Шрифт:
Саша адразу ж пасля абеду пайшла на ферму, каб пагутарыць з гаспадыняй. Яна ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч — яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Але рашучасці ў Сашы хапіла толькі, пакуль не ўбачыла гаспадыню. Ані яна сказала далікатна і сарамліва:
— Вы не думайце, Аня… Я заплачу вам за ўсё, пакуль будзе… брат…
Хітрая жанчына прыкінулася здзіўленай і добрай.
— А хіба я, Шурачка, кажу што? Эх! Ды няхай будзе месяц. Колькі хоча… Чалавек добры, ціхі… Хіба ён мне замінае? Я заўсёды гасцям рада. Толькі вось што час такі — хвіліны вольнай не маю…
— Але каб было не так… — Яна хацела сказаць «не так, як сёння», ды зноў не адважылася. — Ён… госць, Аня… Каб мне сорамна не было…
— Эх, Шурачка! Хіба вы мяне не ведаеце? Мне ажно крыўдна слухаць.
Саша не сказала Пятру, куды пойдзе, а па дарозе з фермы яе дагнаў спалоханы малады чалавек на фурманцы, ён ехаў па яе — кепска жонцы. І Саша, не папярэдзіўшы Пятра, паехала ў суседнюю вёску. Яна думала, што доўга не затрымаецца там.
Пятро, у якога і без таго было пагана на душы, гадзіны дзве трываў: сядзеў у хаце і прымушаў сябе чытаць, хоць часцей, чым у часопіс, пазіраў у акно і прыслухоўваўся да крокаў у двары, да стуку весніц — ці не ідзе Саша? Але далей ён не мог сядзець і чакаць. Ён выскачыў, заглянуў у амбулаторыю — замок, у сад — пуста. Спытаў у дачкі гаспадыні, ці не ведае яна, куды пайшла цёця Саша.
— Цёця Шура? Відаць, да хворага паклікалі, — зусім па-даросламу заспакоіла малая.
Але яго чамусьці ўзлавала, што ўсе завуць яе Шурай. Ён не любіў гэтага яе імя і злосна сказаў дзяўчынцы:
— Не Шура, а Саша. Запомні гэта.
— А ўсе завуць — Шура.
— Усе — дурні.
Дагэтуль ён неяк саромеўся паказвацца на людзі, а тут смела пайшоў па вуліцах вёскі, заглядваючы ў вокны. Магчыма, яна дзе-небудзь у адной з гэтых хат? Можа, убачыць яго з акна, выйдзе і растлумачыць, чаму знікла? Дзе яна? Што робіць?..
Калі надышоў вечар, сцямнела, у хатах запаліліся агні, незразумелы неспакой перарос у вельмі зразумелую страшэнную рэўнасць. А няма пакут цяжэйшых за пакуты рэўнасці! Пятро бегаў каля кватэры і амбулаторыі, не ведаючы, што рабіць, куды яшчэ кінуцца ў гэтай чужой вёсцы, сярод чужых людзей, якія — здалося яму — усе, як гаспадыня, ставяцца да яго непрыязна, варожа. Ад думкі, што Саша цяпер, магчыма, на спатканні з другім, у яго цямнела ў вачах, ён стагнаў, як ад болю, і паўтараў самыя бязлітасныя словы, якія скажа ёй. Ён успамінаў размову, якая ўдзень так узрадавала яго, і пераасэнсоўваў цяпер кожнае Сашына слова. «Ага, дык вось чаму ты сказала: «Мне здаецца, што мы ніколі не будзем разам». Цяпер мне зразумела, чаму табе так здаецца! І ты яшчэ хаваешся за прыгожыя ідэалы! Недарма хлопцы казалі, што вы ўсе такія… Не, не! Саша, мілая… Я веру табе! Ты не такая… Ты шчырая, ты добрая… Але дзе ты? Куды ты падзелася? Навошта ты здзекуешся з мяне?»
Гаспадыня паклікала яго вячэраць. Ён адмовіўся. «Падавіся ты сваёй вячэрай, скнара гэтакая».
Раптам і паводзіны гаспадыні Пятро звязаў са знікненнем Сашы. «Мабыць, сваяк нейкі яе… Таму яна і хоча хутчэй выжыць мяне… Я пайду, пайду… Але вы яшчэ ўспомніце мяне! — невядома каму пагражаў ён і, зноў расчулены, апраўдваў Сашу: — Глупства гэта ўсё. Не можа Саша так крывіць душой. Не такая яна… Але чаму яна не сказала, куды пойдзе? Чаму?»
З такімі думкамі ён прасядзеў каля амбулаторыі да позняй ночы, пакуль у вёсцы не патухлі ўсе агні. Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Адчуўшы, што холадна, ён пайшоў у хату. Праз кухню прайшоў не цішком, каб не разбудзіць гаспадыню, а знарок шумна, грукнуўшы дзвярамі. Лёг пад коўдру, але не мог ні сагрэцца, ні заснуць. Яго калаціла, як у ліхаманцы, і ён наіўна думаў, што добра было б сапраўды захварэць — на злосць ёй…
Саша вярнулася амаль на світанні. Яна зайшла нячутна і на дыбачках кралася да свайго ложка.
Ён спыніў яе гучным запытаннем:
— Дзе ты была?
Яна ажно ўздрыгнула ад нечаканасці:
— Ты яшчэ не спіш? Цішэй.
— Дзе ты была? — Голас яго задрыжаў ад перажытых пакут, болю і крыўды.
— У хворай.
— Да раніцы — у хворай! — Ён хмыкнуў зняважліва, злосна.
— Дзівак ты! У здаровай. Прымала роды… Хлопчык!..
— Роды?! — І адразу куды дзеліся ўсе яго шматгадзінныя сумненні, расчараванні. Зноў вярнулася адчуванне шчасця, спакою. Ён лёгка ўздыхнуў і нават ціха засмяяўся. У сэрцы яго апрача кахання з'явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэнні чалавека, пры якім яму, дарожнаму тэхніку, напэўна, ніколі ў жыцці не прысутнічаць! Не, яна не толькі прысутнічала, яна памагала нарадзіцца чалавеку, без яе магло б здарыцца няшчасце. Вось якая яна, яго Саша! І яму зрабілася вельмі сорамна і брыдка за сваю рэўнасць. Які ён дурань! Так кепска думаць пра Сашу! Ён тут жа пакляўся сам сабе, што ніколі-ніколі ў жыцці больш не падумае пра яе нічога благога…
— Даруй, Сашок, — ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі.
— Завошта?
— Я лаяў цябе, што ты сышла немаведама куды.
— Ты прабач, што я не папярэдзіла. — Яна падышла і дакранулася далоняй да яго гарачай галавы. — Спі.
Ён схапіў яе руку і… прыпаў вуснамі да яе халодных ад эфіру, спірту і начной вільгаці пальцаў.
Здавалася, кончыліся ўсе непрыемнасці, надышоў час бязвоблачнага шчасця. Але адна рэч — юнацкі розум, які здольны быў разважліва ацаніць усе падзеі, зразумець і прымірыцца нават з прагнасцю гаспадыні, і зусім іншая рэч — юнацкія пачуцці, над якімі розум часам не мае ніякай улады. Пятро пакляўся ўначы, што ніколі ў яго сэрцы не будзе такога агіднага пачуцця, як рэўнасць, і што ён не будзе звяртаць увагі на гаспадыню і, на злосць ёй, будзе жыць паўмесяца, а то і больш (заняткі, у сувязі з практыкай, у іх пачыналіся на месяц пазней — у кастрычніку). Але ўсе гэтыя клятвы і перакананні мелі сілу нядоўга — да раніцы, пакуль ён спаў. А потым зноў пачаліся непрыемнасці, і зноў з-за гаспадыні.
Колькі яшчэ ў нас выпадкаў, калі шчырае каханне, самыя лепшыя пачуцці і жаданні разбіваюцца аб вострыя скалы матэрыяльнага разліку, скнарасці ці проста чалавечай дурноты. Калі такія людзі стануць на дарозе да твайго шчасця, юнак, смела падымайся над імі: у такім выпадку ты маеш поўнае маральнае права зрабіць гэта і, стаўшы над імі, спіхай іх прэч з дарогі, не зважаючы ні на што — ні на іх сівыя валасы, ні на словы любві да цябе… Праўда, абставіны звычайна складваюцца так, што гэта вельмі нялёгка зрабіць. Але знайдзі ў сябе сілы, бо гэта адзіная магчымасць ратаваць сваё шчасце, інакш яго растопчуць, забрудзяць.