Ўлетку ў сутычках усобіцаў собскіх па шыю,Нашыя ратнікі маюць узімку спачынакІ ўзнагароду: зьвярыныя ловы у пушчы.Ці не ў Літвы пераняў Марс стары ейны звычайНат спачываючы, меч гартаваць на марозе?Войны й сутычкі! Яны у мяне выклікаюцьГнеў і пакуты. Адны, год па годзе, сам-на-сам,Йдзем ваяваць мы за ўсіх, за сьвятое братэрства.Вораг наш край аблажыў, каб ушчэнт, із карэньнемЗьнішчыць і нас, і Хрыстовае Ймя у краіне.Злодзей-чужак уварваўся у нашыя межы,Весьціць нахабна, што йдзе ён ня дзеля здабычы,З Божым іменьнем адно і ад Божага йменьняТопіць людзей у крыві ды выпальвае сёлы…Там, дзе Арда пабыла — скрозь адны папялішчы,Ды груганьнё і сабакі зьдзічэлыя. ЛепейТутка ж сканаць, чымся жыць пад пятой пераможцыДоляй нявольніка, век пад ярмом і ў пакутах…Караю Божаю нехрысьцяў нам не спалохаць:Вера й парадкі чужыя у іх у пагардзе.Пынячы горды грудзіма сваймі, як заставай,Мы падупалі, мячы нашы целы пасеклі,Кроў наша льлецца ракой, пераймаючы поступЗграяў варожых, тым часам — шчыты нашы ў шчэрбахСкрозь ад няшчадных удараў, бо ворага зброяНад галавою ня нашай адно, і ахвярыНашы па тое адно, каб сябрам даць нагодуСілы сабраць ды ўлучыцца у бой із Ардою.Нашых суседзяў бяда шчэ як сьлед не кранула,Певень чырвоны іх стрэхаў стральчастых ня кратаў,Іхнія дні ціхамірна мінаюць і сяньня,Толькі таму, што наш край палымнее ў пажарах.Ім — памагчы б нам, яны ж выступаюць у згодзеШчыльнай з чужынцам у словах і чынах, мяркуюцьВомірг на нашым загіне узьняцца, пыхліўцы!Можа шалёныя ўсётакі ўсім, што тут гінуцьНекалі лекі й прапішуць, ды будзе запозна!Мае хто вочы — пабачыць, а вушы — пачуе:Недзе грыміць, пяруны ды маланкі ўжо блізка!Прага захопаў, міні варагоў стараною,Сьмягнуць калі ж, хай міжсобку грызуцца зацята!Хай скрозь насякне зямля іхнай чорнай крывёю —Нашы сьнягі напіліся ўжо нашай чырвонай!Смага падбояў для іх жа самых нарыхтуеПуты грымлівыя й ім і нашчадкам навечна!Што наканована — будзе! Гаспод непадкупны:Прыйдзе і помста і кара на ўсякую погань.Час ахінуцца, ачуцца! Няхай яшчэ зводдальБура грыміць, але чорная, грозная хмараБорзда імкне… І нашэсьце — падобнае сьмерці.Розумам жах небясьпекі, як сам не пабачыў,Сьцяміць няможна, ды заўтрашні дзень пад пагрозай…Ты ж, наш суседзе, адкажаш, калі твае местыЙ сёлы пачнуць разьлягацца і плачам і стогнам,Каяцца будзеш: дзе ж нашыя моц і адвагаГэтта былі? Як маглі мы сваёю ахвотайШлях адчыніць пагарджаным усімі паганцам?Ім, што палон і нялюдзкую долю рыхтуюцьНам, і суседзям, і нават далёкім народам!Як жа-ж маглі мы наклікаць навалу, якоеХопіць і дзецям, і ўнукам і праўнукам нашым!
9
Што ж распачаць, наракаць нам? Усё разумеем…Ціха у пушчы. Няхай жа-ж пачуецца зноўкуГусаўца голас аб нашых вялізных жывёлах!Як меркавалася, пойдзем у нетры лясныя,Там, згодна правілаў нашых адвечных лавецкіх,Складзена сьценка із сьцятых таўшчэзазных дрэваў,Што углыбкі адыходзіць на дзесяць-пятнаццацьМіляў італьскіх, із мноствам драбнейшых адсекаў.Тых, што ў сярэдзіну трапяць, сьцяна абкружае,І безупынна старожа глядзіць, каб праходыБылі зачынены й зьвер з агарожы ня выйшаў.Лёгка увойдзеш, а выйсьці — ня выйдзеш: пілнуюць.Зьвер патрапляе ў загон безь вялікіх турботаў,Нат не прыкмеціць, што выхады ўраз заваліліМоцнай завалай. На пасьбішчы, быццам, спакойна,Мы ж, паляўнічыя, зьвера з загону цікуем.Ён ужо ў пастцы, і мы паляваць пачынаем.Страх — нам нішто, хай навокала скрозь небясьпека:Сябра дзесь побач, а прыйдзе бяда — і нямашка.Верны слуга спадару у сутычцы — ня помач,Клічу ў сумятні ні бацька, ні сын не пачуюць!Собскую справу сваймі ты бароніш рукамі,Кон свой трымаеш у іх жа, а выпусьціш — зьгінеш.Важыш жыцьцё бо, а сьхібіш — пра літасьць забудзься…Існасьць загаду ўсім ясная — наступ наперад,Перамагчы ж, па магчымасьці, трэба бяскроўна.Выручыць конь хутканогі, адскочыць ад сьмерці,Толькі у гэтым ратунак і ў гэтым надзея!З намі наш князь, ён кідаецца ў гушчу змаганьня:Хто ж бы даў послух нясьмелым, пайшоў з баязьліўцам!Як перад боем з татарамі зброя асілкаМужнасьць у воях распальвае — знак перамогі, —Так і на ловах літоўскіх адвага старэйшыхІхнай удачы у ходаньні й славе ня шкодзіць.Чую: няўзнак зноў пяро маё з простай дарогіГэтта зыйшло, каб табе, войча наш Жыгімонце,Славу аддаць, прыгадаць дасягненьні у справахВажных у хаце й важнейшых мо йшчэ паза хатай.Гэта ня проста, мне ў гэтым ніхто не паможа,Тут бо, за межамі пушчаў, маўчыць твая слава,Тутка нялёгка цябе ўсхваляваць, дык дазволюЎсё ж прыгадаць твае ходаньні з ворагам хай бы…Нам бы — ціхога жыцьця, ну, а словаў ніхто не шкадуе.
10
Вось ён стаіць у гушчары, варожыць, што будзе!Долі чакае… Яго й апяем мы у песьні.Часта у вершы апісваюць цэлыя статкі,Мы ж на адным ім увагу із вамі запынім,Сілаў ня стане сказаць аб усіх бо, ні часу!Збаю, але аб адным, што бяды не пачуўшы,Ў пастцы, ў мяне на ваччу, апынуўся зьнячэўку:Выхад старожа замкнула і рынулі стрэлы.Імі увомірг апераны, ён ірвануўсяЙ трапіў на дзіды, што лоўцы сыпнулі з засады,Шыю, бакі пранізалі. Напасьнікаў зрокамПалячы, волат зароў, разьдзімаючы храпы,І як віхор закруціўся, падскочыў, паймчаўся.Коньнікі зь гіканьнем мкнуць наўздагон, пераймаюць,Тупат да зораў шугае, а зубар, як бураЙрве праз паляну, наперадзе — сьценка, з разгонуХоча яе пераскочыць, на жаль, завысока!Стаў, як укопаны… Як ратавацца? А ў целаЗноўку убілася з сыканьнем нечая дзіда.Лютасьць кіпіць, палымнее пагляд і бруіццаЗыркая кроў із глыбокай гарачае раны…Дзе ж варагі: ён шукае, гатовы змагацца,Зьмяць іх, раструшыць, і першыя ўдары кіруеЎ зграю сабак стогалосых, дзярэ, раськідае,Потым — імкне на людзей із жахлівым рыканьнем.Людзі — у россып, насьлепа кіруючы коні.Хрыпам, рыканьнем, галёканьнем поўніцца пушча!Лоўцам скакаць напрасткі няма сэнсу й надзеі,Можна адно ратавацца, адскочыўшы набак:Гнеў і разьбег паўз лаўцоў яго мо перакіне,Велічы ж гэткай нялёгка зьвярнуцца у бегу!Конны ланцуг замыкаецца. Зьвер мітусіцца:Цяжка разгон паўстрымаць, пачынаючы наступ.Целам важкім налятае ён бурна, падскокам,Бачыш — угрэўся, сапе, а калматая грываБ'ецца на ветры, і ўвесь ён — нястрымнае ймкненьне!Доўга яшчэ зьвер із ровам бушуе ў загоне,Сочыць, на кім бы памсьціцца, гарачку спатоліць,Зрок яго люты спаліць вокал мог бы ўсё чыстаЙ прыкладам гэтта праўдзівым пацьверджу я зараз:Нехта з мушкетам, вядома, ня простага роду,Стрэліць дазволіў сабе ў зьвярыну, — і пацэліў.Гольлем схаваны, бач, песьціў дурніца надзеюВыцалець неяк і толькі сачыў із трывогайСкуль спадзявацца нападу… Зайгралі сабакі:Блізка напасьнік! Аж, ломячы з трэскам ламачча,Сьнег раськідаючы, ў хмарах бялявае парыЗьвер аказаўся зьнянацку, абкружаны зграяй,І затрымаўся, сабаку адкінуў ды зрокамПоўным шалёнай злабы утаропіўся ў хвойнік, дзе ў жахуБедны стралец здрыгануўся: няйначай, прыкмеціў!Хай ад яго быў наш зубар даволі далёка,Страх чалавека уразіў: бядак із мушкетамТак, як стаяў, і сканаў з аднаго перапуду!Дзіву даваліся людзі з канцоў баязьліўцы,Труп небаракі застыглы знайшоўшы назаўтра.Чулі яны, што забіць можа зрок Базыліска,Ды вось памёр жа-ж бяздольны, някранены зьверамГэты юнак, баязьлівага нораву й сэрца!Сам я быў сьветкам здарэньня, яшчэ не забыўсяНават напісу, што нехта зрабіў на магіле:«Тут пахаваны Лаўрук, што забіты ня зубрам, —Выглядам толькі ягоным. Ці ж лёс вінаваціць?»
11
Бачыў я шмат, ды найбольш мяне ўсё ж уражаліЗьвера падскокі — о, гэтая лютасьць дзікая!А як ня можа знайсьці, што б скрышыць ці разьдзерці,Храпы свае разьдзімаючы, ловіць паветра,Нюхам сваім найтанчэйшым уцягвае пахі!Ўсё, што жывое, ці мае адзнакі жывога,Топча, прабуе на рогі узьняць, пакалечыць,Вінных шукае, хто важыўся раніць асілка.Скокі ў два-тры дастае неклямягу-ахвяру,Дзікім рыўком падкідае ўгару, прабівае,А недабітага, хай гэта конь або коньнік,Зноўкі на рогі бярэ ды камечыць няшчадна,Ажно пакуль небараку ушчэнт не раздушыць.Кроў застывае, як гэткую бачыш расправу:Стаў конь дыбка, ашалелы, з распораным брухам,Коньнік завіс у страменьні, крывёю заліты, —Вось наляцеў, абярнуў абаіх і спад настуЗь мешанкі кроў адно льлецца цурком неўзабаве.Як на мярлог медзьвядзя, на дзіка ён найрвецца,Ўвомірг пайрве, аж шмацьцё разьляціцца па дрэвах!Часам трапляліся нам і казлы у гушчарах —Лютага зубра ахвяры на сьцежцы вузенькай.Тыя, хто бачыў ягоную сілу, мне сьветкі:Хай ён з разгону з аленьнем зударыцца часам, —Скрозь адаб'е ўсё нутро — і вантробы, і сэрцаПараськідае вакол па лапчастых ялінах.Цяжка ўявіць, не пабачыўшы, гэткую зьяву:Птушкі драпежныя ймкнуць на баёвішча з граем,Дзёрзка дзяруць на шматкі яшчэ цёплыя часткіЦела павіслай дзесь высака ў гольлі ахвяры…Неверагодна, а бачыў: конь, зьліты крывёю,Б'ецца, канаючы, коньнік жа ўдоль галавоюНедзе вісіць угары… А бывала й такое:Ўзьняў ён на рогі каня, але гэтак, што коньнікПроста зь сядла шугануў на сасну, цалюсенькі!Прыкладаў стане, ці мала іх ведае пушча,Лішнія ж словы зьніжаюць давер да расказу.Той, хто зубровую лютасьць ня бачыў, няздольныСьветчаньням верыць, як прэ ён, раве, ашалелы,Быццам бурлівая хваля ў часы навальніцы,Як ад грымотнага рыку страсаецца пушча,Аж пад нагамі зямля і ўздыхае, і стогне!Але хай сьцяміць, што помстаю гнеў не спатоліць, —Будзе храпсьці перарывіста, голаў пахіліць,І па рагох кроплі сьвежай крыві забруяццаПроста ў гурбы… Ня знаю, ці знойдуцца словы,Каб апісаць нам належна жахлівую бойку.Ён, быццам ветру зудары, і дужы, і спрытны,Ўвомірг зьмяняецца ў сьмерч, гураган, і, вядома,Скон будзе долей таго, каго бура засьпее.Сьнег палымнее й дыміцца на месцы забойства,А на кустох ды на дрэў сукох чырванеюцьРэшткі ахвяры й зусюль крывяжэрныя птушкіПлоймай лятуць за сваім дабрадзеем рагатым.Ён жа-ж, што кінуў быў, зноў падыходзіць,Ўспора рагамі яе, пераверне, зноў кіне…Скончыў, забіў, але ўсёткі у смак не памсьціўся:Цела ў шматох, растаптаныя косьці, ды злоснаГэтую мешанку пора ды трэ ён рагамі,Коньнікі ж зьвера прабуюць узноўкі разьярыцьІ ў вабцугі ўзяць: галёкаюць, дзідамі колюць…Гэта бядой пагражае ці рэдчас, хай кажныЙ спрытны, бо кон падвядзе — і загінеНат найспрытнейшы. Найлепш у сядле раўніноюГнацца з ганьнёю за зьверам, ды іншая справаПушчаю ймкнуць, дзе ўсё можа прытрапіцца часам:Там і калоды гнілыя і выкратні й ямы,Норы барсучыя, пні, прыхаваныя сьнегам,Коўзкая лужына — бачыш, і конь спатыкнуўся,Гольле зламанае, лапы даўгія хваінаў, —Ўсё гэта пасткі, з каня бо зьляціш, і загінеш:Зубр не змарудзіць, імгненьне — пайрве на часьціныЦела бяздушнае й высака ў гольле закіне.Цудам адважны ж ад зьвера ўхінецца, адскочыць.Той налятае узноўкі, ажно і заколе.Каб апісаць мог я тутка, адкінуўшы дробязь,Толькі важнейшыя рысы лясное пачвары,Хто яго ведае, стала б мне словаў ды часуІ як даўгая была б мая гэтта паэма!Судзячы ўсё апісанае, гэтыя ловыЗь лікам вялізным забітых былі б мо шаленствам,Змыць што ня лёгка было б пачынальніку й славай,Толькі ж усё гэта мела карэнь у княжэньнеВітаўта, князя вялікай Літоўскай дзяржавы.Тымі гадамі, калі моц слабела айчыны,Трэ было ўздыму, вось князь наш бязьмежныя пушчыЎ стан баявы й абярнуў, дзе б нарошчваць сілы.Часам спакойным, прадбачачы прышлыя войны,Вояў сваіх рыхтаваў ён на ловах зьвярыных,Чым прымушаў забываць пра нястачы й нягоды!Ён — міратворца й баёў заразом пачынальнік,Будучы князем, сваёю аголенай зброяйСтавіў запын варагом і блізкім і далёкім.Нават татарын, схіліўшыся ніцма, слухмянаЛук свой зламаны яму аддаваў, зразумеўшы,Што, хай зьбіраў ён калым на прасторах літоўскіх,Сам жа-ж агіднай літоўскай здабычай рабіўся.З тымі лічыўся князь толькі, каго, ўпадабаўшы,Сам выбіраў, нат Ардой кіраваў, захацеўшы.Князю і ўсходні сусед слаў лісты з прапановаю згоды,Хай і з багацьця ды моцы Маскоўскія знаныя землі.Турак, і той, прысылаў яму часта гасьцінцыЗ думкай таёмнай яго задабрыць, ну і помстыКнязя літоўскага неяк ня выклікаць часам, —Трох, што трымалі ўвесь сьвет у трымценьні ды жаху,Прад Ліцьвіном пахіляліся моўчкі з пакорай.
12
Слаўнае гэта прызнаньне ня вырасла ў пушчы:Шырыўся пошчак аб ім і усьцяж і усюдых,Станам ваяцкім было тады кожнае поле,Дні супакою — спачынкам між войнаў кароткім.Конскія ў коле сусьцігі, стральба на дакладнасьць,Скрозь, дзе ні глянеш — спаборніцтвы, лукаў трымценьне:Моцы адзнака, і пэўнай рукі, і адвагі.Лучнік, спакойна пацэліўшы ў клін жураўліны,Правадыра у крыло патрапляў, не даткнуўшыЦела птушынага. Ў небе, на дрэве, у хвалях —Птушка — найлепшая мэта для стрэлаў, і біліЎ пушчах яе, балатох, а тады ў падарунакКнязю давалі, ад сэрца, не для ўзнагароды.Ў ловах нястомных жыцьцё — людзі мелі за гонар.Зь першай парошай чароды лавецкія князяЗьвера сьціскалі у пушчы і, поўнячы нетрыГоманам, крыкамі, гналі пад стрэлы ды дзіды.Спрытна высочваць зьвяра у мярлогу лічыліСправай штодзённай, а вырыне з логава, густаСтрэламі ўкрыты ды рыне на сьмелага з рыкам,Лоўкім ударам падняць яго трэба й асядзе.Гульні былі й прыямнейшыя — гонкі на спрытнасьць,Слаўная справа, калі мо за сотняю стадыйМэта ўсталявалася: конна пакрыўшы адлегласьць,Перамажы ў хутчыні ды ва ўменьні, спаборнік!Толькі ў грамадах вось гэткія ўцехі бываюць!Зь месца імкнуць скакуны чарадой, табунамі,Ў лёце чуваць адно тупат ды коняў хрыпеньне,Вось, вось дапялі пярэдніх, зраўняліся ў гоне!Зрок гаспадарскі злавіўшы, скакун падстаўляеПану сьпіну і з налёту ў імгненьне мяняюцьКоньнікі месцы на конях, адно ізьлятаюцьПлоймай птушын калчаны ў пёрх стрэлаў, крыж-на-крыж!Цёмнаю ночай ізноў выдумляліся гульні,Дзе пасароміць бы мог баязьліўца адважны.Ўсім пераможцам давалі заўжды ўзнагароды,Ну, а хто сьхібіў, заслужваў і сорам і кпіны.Часам ішлі аб заклад, што было шмат цяжэйшым:Рэкі адолець шырокія ўплынь, хай чакаюцьГушчы чаротаў плаўца, і віры, і глыбіні,Б'ецца рака белагрываю хваляй у строму,Рвецца з шаленствам дзікім і драпежным на бераг.Звычай у коньнікаў быў свае лукі ды стрэлыЎкручваць у клунак з адзежай і гэтак сухіміПотым выносіць на бераг… Вось рынулі коні,Пырханьне чуеш адно, бачыш вушы ды храпы,А на стырне, упіліўшыся ў грывы, мільгаюцьКонных галовы. Свабоднаю левай рукоюКожны грабе, памагае каню выбірацца.Ўсім нагароды давалі: вышэйшыя — лепшым,Рэшце ж, як хто заслужыў. Не міналі нікога.
13
Выпрабаваныя доляй ня раз і ня двойчыВоі мастоў не шукалі, а рэкаў запыныПерамагалі на конях, сухою выносячы зброю:Княства для прышлых рыхтуючы войнаў, карыснаГэтак адным рыхтаваньнем ды працай пратрапіцьБоязі й жахі змагчы, ізь нястачамі зжыцца.Князь, ваяўнік найгартоўнейшы, большага шчасьцяНат не шукаў, чымся ўсьцяж гартаваць сваё войска.Годнасьцяй першай лічылася ў князя адвага.Сочачы пільна, знайходзіў ён сам адважнейшых,І на аглядах адразу й абдорваў шчодра,А баязьліўцаў, няхай і з багатага роду,Не шанаваў і была іхнай доляй няслава.Вось як судзіў ён, суровы, але справядлівы,Тонкім чуцьцём прыкмячаючы праўды адзнаку!Злая мана перад ім пасьцілалася ніцма,Сам абвяшчаў ён прысуд, вінавайцы ж, як кажуць,Тутка ж з пакорай праступствы свае прызнавалі,Кары ды сьмерці прасілі — вяроўкі на шыю —Ведалі добра бо — літасьці тут ім ня будзеГорай за ўсё ілжасьветкаў князь меў у пагардзе,Іх аддаваў на жахлівыя ён катаваньні —Суд справядлівы ня сьмейце ашукаваць княжы!Поглядам лютым усьлед выкрываў вінавайцу,Аж прызнаваўся ў мане парушальнік прысягі.Жорсткі прысуд быў удзелам засуджаных, іх бо,Ў скуры зашыўшы зьвярыныя, кідалі простаЗлоснай ганьні ваўкадаваў, што іх трыбушылі.Жорсткая кара чакала за хабар і судзьдзяў.Недзе было, што гасьцінцам судзьдзю падкупілі,Й княжы наказ абмінуць нешчасьліўца наважыў.Выкрыты быў ён, жахліва пасьля катаваныI, як навука для іншых, пайрваны на часткі.Кожную сквапнасьць князь нішчыў з карэньнем, і гэтымСёньня і заўтра заслужана славіцца будзе.Справаў бліскучых ці мала заладзіў ён, гэтаКажнаму ясна, як зь песьні маёй, паміж іншым.
14
Меў селянін адзін клопат — гараць сваю ніву,Сэрцы ж сялянскія князь гартаваў паляваньнем.Зьвер здабываўся ўсяляк, і найлепшай здабычайТая была, калі зьвера у стан прыганяліБез пакалечаньняў, ранаў, блізу што бяз шкоды.Гэта лічылася скрозь дасягненьнем найвышшым,Ну, а зь нядбайных маглі і спагнаць па загаду.Трэба сказаць, што сяляне стараліся добра,Ўсе даручэньні выконвалі пільна, адважна,Нат і зуброў пакладалі да ног валадарскіх.Што так бывала заўжды, я усёткі ня веру,Цьвердзяць старыя, адлі, быццам гэта ўсё праўда.Але пра кемнасьць народную ў стаўленьні пасткаў,Трэба сказаць без сумлеву, што гэта — мастацтва!Сьценку з падвойных бярвеньняў, падобную кліну,Ў пушчы стаўлялі, рассоўвалі шырака перад,Потым звужалі патроху, а ў сьценцы засовыСпрытна хавалі пад гольлем ялін і травою,Каб небясьпекі ня вычуў як зьвер асьцярожны.Ў сьвітцы чырвонай лавец-заклікайла ўдоўж клінуРаптам імчыць, меч зіхціць над яго галавою.Зубр гэта бачыць, крывёй наліваюцца вочы,Ды парушальнік спакою ўжо зьгінуў, расстаяў:Ёсьцека лазы бо ў сьценцы, лавец і схаваўся.Зьвер, разагнаўшыся ў гоне, тым часам трапляеПроста у пастку: засовы ўвомірг дарогуПыняць яму і наперадзе й ззаду — злавілі!Бегма бягуць із схаванкаў лаўцы, абкружаюцьЗ крыкам пачвару, пятлю закідаюць на шыю,Сьцягваюць шчыльна раменьне, а заднія ногіПутамі моцнымі вяжуць, хаду запыняюць.Непераможаны зброяй, атрадамі вояў ня ўзяты,Тутка таймуецца зьвер адно зьменлівым конам…Цела магутнага зубра скруціўшы вяроўкай,Цягнуць яго, як гару й дзікім жахам працяты,Пеніцца люты асілак, але паддаецца,Йдзе, дрыжучы, паўз натоўпы людзкія ў няволю.Зьвера, у табар прыгнаўшы, разьвязваюць, гоняцьПотым у чыстае поле, каб мэтай жывоюКоньнікам княжым ён быў — беце стрэламі й дзідай,Ды набывайце каштоўнае гэтак дазнаньне!Як запэўняюць, ня толькі на стрэлах і дзідахКлалі знакі, але мэту жывую знакаміГуста пярэсьцілі, й той, хто дакладна пацэліў,Узнагароджваўся ўсьлед як найлепш, бо за князяВітаўта тых адзначалі, хто цела жывёлыДзідай умеў пранізаць і глыбока й дакладна.Вітаўта княжаньня час, я мяркую, названыНайпрыгажэйшы ня толькі з прычыны ваяцкіхКняжых удачаў, але мо й таму, што над грошы,Ўдачы ды славу стаўляў Вітаўт духа багацьце,Глыбака верыў у праўду Ўсямоцнага Бога…Першы з народамі княства прыняўшы хрышчэньне,Веры старое усе асудзіўшы памылкі,Зманных паганскіх бажкоў ён спаліў і паставіўХорамы Богу Ўсявышняму. Быўшы пабожным,Шчодра й сьвятарства дарыў ён майном і зямлёю.Славу пяяць адлі Вітаўту слаўнаму годзе!Хай неахвотна, ягоныя дзеі мінаюТут я, бо зноў захапіўся, а трэба трымаццаПільна згаданае тэмы — Паўночнай краіны,Дый пра зуброў быў бы час ужо скончыць спаміны,Ходзячы ўкола бо, ўшчэнт я ад іх адхіліўся,А, паміж намі, час быў бы вярнуцца да ловаў!Крыкам, пагоняй загнаны і стомлены зубарЗдаўся, зьнясілеў нарэшце, астыгла і зьніклаЛютасьць, маўляў зразумеў зьвер, што скон ужо блізка.Ўвесь упацеў ён і дыхае цяжка, із хрыпам,Ногі ўжо ледзьве трымаюць і цела абмякла,Вось-вось, глядзі, спатыкаецца, ўпадзе і сканае,Гасьне злаба уваччу, што яго паланіла…Коньнікі коні вядуць у гушчар, не марудзяць.Вось сьмелым крокам, як звычай ім кажа, выходзіцьСьцяг юнакоў скончыць зьвера ва ўпор, вока ў вокаЎдарам клінкоў, і стаяць ізь дзіўною адвагайТварам да сьмерці хлапцы із надзеяй на славу.Вось узьняліся клінкі, расьсякаюць паветра:Кожны заве да сябе спахмурнелага зьвера,Ён жа-ж, зьнясілены ўшчэнт, а ўсё ж ірвануўсяСьлепа на постаць лаўца й той адскочыў за дрэва.Зубр разьвярнуўся, нацэліўся й раптам з разгону,Быццам маланка ў магутнае дрэва ўдарыў.Гольле ляціць у бакі, з трэскам сыплюцца трэскі,Сьмерцяй лаўцом пагражае камель надламаны.Пільна, малойчык, глядзі, уважай, бо нязважнымГэтае месца наўрад ці на схоў надаецца!Трапіла бачыць мне: сьмелы адзін паляўнічыМеч упусьціў, калі зьвер набліжаўся падскокамПроста на дрэва, дзе той, скамянеўшы, стаіўся,І каб сам лёс не прыйшоў бедаку з дапамогай,Гэны юнак пэўне трапіў бы сьмерці ў вабдымкі.Шчасьцем, аднак, было гэтае дрэва сасною,Шапкай вялізнаю сьнегу прыкрытаю, вось жаЯк здрыгануўся камель, страсянулася й гольлеЙ белая сьнежная хмара згары сыпанула.Сьмелы лавец зьнік на ймгненьне, ды заразРынуў наўцёкі паўз белую ймглу — ратавацца!Моцна ўжо ж кпілі сябры зь юнака і зь нягоды,Быццам ад сьмерці ўцякаць — гэта сорам і ганьба,Як і ў змаганьні — да хуткай імкнуць перамогі.Грымнуў удар — упіліся рогі ў дрэва,Ўзяўшы ў абоймы камель… Ды стрывала карэньнеХвоі-асілка у пушчы ўрадлівым суглінку.А як сасна баравая — быць пэўным яе немагчыма,Хто за ёй стоіцца, зь ёю ж пасполу і рыне.Гэнае й буры зь вятрамі ня вывярнуць, гэта жГіне парой пад імпэтным зубровым ударам.Ну ж і відовішча! Мкнецца сасну перакінуцьЗубар, здрыгаецца, кружыць, бадзе, у шаленсьцьвеСьлепне й розьніцы болей ня робіць між дрэвамІ чалавекам, рагамі камель разьбівае,Быццам ён — вораг, і пэўне ж мяркуе: забіты!Нат не разрозьніш у мітусі пары ды сьнегу,Дзе паляўнічы, дзе — зубар шалёны — абодвы,Ёсьць аднак розьніца ў лютасьці кожнага зьвера:Шмат зь іх і ў бойцы захоўваюць зрок непамыльны.
15
Ўсе яшчэ, думаю, ў памяці маюць здарэньнеШто тут было за гадоў караля Аляксандра.Гэта няшчасьце магло б патапіць каралеўстваЎ горкіх сьлязах, ды Бог зьлітаваўся — гора мінула:Ў пушчы памост збудаваны быў моцны ў чатыры,А можа й болей падпораў — сачыць паляваньне.Ў коле магнацтва ды фрэйлін сама каралеваТамка сядзела, ўнізе ж ледзь трывала юнацтва,Каб найхутчэй паказаць свае спрыт ды адвагуЎ бойцы з магутным і дзіка разьюшаным зьверам.Жэўжык Амур, на старой затаіўшыся хвоі,Лук нацягнуў і насьлепа пацэліў у сэрца.Што ж, забаўляйся, свавольнік, гуляй у ахвоту,Толькі ня сяньня, ня ў пушчы! Юнак-паляўнічыПрыпадабацца каханай сваёй захацеўшы,Зробіць мо рыцарскі гэст і напэўна загінеТут празь цябе нечаканай, бяздумнаю сьмерцяй!Вось і зубры паказаліся з лоўчых ганьнёю.Ўсе на памосьце замерлі і зь месца ўзьняліся.Колерам зыркай вясёлкі бліснулі апраткі,Золатам тканы вузор па чырвоным і белым.Ледзь гэта зыркасьць у вочы дзікія шугнулаПравадыра, ён прыстаў і ўпіліся паглядамУ варагоў. І загасла увомірг цікавасьць,Бо не скажу, каб відовішчам цешыцца гэткімТыя маглі, што злабою зьвяроў не кіруюць,Гэта — нязвычна. Тут тупат пачуўся здалёкуІ паміж дрэваў, падскокам, праймчаўся, як вецерСтатак зубровы, цаляючы ў гурт паляўнічых.Раптам на луг, у няпамяці гневу, ўварваўсяЗубар-асілак, жахлівай крывавячы ранай.Ён прыпыніўся, затрос галавою, прыкмеціўЗыркасьць страёў на памосьце й пачаў прыглядацца,Быццам пазнаць намагаўся асобныя твары:— Цешыцца сьмерцяй маёю зыйшліся? Чакайце ж,Вось пакажу я вам сьмерць, што й вякі не забудуць!Тутка зароў ён, дзьмучы у магутныя храпы(Гэта сыгнал небясьпекі для кожнага ў статку),Скончыў, ударыў рагамі і выбіў падпору.Мост затрашчаў і каб, воляю кону, ударыўЗубар яшчэ, ўсё бы рынула, шчодрай крывёюЗьліўшы зямлю ды хварбуючы стромыя рогі.Не, не магу я ўявіць нат, ушчэнт скамянеўшы,Што б нарабіць мог зьвер гэтта усьпененай пысай!