Шрифт:
— Ды ну вас! Што там красці! — хіхікнуў Муха. — Самі цікавіліся, што ён увесь час піша. Вось я i хацеў зірнуць…
— Ах ты, сукін сын! — зноў загудзеў Астахаў.— Выходзіць, мы вінаваты? Мы на словах цікавіліся, але не палезлі ў ранец…
— Ды чытаць чужыя пісьмы — гэта горш, чым красni! — горача даводзіў Чарняк.
— А гэта не пісьмы.
— Не разумею я, Муха, ці ты дурань, ці хам…
— А ён сумяшчае i тое, i тое…
— Ну, ну…
— Не «нукай», я табе не конь… Складзі ранец i пакладзі на месца, пакуль камандзір не вярнуўся. А то будзеш чырванець перад строем…
На хвіліну стала ціха. Муха, відаць, выконваў загад Астахава. Потым пачуўся яго нязлосны, бурклівы голас:
— Падхалімы вы.
— Што ты сказаў? — зашыпеў Астахаў.— Паўтары!
— Пусці,— спалохана папрасіўся Муха.
— Кал i ты не ведаеш, колькі важыць мой кавальскі кулак, то магу паказадь.
— Не чапай ты, Павел, яго — смярдзець будзе, — прымірэнча сказаў Чарняк.
Прызнацца, дагэтуль я крыху баяўся, што хто-небудзь прачытае мой дзённік. Праўда, ад гэтага засцерагалі неразборлівы почырк i беларуская мова, якую ведаў адзін Чарняк. Але засцярога гэта не такая ўжо надзейная. Цяпер я супакоіўся: на варце маёй тайны стаяць добрыя, шчырыя хлопцы. A намеснік мой — Муха — сапраўды нікчэмны чалавек. Ніякага аўтарытэту не мае. Трэба папрасіць, каб намеснікам зрабілі Астахава. Але Малашкін моцна падтрымлівае Муху. Зноў будзе крычаць, што я не ўмею выхоўваць людзей. Ды i не люблю я нагаворваць на сваіх. Няхай будзе Муха!
Нехта нячутна падышоў i горача дыхнуў мне ў вуха. Я спалохана адхіснуўся, але зірнуў i засмяяўся. Гэта — Лёша, наш батарэйны алень. Я ласкава абняў яго за шыю. Ён палізаў мае рукі, панюхаў сшытак i таксама хацеў лізнуць, пачухаў бок аб камень.
Цікавае стварэнне!
Ён прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой i, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Ішло нават своеасаблівае спаборніцтва паміж разлікамі — хто заваюе яго любоў. Мае хлопцы клянуцца, што яны трымалі першынство, што да ix у Лёшы была самая гарачая любоў, што ён нават начаваў у катлаване нашай гарматы. Гэтак жа, прыкладна, гаварылі i другія разлікі. Толькі прыборшчыкі не маглі пахваліцца — ix алень чамусьці не любіў. Але вайна ўсё змяніла. Першыя стрэлы моцна напалохалі няшчасную жывёліну: Лёша пачаў абыходзіць гарматы i пазбягаць сваіх старых сяброу.
Дзіўна ён паводзіць сябе цяпер. Цішыня — мірна пасецца дзе-небудзь за агнявой пазіцыяй, у нізінцы, паміж каменнямі; яго ўжо двойчы гараджане намерваліся ўкрасць і ён, як бы ведаючы гэта, ніколі не адыходзіць далека ад батарэі. Трывога — што ёсць сілы ляціць у цэнтр пазіцыі, да каманднага пункта, становіцца побач з камандзірам, магчыма, яму здаецца, што гэта — самае бяспечнае месца, стаіць, насцярожана ўзняўшы свае цудоўныя рогі, i дрыжыць усім целам. Сеўчанка расказваў, што ў першыя дні гэтыя дрыготкі жывёлы выводзілі яго з раўнавагі, перашкаджалі камандаваць. Але потым усе звыкліся з такімі паводзінамі Лёшы. Цяпер алень памагае разведчыкам. Калi ён падымае галаву i пачынае насцярожана прыслухоўвацца, так i ведай, што недзе далека-далека ідуць самалёты.
Разведчыкі i прыборшчыкі выкарысталі яго страх перад гарматамі i пераманілі Лёшу да сябе.
«Несумленна, — злуюць хлопцы, — Лёша ж не разумее, што ў гэтых грымотах вінаваты фашысты, а не мы, ён — што дзіця, i пераманьваць яго подла».
Мне было смешна, калі я чуў такую крыўду, якую выказвалі зусім сур'ёзна i нават такія цвярозыя, сталыя людзі, як Астахаў i Фрыд.
Сёння алень парадаваў ix. Мабыць, супакоіўшыся за гэтыя ціхія туманныя дні, ён нясмела падышоў да нашай гарматы, стаў крокі за тры, вінавата апусціў галаву, як бы просячы прабачэння за свае паводзіны. Хлопцы аддалі яму рэшту свайго хлебнага пайка, a самі вячэралі без хлеба.
Цяпер ён падышоў да мяне. Стаіць, глядзіць, як я пішу, ківае галавой, зрэдку ўздыхае. Мне смешна ад яго ўздыхаў i наогул весела i ўтульна, цёпла побач з ім. А туман усё гусцее. Стынуць рукі.
2 жніўня
Раніцой прыйшоў да мяне Сеня з кіслым выглядам — не то засмучаны, не то нечым занепакоены. Сеў на лапу, закурыў.
— Не куры ў катлаване. Снарады. Гэта табе не дальнамер.
— Нічога тваім снарадам не зробіцца. Ix, каб хацеў, не падпаліш. — Але папяросу скамячыў, сунуў у карабок з-пад запалак.
Я працаваў. Каторы дзень, у перапынках паміж баямі, батарэя будуе новыя зямлянкі — кожны разлік каля сваёй гарматы ці прыбора, каб можна было па трывозе выбягаць за якія секунды. Пакуль дзяўблі камень, працавалі нехаця, асабліва лайдачылі Муха i Фрыд. Але калі пачалі самую зямлянку — будаваць сцены, класці падлогу, столь, усіх ахапіў будаўнічы азарт. Людзі засумавалі па працы, якая не разбурав, а стварае. Выявілася, што Габаў — цясляр, Фрыд — абіўшчык, a Астахаў наогул майстар на ўсе рукі. У нас будзе найлепшая зямлянка — самая прасторная i прыгожая. Камандзіры іншых аддзяленняў прыходзілі да нас павучыцца. Мне здалося, што Сеня прыйшоў з такой жа мэтай. Мабыць, у яго не ладзіцца з будаўніцтвам. «Інтэлігентны разлік», усе там такія, як камандзір, — прыйшлі ў армію ca школьнай парты. Трэба схадзіць памагчы ім.