Шрифт:
* * *
   Вясна на дварэ. Толькі дзевяць дзён палям і пагоркам.   * * *
   Сакуры зацьвілі — і ночы мінулі ў наўкольлі.   * * *
   Цягне цыбаты дождж парасткі ўгору. Утравянела сьцежка.   * * *
   Перад красою кветак і месяц зьніякавеў: схаваўся за аблачынку.   * * *
   Спадае вада: вярба гладзіць нахіленым вецьцем ціну.   * * *
   Вясна адыходзіць: птушкі смуткуюць, у рыбін вочы-сьлязіны.   * * *
   Цёхкаюць салаўі! Тут — перад гэтым гаем, там — за тою вярбінай.   * * *
   І самага доўгага дня замала, каб высьпевацца, жаўруку.   * * *
   Ластаўкі, выпадкова мне ў чарку зь віном ня ўкіньце глебы драбок!   * * *
   Рассталіся двое сяброў — двое дзікіх гусей: між імі шырэе захмараная мяжа.   * * *
   Старая сажалка. Жабка ў ваду скокнула: гук усплёску.   * * *
   Лётае матылёк трапятлівы ў полі — вось і ўвесь цень.   * * *
   О, прачніся, прачніся — зрабіся маім сябруком, зьнерухомлены матылёк!   * * *
   На кветку, якая не пахне, сеў матылёк — вяльможлівыя прыцуды.   * * *
   Блукалец-крумкач, ці знойдзеш леташняе гняздо? У квецені — сьлівы.   * * *
   Разлі свой водар і тут, ля ўзгорка, дзе здабываюць зьляжалы торф, квяцістая сліва.   * * *
   Дзяржальна гэтага малатка калісьці было камлём камеліі ці мо — слівы?   * * *
   Зрабілі душою сваёй салаўя і сьпяць? Ніцыя вербы.   * * *
   Стварайцеся, на мой стары твар не падобныя вершы!.. Першай сакуры цвет.   * * *
   О, колькі сёньня прыгадваецца ўсяго: гляджу на сакуру ў цьвеце.   * * *
   І гэтак штогод! Ападаючы з сакуры, цьвет корміць карэньне.   * * *
   О, як я зайздрошчу ёй: у гарах сакура закрасавала.   * * *
   Нават галяндцы, і тыя прыехалі сакурам дзівавацца. На конях — сёдлы.   * * *
   На сакуры, што зацьвілі, дуб не звяртае ніякай увагі: сам сабе постаць!   * * *
   Ах, верабейка-дружа, ня зь'еш авадня: і яго прывабілі кветкі.   * * *
   Нават славуты вой, захоплены сакурай, ператварыўся ў сем простых ваяк.   * * *
   Згук звону растаў. Паветра дыхае водарам. Вечар.   * * *
   Мо для мяне пакінуў? Прайшоў журавель, не абскубшы балотнай пятрушкі.   * * *
   Сьпякотлівы ліпень! Акрыла хмурынкаю галаву гара Арасі.   * * *
   Летнія ліўні! Вада ў рацэ зраўнялася з вадаспадам.   * * *
   Месяц дажджоў. Схілілі сланечнікі галаву: можа, сонца — унізе?   * * *
   Згадаў галінку сасны — і ўраз адчуў прахалоду.   
    