Вход/Регистрация
Добры дзень, мая Шыпшына
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

На кухні размерана капае з няспраўнага крана: кап-кап-кап...

Маці не хвалюецца. За час, як не стала Васіля, яна перабачыла шмат карэспандэнтаў. Маці ніколі, нават калі ёй кволіцца, не адмаўляецца ад размоў, ад запрашэнняў да дзяцей у школу ці яшчэ куды. Ёй увогуле цяжка адмовіць чалавеку. Госці часта просяць сынавы фотакарткі, абяцаюць перазняць і вярнуць, а пасля, відаць, забываюцца, і зараз з усіх здымкаў Васіля ў яе застаўся адзін гэты партрэт...

Маці добра ведае, што будзе пытацца карэспандэнт, ведае, што будзе апавядаць сама. Спярша яна нетаропка і скупа раскажа пра вайну — як карнікі пусцілі дымам іхнюю вёску і яна з малымі ратавалася ў лесе, як затым, у канцлагеры, тыфус забраў старэйшую, Ніначку. Раскажа, як бедавала з Васільком, не прычакаўшы з вайны свайго Рыгора, як агорала бабскімі рукамі сякую-такую хаціну... Уніз ад ражкоў вуснаў залягуць два горкія раўчукі, але ціхі голас маці не сарвецца, не задрыжышь ад успамінаў — у соты раз і аб самым страшным горы чалавек гаворыць спакойна. А можа, гэта і не ўспаміны, мо толькі іхні цень ці малыя аскалёпкі, а самі ўспаміны схаваныя да нейкай хвіліны, бо душа ведае, што нельга даваць ім волю, што яны, як тыя асколкі, могуць упіцца ў сэрца і тады не будзе паратунку. Кап-кап-кап...

Раней, адразу пасля гібелі Васіля, было не так.

Калі яе распытвалі, маці старалася ўсё прыгадаць, баялася прапусціць нешта важлівае, развярэджвала сэрца і плакала. Потым, з цяжкасцю разбіраючы дробныя літары, яна чытала прынесеную суседзямі газету і горка здзіўлялася: нібыта і пра Васіля, і не пра яго. У газеце не было таго, што маці з болем даставала са сваёй памяці, затое пісалася шмат іншага, зусім ёй невядомага. Маці вось і імя такога нянаскага не чула — Расул, а выходзіла, што з гэтым Расулам тут, на будоўлі, яе Васіля было не разліць вадой: і рабілі разам, і ў футбольнай камандзе гулялі, і нейкіх хуліганаў разам злавілі. Газета як быццам пасміхалася з маці, быццам хвалілася: а я ведаю твайго сына лепей...

Аднаго разу маці паклікалі ў школу, і дырэктар, запрасіўшы яе ў кабінет, доўга тлумачыў, што маці павінна будзе расказваць піянерам, а потым пацікавіўся, як Васіль вучыўся. «Не дужа стараўся,— шчыра адказала маці.— Бывала, і калы хапаў. Я ўжо тады як адважу-адважу ляйчынай — назаўтра і справіць». Дырэктар збянтэжыўся і, пачырванеўшы, папрасіў яе сказаць, што Васіль займаўся на чацвёркі і пяцёркі. «Так патрэбна ў педагагічных мэтах», — растлумачыў ён. Маці паслухалася: гэты абыходлівы паважны чалавек у акулярах і дыхтоўным гарнітуры лепш за яе ведаў, як трэба. Гаварыць пасля гэтага пра калы яна ўясо нікому не адваясвалася.

Сама маці ні аб чым такім не думала, але незаўважна ў яе душы з'явіліся два Васілі. Адзін — герой, аб якім пішуць у газетах і перадаюць па радыё; гэта ён добра вучыўся, будаваў на голым месцы горад, сябраваў з Расулам... Ён, гэты Васіль, падобны да сапраўднага, але якісьці няблізкі, нібыта і не сын яе, а, можа, пляменнік, калі не далейніая радня. Таму гаманіць пра яго маці не гэтак балюча; ёй нават хвілінаю здаецца, што той, герой, і загінуў, ратуючы людзей, калі рака сарвала ў паводку пантонны мост, а яе Васіль — жывы, толькі зноў падаўся некуды на новую будоўлю, ды так далёка, што адтуль не даходзяць лісты.

А назусім разышліся два Васілі пасля таго кіно.

Аднойчы да маці заявіўся жвавы гаваркі мужчына ў замшавым пінжаку. Ён паведаміў, што пра Васіля будуць рабіць кіно, паразмаўляў паўгадзіны, нешта запісваючы ў нататнік, і на адвітанне папярэдзіў, што фільм мастацкі, а значыць, у ім усё будзе трохі не так, як у жыцці.

Неўзабаве ў горадзе распачаліся здымкі. Некалькі дзён здымалі непадалёку дома, дзе жыла маці. Яна занавешвала вокны і не выходзіла за парог: баялася стрэць Васіля.

Першы раз кіно паказвалі тут, у маладым горадзе. Запрашэнне прынёс маці той самы мужчына ў замшавым пінжаку. Яна, кволячыся сэрцам, прасіла, каб як-небудзь абышліся без яе, і госць доўга сядзеў у маці, маўклівы і нейкі разгублены, а перад адыходам за штосьці прабачаўся...

Кіно ішло ў горадзе цэлы тыдзень. Маці ўведала. што там і сапраўды шмат перакруцілі па-свойму, а палову наогул узялі з галавы, але схадзіць яна ўсё адно збаялася. Маці чамусьці думала, што артыст, які іграе Васіля,— кропля ў кроплю сын, і не спадзявалася на хворае сэрца. Па часе маці стала шкадаваць. Яна вінаваціла сябе ў тым, што не пабачыла хай сабе і такога, непраўдзівага Васіля, і ўсцешылася, калі фільм сабраліся паказаць па тэлевізары.

У маці добры, з вялікім экранам тэлевізар — падаравала Васілёва будупраўленне, але яна не сабрала смеласці глядзець кіно адна душой і папрасілася да суседзяў. Спачатку ёй было страшна, аднак, калі ўбачыла на экране Васіля, страх развеяўся. То быў не яе Васіль. Гэты меў жонку — мажную белатварую маладзіцу і дваіх дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку. Дый звалі яго не Васілём, а Яўгенам. А галоўнае, артыст быў ні на драбок не падобны да сына: высокі, з прыгожымі далікатнымі рукамі і бародкай — такія, здавалася маці, і бываюць толькі ў кіно.

Вось так і раздзяліліся тыя два Васілі назаўжды, нават абліччам розныя сталі.

А свайго Васілька маці беражэ. Не ўбярогшы жывога, беражэ ў памяці, не задумваючыся, проста і аддана сплочвае вечны нязбытны доўг мацярок, якія перажылі сыноў.

Нікому на свеце не раскажа маці, як сямігадовы Васілёк хадзіў з ёю на далёкі поплаў грэбці сена і ўвечары, па дарозе дамоў, зняможана прасіўся: «Мамка, паднясі». Той худзенькі памагаты, птушанё, прытуленае да сэрца натруджанымі матчынымі рукамі, належыць адной ёй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: