Вход/Регистрация
Добры дзень, мая Шыпшына
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

— Віншую!

— Павіншуеш, калі кафедру займу. Ты мне лепш скажы, публіцыст, Маркеса апошнюю рэч чытаў?

— Навошта крыўдзіце, дзядзя?

Дзядзька Мікола чыркнуў запалкай, прыкурваючы новую «беламорыну», і толькі тады яны ўспомнілі аб прысутнасці трэцяга і адчулі яго адчужанасць і глухую крыўду. Нітка размовы перагарэла.

— Як з ланцуга сарвалася,— кіўнуў на дуйку дзядзька Мікола.

— Пагодка...— пагадзіўся швагер.— Трэба са старой пагаварыць, можа, уламаем тут хаваць. Інакш — тры дні. Гэта ў выпадку, калі даедзем без прыгод.

Дзядзька Мікола пераступіў з нагі на нагу і прагна зацягнуўся.

— Ён жа прасіў на радзіме,— запярэчыў Стась. Тры дні былі не лішнія і яму, аднак Стасю зрабілася няёмка за дзядзьку Міколу, які быў супраць, але маўчаў.

— Дзе зямлёй брацца — усё роўна. Што апроч магілы чалавек пакідае — вось у чым сутнасць.— Дзядзька Міша секануў рукой паветра.

— Дачку пакідае! — неспадзеўкі ўскінуўся дзядзька Мікола.— Хату пакідае! — I адразу згас.— Гэта, светлую памяць...

— Правільна, Мікалай,— прымірэнча сказаў дзядзька Міша.— Цудоўны быў Пётр чалавек, мала такіх.

У Стасю нешта рванулася, закарцела кінуць дзядзьку Мішу што-небудзь крыўднае, але замест гэтага ён, крутануўшыся на абцасах, ступіў з ганка.

Вецер і снег астудзілі твар, стрымалі ўсплёск абурэння. «У прынцыпе,— прыйшла аднекуль з халоднага завірушнага саду думка,— яго, дзядзькава, рацыя. Уся справа ў тваёй непатрэбнай нікому чуллівасці. Ну, дачка... Хата... Без асаблівага, зрэшты, дабрабыту. Дроў навазіў... Усё гэта, канечне, цудоўна. Светлая памяць?.. Абстрактна. Хто яе будзе захоўваць? I колькі часу?..»

У белай калаверці пазначылася чалавечая постаць.

— Вам тэлеграма...

Распісаўшыся, дзядзька Міша паднёс тэлеграму да вачэй і ўголас прачытаў: «Выказваем глыбокае спачуванне з выпадку напаткаўшага нас усіх гора. Прыехаць не можам. Высылаем сто рублёў. Марына».

Дзядзька Мікола крактануў, як старадрэвіна пад парывам ветру.

— Газетнае спачуванне,— сказаў Стась.— З выпадку напаткаўшага нас гора...

— Станіслаў! — хутчэй дзеля прыліку падвысіў голас дзядзька Міша.

Тое, што яны тут, а хтосьці замест сябе паслаў грошы, аб'яднала ўсіх трох нейкай гордасцю.

Калі вярнуліся ў хату, цётка Юля ўступілася за сястру:

— Ён жа, мусіць, у плаванні, а дзяцей як кінуць?

«Дзеткі-немаўляткі! — раззлаваўся Стась.— Адзін інстытут вось-вось скончыць, а другі ці не ў дзесятым класе штаны працірае».

— Можа, і білетаў нямашака. Святы, увесь свет на нагах,— абараняла сястру цётка Домна, хоць Стась мог паклясціся, што яна, як і астатнія, і без тэлеграмы не сумнявалася, што чакаць цётку Марыну марна: тая ўжо некалькі год адно слала на вяселлі і хаўтуры грашовыя пераводы.

— Па прад'яўленню ціліграмы даюць,— падаў голас дзядзька Мікола.

— Даюць! Многа ты ведаеш! — абарвала жонка. Дзядзька Міша прыстроіўся на крэсле побач з бабулькай. Памаўчаў, пабарабаніў пальцамі па калене, загаварыў:

— Ну завіруха разгулялася... Ні праехаць ні прайсці. Паслухайце, маці... — Ён далікатна абняў старую за плечы.— Я думаю, граху не будзе, калі мы Пятра тут пахаваем. Надвор'е, бачыце, якое, ад шашы да вас не праб'ёмся.

— А мае ж вы дзетачкі... — Бабулька сцялася і безабаронна пераводзіла вочы з Ларысы на Стася, што таксама сядзелі пры нябожчыку.— А хіба я сама ўдумала? А то ж яго волечка апошняя...

— Не плачце, бабуля. Давязём! У выпадку чаго трактар у калгасе возьмем.

Дзядзька Міша паклаў на пляменніка здзіўлены позірк, але настойваць на сваім не стаў.

Бабулька глядзела на Стася, і ў яе слязістых старэчых вачах свяцілася ўдзячнасць уратаванага ад вялікай бяды чалавека.

— Хадзіце, мужчынкі! — гукнула цётка Домна.— Гора-горачкам, а падхарчыцца трэба.

На кухонным стале стаялі талеркі са смажанінаю і скрылямі апетытнай вантрабянкі, міса квашаніцы і Стасева бутэлька дэсертнага. З вуліцы даляцеў бязладны мужчынскі хор і жаночы рогат. Дзядзька Мікола счакаў, пакуль песня аддалілася, і недаверліва глянуў на стракатую налепку.

— Ну, давайце, гэта... Чокацца нельга. Выпіўшы, ён накалоў на відэлак скварку. Стась паспытаў вантрабянкі. Дзядзька Міша падсунуў бліжэй квашаніну і папрасіў гарчыцы.

— Салодкае,— прамовіў дзядзька Мікола.— Але градусы ёсць.

— Еш, еш, хлопчык мой.— Цётка Домна падклала Стасю падсушаных скварак.— Свежанькае ўсё. Прыедзь калі, каўбаскі возьмеш, сальца кавалачак.

— I ў водпуск да нас давайце,— падтрымаў яе чалавек.— Малой і малако, і трускаўкі свае, і яблыкі.

— Паспрабуем,— без ніякай упэўненасці сказаў Стась: жонка выбівала на лета пуцёўкі на Каўказ.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: