Казлоў Анатоль
Шрифт:
Усе зноў прыціхлі, нават не адганялі ад твараў надакучлівых камароў. Хлопцы паразыходзіліся да павозак.
Мы з Колем схіліліся каля пярэдніх ног Стралы. Кабылка апусціла галаву і мызай ленавата адпіхвала нас ад сябе. Я паспеў намацаць каўтун нітак на яе капытах. Ніткі былі таўставатыя і гладка-халодныя, як гадзюкі. Адхапіўшы руку, я адчуў халодныя пісягі на спіне, а ў пальцах лёгкае паколванне, як усё роўна пасля марозу.
Нечакана затрашчэла сухое голле ў кустах. 3 боку былога шклянога завода князя цьмянымі палоскамі з іскаркамі нешта бліснула. Сцішаныя коні рвануліся ўперад, але путы моцна трымалі іх. На першай павозцы храснула аглобля. Гук глухаватым стрэлам пранёсся над цёмнымі сасонкамі і елкамі, над нашымі галовамі і бясследна растаў.
Мы яшчэ не паспелі ачомкацца ад незразумелага ўнутранага жаху, як заўважылі, што з усіх бакоў насоўваюцца на нас вялізныя чорныя здані. Павольна, няспешкі яны ўзялі павозкі ў цеснае кола. Здавалася, што мы адгароджаныя ад усяго свету вялізнай бочкай, у якой нельга знайсці ніводнай шчыліны. Вольным засталося толькі неба са жменяй зорак і скупым водбліскам месячыка.
Мы збіліся купкай, ціснуліся адно да аднаго, як бы хочучы зліцца ў нешта суцэльнае і моцнае, каб прабіць цёмную сцяну зданяў.
Толькі цяпер я ўбачыў прасветы вачэй у зданяў. Гэтыя цьмяныя пробліскі замыкаліся круглым ланцужком. Але вось адна вялікая пачвара аддзялілася ад астатніх і прасунулася на нейкі крок, два да нас.
— Мамачка мая! — усклікнула Валька. Я мацней сціснуў яе халодную руку.
— 3 вас нам патрэбны два чалавекі,— прахрыпеў Чорны прывід.
— Толькі два,— паўтарыла кола зданяў.
Імі будуць ён і яна,— прывід паказаў на мяне і Валю.
Больш за ўсё цяпер я баяўся за Валю. Ад пачутых слоў яна затрэслася, бы тая засохлая быліна пад ветрам. Халодная рука ўспацела, пальцы ўздрыгвалі, як бы ловячы нешта нябачнае. Усе маўчалі, як без’языкія.
Канечне, кожны думаў пра сябе. Ім хацелася хутчэй пазбавіцца нечаканай сустрэчы з няіснымі зданямі, якія тым не менш стаяць вакол нас і ў якіх усе мы палонныя.
— Пайшліце! — Чорны прывід зрабіў праход у цесным цёмным коле зданяў. Незаўважна мы з Валяй аддзяліліся ад гурту хлопцаў і дзяўчат і, не хочучы таго, рушылі за вялізнымі плямамі, у палоне якіх цяпер мы былі толькі ўдваіх.
— Максімка, а навошта нас забралі? Куды нас вядуць, Максімачка? — Валя бязгучна плакала.
— Ты не бойся. У сё будзе добра. Я ведаю, што ўсё будзе добра.— Нічога разумнейшага я прыдумаць не змог. Ды і што магло прыйсці ў галаву ў такой нерэальнай, дурнаватай сітуацыі. Пад нагамі шапацела леташняе, лісце. Квола патрэсквалі галінкі, ігліца. Ішлі мы, не выбіраючы дарогі, але і не навобмацак. Дрэвы быццам самі саступалі перад намі, разбягаліся ў бакі, робячы нешырокі прамы праход. Прывіды-здані моўчкі сунуліся вакол нас.
— Што будзе з намі,— не сціхала Валя.— I мамка звар’яцее, калі ёй раскажуць, дзе і ў каго я апынулася. Ой-ёй-ёй, і навошта паехала на гульбішча. Во дык пагуляем, Максімачка, мо і на ўвесь век хопіць...
Здані як быццам не слухалі нашай размовы. Яны моўчкі сунуліся вакол.
Я ж думаў аб адным: як супакоіць Валю, адагнаць ад яе страх і тую асуджанасць, якая адчувалася ў кожным яе слове, у кожным кроку.
— Чаго, Валюх, нам баяцца? Што адбылося, тое адбылося. Паправіць нешта цяжкавата, а мо і немагчыма ці ўвогуле не трэба. Тое жыццё, з якім кожны дзень і паўсюль сутыкаешся,— устыла. Дык, можа, і нядрэннапаспытаць нечага новага, невядомага. Таго, у што не верыш і якое, аказваецца, ёсць, існуе. Гэта мы бачым з табою на свае вочы.
— Максім, што ты вярзеш? Паслухай, што менціць язык! — Валя спатыкнулася. Я падхапіў яе з зямлі. Здані спыніліся. Той Чорны, мо крыху вышэйшы і танейшы за астатніх, прывід, які выбраў нас з Валяй, правуркатаў:
— Прыйшлі. Пасядзім трохі. Я адлучуся, але хутка буду.— Ен павярнуўся да астатніх зданяў і нешта прашыпеў ім. Як я ні ўслухоўваўся — не мог разабраць ані слова.
Так прасядзелі мы да раніцы, пакуль не паплылі па небе густыя кудзелі аблокаў. Сонца ніяк не магло прабіцца праз іх, тонкія худзенькія промні на нейкую долю хвіліны вырываліся з палону хмар і зноўку знікалі. Мо з-за гэтага летняя раніца так была падобная на глыбокую восень. У ранішняй шэрасці здані здаваліся яшчэ больш гнёткімі і чорнымі. Яны, як гнілыя, трухлявыя калоды, сядзелі гуртам на ўрасянелай траве каля нас. Усе чакалі галоўнага — Чорнага.
Валя, наплакаўшыся ўволю, паспела задрамаць. Мой жа сон нібы заблудзіўся. Мінула яшчэ ці не больш за гадзіну, і вось з-за шурпатага ствала яліны выплыў Чорны.
— Падымайцеся, вас ужо чакаюць,— загадаў ён.
— Ой, дзе мы, Максімка? — прахапілася ад дрымоты Валя. Спуджана зірнула па баках і абмякла, як зялёны кляновы ліст, які патрапіў у вар.— Дык гэта не сон, усё папраўдзе,— яна зноў бясслёзна ўсхліпнула.
Ну-ну, трымайся, мая дзяўчынка,— з якой толькі мог лагоднасцю і пяшчотай прамовіў я.— Ужо ж гаварыў, што ўсё будзе добра, ты ж са мною, а таму і не бойся нічога. Добра? Ну й малайчынка, так і трэба.
Я гаварыў гэтыя словы, не верачы ў іх ні на грамульку, ні на макавае зернейка. У самога ў грудзях сэрца трапятала, як хвост загнанай ваўком авечкі.
Незаўважна ўсе мы перайшлі шырокую паляну і спыніліся каля цагляных развалін. Некалі, відаць, тут быў земляны склеп, а мо і нешта іншае, ды і ці так важна гэта для мяне з Валяй цяпер. Адно можна з упэўненасцю сказаць: гэта быў не калодзеж.
— Спускайцеся! — прыглушана загадаў Чорны прывід. Астатнія здані хуценька абступілі нас. Яны адрэзалі дарогу да адступлення. Перад вачыма халодным праломам застыла напаўзарослая расшчыліна.