Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Люба чырванела ад задавальнення — любяць дзяўчаты, каб іх хвалілі! Пятро — ад прыкрасці за свае паводзіны і ад таго, што ён раптам, глянуўшы іншымі вачамі, убачыў, якая Люба непрыгожая: жоўтыя вочы, шырокія ноздры, вяснушкі на носе і пухлых шчоках, простыя і нейкія бясколерныя валасы.

— А сумаваць ты ў нас не будзеш. Хочаш, давай па грыбы сходзім. У нас тут вельмі многа баравікоў. Ты любіш збіраць грыбы? Я дык страх як люблю! Пойдзем?

— А табе ж на работу!

— Ат, кажуць, работа не воўк, у лес не ўцячэ. Напрацуюся яшчэ. А грыбоў не стане. Чорт не схопіць гэтых хворых.

Яна не разумела, што такімі разважаннямі аб рабоце ставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча перад гэтым рамантычна настроеным і сумленным хлопцам. Ён слухаў яе і думаў пра Сашу, пра яе працу. І тое, што Саша цэлымі днямі не бывала дома, праз што ён раўнаваў, пакутаваў і зрабіў глупства, уяўлялася цяпер як высакароднае служэнне справе.

Аднак Любе ўсё-такі ўдалося ўгаварыць яго пайсці па грыбы, і яны прахадзілі па лесе гадзін да трох дня. Грыбоў сапраўды было шмат. Але больш часу яны патрацілі на дзіўную гульню: Пятро стараўся як-небудзь адысці ад Любы, якая ўсё больш і больш рабілася яму абрыдлай, і паблукаць аднаму, памарыць, падумаць, а яна ні на крок не адставала, быццам баялася, што ён уцячэ. І напэўна б уцёк, каб зноў не партфель, які яму не ўдалося ўзяць з сабой.

Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Вярнулася крыху ўсхваляваная і паведаміла:

— Перадавалі па радыё, што Гітлер напаў на Польшчу. Там ваююць… Дзядзькі баяцца, каб на нас не пайшоў… Кажуць, што ён хоча забраць Польшчу, каб да нашай граніцы дайсці.

— Што ты?! Мы толькі дагавор заключылі! Такі дагавор! Аб ненападзе і дружбе!

Паведамленне пра вайну ў Польшчы ўсхвалявала Пятра, але зусім па-іншаму: ён, як і шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу і лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне. Гаспадыня спалохалася больш за ўсіх — за мужа-салдата. Ёй хацелася хутчэй даведацца, што гавораць людзі старэйшыя, паважаныя, і яна пабегла ў сельсавет. Выкарыстаўшы, што яны засталіся адзін на адзін, Люба без дзявочай сарамлівасці абняла Пятра.

— Ведаеш, Пеця, я баюся, каб мяне не ўзялі ў армію.

Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў. Ён, як і ўсе яго сябры, лічыў службу ў арміі за гонар і з нецярплівасцю чакаў, калі яго прызавуць. Як жа ён мог паважаць чалавека, які баіцца арміі? Люба стала яму з гэтага моманту проста ненавіснай, і Пятро сур'ёзна задумаўся, як хутчэй пайсці адгэтуль. Дзіўная рэч! Тады, калі ён адчуў сябе пакутнікам, абражаным і прыніжаным, у яго хапіла рашучасці пайсці ад любага чалавека, а цяпер гэтай рашучасці не было: не мог ён на ласкавасць і цеплыню адказваць няўдзячнасцю і грубасцю нават чалавеку абрыдламу. Але і заставацца больш ён не мог тут, а таму вырашыў уцячы тайком, без тлумачэнняў.

Гаспадыня вярнулася заспакоеная і зноў, прыветлівая, гаманкая, завіхалася па хаце, гатавала, мяркуючы па пахах, даволі смачны абед. Любу паклікалі да нейкай хворай дзяўчынкі. І Пятро выкарыстаў гэты момант. Выйсці з партфелем з хаты, не сказаўшы слова гаспадыні, было немагчыма. Тады ён зрабіў інакш: непрыкметна ўсунуў у партфель кепку, гэтак жа непрыкметна адчыніў акно на вуліцу і паклаў на падаконнік партфель. З хаты выйшаў як быццам прагуляцца. Пастаяў перад акном, пакуль не адвярнулася гаспадыня і не апусцела паблізу вуліца. Ціха ўзяў з падаконніка партфель і, азіраючыся, як злодзей, шмыгнуў у першы завулак. Вельмі баяўся сустрэцца з Любай, бо не ведаў, у які бок яна пайшла. Але яму пашанцавала: без прыгод ён дабраўся да лесу, абышоў па лесе вёску, выйшаў да Сожа і на рыбацкай лодцы пераправіўся на другі бок. Там, на лузе, ён адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена.

IV

Мінулі восень і зіма. Для Пятра час гэты праляцеў хутчэй і весялей, чым для Сашы. Ён зноў ездзіў на практыку, самую адказную, пераддыпломную, і ездзіў у цікавае месца — у толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь, амаль на самую мяжу, дзе будаваўся ладны ўчастак важнай дарогі. Паездка была ганаровая — не ўсіх туды паслалі, толькі траіх, самых надзейных і актыўных камсамольцаў. Там усё было незвычайнае: людзі, якія дваццаць год пражылі ў няволі, іх расказы аб барацьбе, звычаі, вечарынкі моладзі, якія сябры наведвалі ў вёсках, сама практыка амаль на ваенным аб'екце, блізкасць мяжы, за якой стаялі немцы… Усё гэта хвалявала маладую цікаўную натуру Пятра, рабіла жыццё разнастайным, багатым на ўражанні, многа было нечаканых сустрэч, новых захапленняў. У гэтым водавароце ён часам забываўся на Сашу і пісаў ёй рэдка: разы два ў месяц, па сутнасці, толькі адказваў на яе пісьмы, хоць раней пісаў амаль штодзень. Увогуле ён стаў больш стрыманы ў сваім каханні і, апраўдваючы сябе, лічыў гэта за адзнаку сталасці. Але хутчэй за ўсё гэта была юнацкая самаўпэўненасць.

Саша напісала першая пасля таго, як ён так нечакана і з крыўдай пайшоў ад яе. Ён прыйшоў у Гомель і атрымаў пісьмо — стрыманае, але ласкавае, добрае, у якім яна па-сяброўску шчыра і па-даросламу мудра раіла не звяртаць увагі на дробязі, калі толькі ў сэрцы ёсць сапраўднае каханне. Ён узрадаваўся і адразу забыўся на ўсе свае крыўды. Але разам з гэтай радасцю прыйшоў той самаўпэўнены спакой, які часта губіць нават гарачае пачуццё.

Раней ён ніколі не расказваў сябрам пра Сашу. Два гады тыя ведалі, што ён амаль кожны вечар бегае на спатканні да нейкай Сашы ажно некуды ў Залінейны раён, але ніхто з іх ні разу не бачыў яе. Цяпер ён расказваў пра яе ахвотна і многа, паказваў маленькую фотакартачку, якую яму ўдалося атрымаць ад яе, і называў «мая Саша». Ён у размовах быццам бы выхваляўся, што і ў яго ёсць дзяўчына, як і ў кожнага з яго сяброў. Аднак, кажучы «мая Саша», ён цяпер значна менш, чым раней, думаў пра тое, што калі-небудзь яна будзе яго жонкай. Ва ўсякім разе, у яго не было жадання ехаць у вёску другі раз, тым больш што Саша жыла ў той самай гаспадыні і зноў у пісьмах хваліла яе. Гэта яго крыўдзіла, бо гаспадыню ён ненавідзеў. Настаўніка, да якога прыраўнаваў, Пятро ўспамінаў рэдка і нават забыўся імя яго. Але каб ён ведаў, што гэта сапраўды такі сур'ёзны сапернік, то, безумоўна, адчуваў бы і думаў інакш і не быў бы такі заспакоены. Мы заўсёды кахаем мацней, калі адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае.

У Сашы гэтыя месяцы жыццё было больш аднастайнае. Але яна таксама не сумавала. Смутак — занятак гультаёў, а дзяўчына працавала ўдзень, вучылася ўвечары: марачы аб інстытуце, яна паступіла ў дзесяты клас вячэрняй школы і хадзіла штодзень за шэсць кіламетраў у суседняе мястэчка. Акрамя таго, у яе таксама былі сябры і лепшы сярод іх — Уладзімір Іванавіч. Ён запрашаў яе на школьныя вечары, на танцы ў клубе, на лыжныя кросы. У доўгія зімовыя вечары, калі не было заняткаў у школе, прыходзіў да яе на кватэру, але заўсёды з сябрам-настаўнікам. Саша ні аб чым не здагадвалася, а ён не гаварыў пра свае пачуцці. Толькі аднойчы спытаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: