Шрифт:
— Дык я “заганю” табе па абедзе.
— Ды не, супакойся ты, табе б самому было.
— У мяне ёсць, — запэўніў сусед. — Мяне ж на агульныя ўмовы закрывалі з атрада, з усімі рэчамі, а перад кічаю паспеў я перадачу атрымаць ад мамкі.
— Дзёня, усё роўна неяк няёмка аб’ядаць цябе. Ты сам кушай, а я хутка на турме буду, там ад’емся да этапа.
Праз паўхвіліны Дзёня, з крыху засмучанай інтанацыяй, гукнуў:
— Паслухай, Дзімон, ты так не гавары. Я ж ад шчырага сэрца.
І хаця трэці закон зоны ніхто не адмяняў, але не пагадзіцца тут было ўжо нельга — гэта сапраўды засмуціла б чалавека, каторы жадае дапамагчы ў прастаце сэрца. І я, крануты шчырасцю добрага пекара, адказаў:
— Добра, сябар, давай пачастуемся!
Праз пару гадзін, па абедзе, раздатчык ежы выдаў мне суп з кашаю і перадаў ад Дзяніса, каторага карміў перад гэтым, пакунак. Я адразу, як ісцінны галадаючы, пачаў даставаць усё, што там было — о, сады Семіраміды! — цукеркі, кавалак сыра, каўбасы, маянэз, яблычкі, яшчэ нешта і нават піражкі самаробныя — выглядала на тое, што гулянка будзе ў мяне сёння да самае ночы.
— Дзёня!
— Так, Дзімон.
— Дай табе Бог здароўя і добрую жонку!
— Дзякуй, — засмяяўся Дзяніс, — кушай на здароўе!
Назаўтра мы дамовіліся ісці на прагулку пасля абеду, асобна ад ПКТ, каб можна было спакойна пагаварыць. Нас вывелі утрох: мяне, Дзёню і высокага бледнатварага зэка гадоў 30-ці — суседа з 21-й, каторы і віншаваў мяне з новым годам. Сусед гэты быў пастаянна навесяле і на радасцях ажно прыпрыгваў падчас хады, а калі спыняўся, каб што-небудзь паведаміць суразмоўцам, твар ягоны, не абцяжараны пакутнымі развагамі аб быцці, прыўкрасна лыбіўся і час ад часу падміргваў правым вокам.
— Санчоўс, дык і ты вырашыў прагуляцца? — звярнуўся да яго Дзяніс.
— Канешне, — правае вока міргнула, — трэба падыхаць восенню.
Так, надышоў першы дзень восені: быццам па каляндарным загадзе лес фарбуецца ў жоўта-барвовыя адценні, а паветра свяжэе. Мы стаялі, узіраючыся ў краявіды і паглынаючы першавераснёўскае хараство…
…А ў памяці паўставалі ўспаміны аб першым верасні: бесклапотнае дзяцінства: кветкі, ранец, новыя сшыткі і кнігі з натхняючым пахам друкарні, лінейка, першакласніца са званочкам у руках на плячы ў выпускніка. Чаго дасягнулі мы з тых далёкіх часінаў, якія патанаюць у восеньскім ранішнім тумане? —думаў, напэўна, кожны. Ці споўніліся летуценні дзіцячыя? Наўрад ці нехта з нас уявіць мог, што калі-небудзь першага верасня мы будзем выходзіць не на школьную лінейку, не ва ўніверсітэцкую аўдыторыю ісці будзем і не на працу на карысць Бацькаўшчыны, а як парушальнікі ўсіх рэжымаў гэтай Бацькаўшчыны, пасунемся са сваіх адзіночак у прагулачныя клеткі, радуючыся, што цэлых 60 хвілін дазволена нам глядзець на свабоду і дыхаць вольным першавераснёўскім паветрам.
— Эх, прыгажосць! — гукнуў Дзёня. — Глядзеў бы і глядзеў бы!
— Пакуль што гэта ўсё, што нам застаецца, — прыпрыгнуў Санчоўс.
— Нічога, загляне сонца і ў нашае ваконца, — абнадзеіў я.
— Калі ў маё загляне, Дзімон, — з сумам выдухнуў пекар, углядаючыся ў далягляд, — я і думаць не жадаю — наперадзе восем зімаў.
Мы пачалі шпацыраваць па клетках і я запытаў:
— І што, надзеі на перагляд ніякай?
— Па маім артыкуле, 139-м, і пісаць-та няма сэнсу, бо я ж мог выхапіць і 25-ку, і лоб зялёнкай.
— Да ты што? — здзівіўся я, спрабуючы ўявіць сабе светлага чалавека з зялёнкаю на лбе.
— Так, таму я і казаў табе, што яшчэ сарваўся. Але як па самой справе і тым, што ды як там было, дык я канкрэтна ўзгруз, аднак справу ніхто не перакваліфікуе і не перадаследуе… Таму — сядзець, Дзімон, трэба сядзець.
На маю просьбу расправесці пра справу, Дзяніс пачаў аповед.
—“Дзялюга” такая. Быў там у нас, у Паставах, чэл адзін, бандзюкаваты такі. Праўда, я і сам з тых. Па-першае, з маладосці так склалася — як далі мне ў 16 год “трошку” за хуліганку — ажно галава затрэслася —так і пайшло па накатанай. Па-другое, і гарадок у нас даволі бандзіцкі — да апошняга часу нават “абшчак” збіраўся на “жулікаў”, чаго ў Беларусі ўжо даўным даўно не бачана. І вось чэл гэты, Кірыл, судзімы-перасудзімы, спаліў машыну сяброў маіх, двух братоў. Потым ён чамусьці вырашае (відаць, каб разборак пазбегнуць) сплаціць за машыну ды просіць мяне звесці яго з братамі, каторыя судзімыя самі і таму заяву не падавалі. Ну, я звёў —прыйшлі мы разам да іх на хату. З чэламі гэтымі я, дарэчы, прайшоў агонь і воду і якіх толькі дзелюг не муцілі, і перакананы я быў у іх, як у самім сабе.
Карацей, сядзяць яны там на кухні і размаўляюць, а я ў іншым пакоі, з дзяўчынаю піўко папіваю. Чую тут, што нейкая спрэчка усчыняецца, я — туды. Высвятляецца, што яго не задавальняе кошт, які за машыну выставілі. Ну я, праўдашукальнік… ці што я там шукаў? Не ведаю. Прыгодаў на сваю… Кажу яму: “Ты не бурэй, скажы дзякуй, што з табой проста размаўляюць за тачку спаленую. Заплоціш столькі, колькі табе скажуць ”. Не ведаю, што перасмыкнула таго, але ён — за нож і на мяне, троху нават падрэзаў. Я, праўда, угаманіў яго адразу і на каня падсеўшы вымалаціў добра. Аб’ехаў той па сцяне пасля апошняй падачы і сіпіць: “Усё, Дзёня, харош. Я зразумеў.” Ну, зразумеў дык зразумеў. Я, яго больш не чапаючы, адразу зваліў адтуль. Выйшаў, кашулю зняў, кроў парасціраў па целу, потым анучу гэтую выкінуў і пайшоў дахаты. Назаўтра за мною прыязджаюць і садзяць у ізалятар часовага ўтрымання.
Справа ж, як я потым даведаўся, была ў тым, што пасля мяне дабілі браты чэла таго і павезлі закапалі. Следакі робяць экспертызу, высвятляецца, што Кірыла закапалі яшчэ жывога. Становіцца зразумела, што я ні пры чым і мяне з “кічы” вызваляюць пад падпіску. Тыя ж сядзяць і ім інкрымінуюць укрыццё цела; а я бяру ўсё на сябе, але настойваю на самаабароне, тым больш, што пабоі — парэзы — з мяне знялі таксама.
Аднак тут прыязджаюць следакі з вобласці, кажуць: “Э не, так не пойдзе: Дзёня хітры чэл — ён і сябе адмазвае, і вас з турмы выцягвае. Нас такі расклад не задавальняе.” Пераробліваюць яны экспертызу, і тая дае ўжо, што Кірыла закапалі мёртвага, а не жывога.