Шрифт:
* * *
   З вязанкаю сена на сьпіне: дарожны ўказальнік мне той чалавек у стэпе.   * * *
   Верхнюю вопратку зьняў і нясу на сабе — вось і ўсё зьмены зь зімы на лета.   * * *
   На рысавым полі ўвішна. І я вандрую ўвесь век — няйначай, рыхтую сьвет пад сяўбу.   * * *
   Хадземце, сябры, са мною! Калосьсе будзем жаваць, спаць на траве пад небам.   * * *
   Схапіўся, як за апору, за колас жытнёвы. О, ростань!   * * *
   Ірысы. Прысесьці ля іх і пагутарыць — хіба гэта таксама не падарожжа?   * * *
   Ніякага знаку, што неўзабаве памерці мусяць: сьпевы цыкад.   * * *
   Белыя макі! Здаецца, што расьцвілі восеньскія дажджыны.   * * *
   Дажджыць і дажджыць! Пачарнела на полі сьвежае ржышча.   * * *
   Захад, усход — усюды аднолькавы смутак. Восеньскі вецер.   * * *
   Зьмяркаецца. Адно голас дзікае качкі бялее ледзь-ледзь над морам.   * * *
   Вымавіш слова — здубеюць губы. Восеньскі вецер.   * * *
   На ссохлым суку крумкач нанач знайшоў прытулак. Глухая восень.   * * *
   Тады зразумееце мае вершы, калі заначуеце ў полі пад сьцюжным ветрам.   * * *
   Поўня! Ёю любуючыся, прахадзіў наўкола сажалкі ноч.   * * *
   У сьцюжы начной на дол апала гусь у зьнямозе — вось гэтак начуюць вандроўцы.   * * *
   Усё, што ні ёсьць на сьвеце, пашамаціць і аціхне — нібы чараціна.   * * *
   Дзікая ружа, што красавалася ўскрай дарогі, трапіла ў пашчу майму каню.   * * *
   Нібы раніцовыя кветкі — манахі: колькі ўжо іх адцьвіло! А вера стаіць, як хваіна.   * * *
   Гэткія розныя, а цьвіце кожная зёлка па-свойму. Вось гэта і подзьвіг.   * * *
   Вада — халадэча. Ніяк не можа на ёй заснуць самотная чайка.   * * *
   Карэньне цыбулі адмыта да гэткай чысьціні — аж сьцюжна.   * * *
   Можа, пазычыць апратку у пудзіла — каб заснуць? Апоўначы шэрань.   * * *
   Выпаў на досьвітку сьнег — і стрэлкі цыбулі сталі адзнакамі агароду.   
    