нават за камандзіра батарэі. Ён, як настаўнік, карыстаўся колькі год адтэрміноўкай ад прызыву ў армію. Што здарылася з ім?

— Два крокі ўперад, марш!

Кныш выйшаў ca строю.

— З чаго смяяліся?

— Вінаваты, таварыш маёр… Я ўспомніў, што наш сяржант даў каманду: «Газы»… пасля таго, калі вунь там, за пазіцыяй, упала бомба. А цяпер я ўбачыў, што бомба гэтая разнесла, прабачце… прыбіральню.

Усе павярнулі галовы туды, дзе стаяла батарэйная прыбіральня, i нечакана… строй грымнуў рогатам. Маёр таксама засмяяўся. Ажно слёзы заблішчалі ў вачах. Выціраючы ix, праз смех сказаў:

— Газы? Ах, чортавы дзеці! Але i газы могуць быць!

Толькі лейтэнант Купанаў гідліва зморшчыўся. Ды яшчэ адзін чалавек не ўсміхнуўся нават — я. Было не да смеху. Я не разумеў, як можна рагатаць з такога глупства, калі ў твар табе глядзіць смерць.

Калі чысцілі гарматы i рыхтавалі новы камплект боепрыпасаў, у мяне нечакана з'явілася думка — пачаць зноў весці дзённік. Некалі да арміі, у тэхнікуме, я акуратна запісваў усе падзеі свайго студэнцкага жыцця. Тут, на батарэі, кінуў — замяніў пісьмамі да Сашы, якія пісаў кожную вольную хвіліну (хоць хвілін такіх было нямнога), кожны святочны дзень, i нават прасіў дазволу ў камандзіра рабіць гэта ў «мёртвую гадзіну», пасля абеду, калі ўся батарэя адпачывала. А цяпер… ці будуць цяпер даходзіць мае пісьмы ў родную далячынь? Ды i не ўсё можна напісаць, цяпер вайна. А мне хочацца, каб Саша, мая Саша, i мая дачка калі-небудзь даведаліся, як я пачаў вайну, з якімі думкамі жыў гэтыя дні… Я веру, што, калі загіну, знойдзецца добрая душа i перашле дзённік Сашы. Дарагі таварыш, калі трапіць у твае рукі мой дзённік, вельмі прашу выканаць мае жаданне, адрас запісаны на многіх старонках гэтага сшытка.

I вось я пішу… Можа, залішне падрабязна апісаў наш першы бой з нямецкімі самалётамі, бой, пра які хочацца забыцца, не ўспамінаць, ды, напэўна, ніколі, да смерці, не забудзеш. Пішу, прымасціўшыся ў гарматным катлаване, за снараднымі скрынкамі, ад якіх пахне дрэвам i маслам. Батарэя адпачывае. Цішыня. Неверагодная цішыня навокал. Нават чамусьці не чуваць шуму гідрастанцыі. Толькі Паўлюк парушае цішыню сваім моцным храпам. Ды зрэдку перакідваюцца паміж сабой словамі разведчыкі. Цяпер ix двое — сочаць за небам, аглядаюць яго празрысты блакіт у вялікія біноклі. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Дзве гадзіны ночы. Я зайздрошчу сябрам, якія здолелі заснуць пасля ўсяго, што адбылося. Не, не ўсе заснулі…

25 чэрвеня

Уночы, калі я пісаў, да мяне падышоў Сеня Пясоцкі, мой лепшы друг. Мы пасябравалі яшчэ ў дарозе, у цяплушцы, калі нас везлі з Гомеля сюды, на Поўнач. Разгаварыліся, i высветлілася, што ён добра ведае Сашу, што маці яго — тая ўрач Марыя Сяргееўна, пра якую расказвала мне Саша з павагай, з гордасцю за сваю дружбу з гэтай жанчынай. Праўда, я трохі быў насцеражыўся, калі Сеня пачаў хваліць Сашу, нават варухнулася раўнівае пачуццё: ці не закаханы гэты хлапчук у маю жонку? Але потым я зразумеў, што захапляцца людзьмі, хваліць ix больш, чым трэба, — рыса яго характару. У армію яго ўзялі са школьнай парты, ён толькі скончыў дзесяць класаў. I на выгляд Сеня быў яшчэ дзіця, вучань: маленькі, худзенькі, з тонкім, як у дзяўчыны, голасам, з вялікімі вачамі, у якіх вельмі выразна адбіваўся яго настрой, з маленькімі, смешна адтапыранымі вушамі. Помню, у вагоне яму казалі: «Хлопчык, пасунься, дай месца. Хлопчык, збегай па ваду». Ён вінавата ўсміхаўся i паслухмяна ўсё выконваў. Але на батарэі даволі хутка Сеня заваяваў агульную павагу за сваю сардэчнасць i надзвычай шырокія веды. Яго так i называлі — «эрудыт». Эрудыцыя гэтая спалучаецца ў яго з рамантычнай, крыху наіўнай юнацкай узнёсласцю. Я палюбіў яго, мы сталі, як кажуць, неразлучнымі сябрамі.

Сеня падышоў непрыкметна. Я ўбачыў яго, калі ён сеў на бруствер, амаль над галавой у мяне, правільней — не ўбачыў, a адчуў i адразу пазнаў — хто. Не вельмі сумеўся ад таго, што мяне захапілі ў такі незвычайны час за такім дзіўным заняткам (бадай, нікому не прыйшло ў галаву пісаць адразу ж пасля бою). Я напісаў яшчэ некалькі слоў, потым загарнуў сшытак, глянуў на друга. Як завастрыўся яго твар, як запалі яго вялікія вочы за тры дні.

— Што ты пішаш? — спытаў ён шэптам.

Я падняўся, абапёрся на бруствер каля яго ног i даверліва прызнаўся:

— Дзённік.

— Дзённік? — Ён здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік.

— Ты думаеш, могуць забараніць? — устрывожыўся я, верачы, што Сеня ўсё ведае.

Ён падумаў.

— Не, забараняць бадай што не будуць. Але навошта табе? Я не люблю дзённікаў. У ix хлусяць…

Я сціснуў яго калена i горача зашаптаў:

— Не, я напішу праўду. Напішу ўсё, што перажыў, што перадумаў… Я пішу для Сашы, а ёй я ніколі не хлусіў. Я хачу, каб тады, калі мяне не стане…

— Пеця! Выкінь з галавы дурныя думкі.

— Ты думаеш, мы выйдзем жывыя з гэтага пекла?

— Ніхто не ведае, хто загіне, хто будзе жыць. Але ўсе мы павінны думаць пра жыццё. Інакш які сэнс у змаганні? Каб перамагчы…

— Усё гэта правільныя словы, Сеня. Але ў мяне прадчуванне…

— Глупства. У цябе проста страх. Думаеш, у мяне, у другіх хлопцаў няма яго? Але мне здаецца, што я пачынаю перамагаць гэтае агіднае пачуццё. Пасля сённяшняга бою…

— Бой! Які гэта бой! Пасля яго я адчуваю сябе яшчэ горш! Як мы стралялі! Ганьба!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: