Вход/Регистрация
Добры дзень, мая Шыпшына
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Па чарзе, як і ўчора, паснедалі.

— Цёця Юля, вы не крыўдуйце, але мне трэба ехаць.— Стась улучыў момант, каб пачулі адразу ўсе.— Малая з ангінай, тэмпература скача, а Ірына адна...

— Якая крыўда, калі дзіця хворае.

— Давай,— сказаў дзядзька Міша.— Нас тут і так больш, чым абавязкаў.

— Вянкі не ўзялі,— зарупіўся дзядзька Мікола. Дзядзька Міша дастаў дваццацьпятку. Стася пекануў сорам: у партманеце, апроч траячкі на дарогу, ляжаў усяго чырвонец.

— Дваццаць хвілін да аўтобуса,— папярэдзіў жонку дзядзька Міша. «Ага, значыць, і яна едзе. Добра, што не адзін, аднаму ўсё-ткі неяк няёмка»,— зазначыў Стась і ўзахвоціўся праводзіць цётку, каб паглядзець расклад.

На аўтастанцыі высветлілася, што ягоны аўтобус праз паўгадзіны, а наступны — ажно а трэцяй.

Ён у хапошчах пацалаваў нябожчыка ў халодны лоб, развітаўся са сваякамі, схапіў сваю торбу з апельсінамі і ўспомніў: «Скрыпка!»

— Цёця Юля, можна вас на секунду? — Стась пад локаць вывеў яе на кухню.— Цёця Юля, я вас вельмі прашу... Там у дзядзі Пеці дома старая скрыпка. Я б вельмі хацеў... Як памяць па ім...

На ганку ён сутыкнуўся з Ларысай. У яе вачах білася разгубленасць. Ларыса паставіла вядро; жаласна, абламанай ільдзінкай зазвінела восілка. Ён паспешліва пацалаваў сястру і пабег.

Пакуль Стась лётаў, білеты скончыліся. Хуценька з'арыентаваўшыся, ён адшукаў у кішэнях тэлеграму, склаў яе так, каб былі відаць толькі словы: «Прыязджайце хаваць тату» і прашчаміўся да касы.

— Ведамасць ужо ў вадзіцеля. Бяжыце на пляцоўку,— спачувальна параіла касірка.

Вадзіцель незадаволена адчыніў кабіну.

— Слухай, шэф, на пахаванне еду...

— Няма мястоў! — адрэзаў малады васпаваты «шэф».

— Будзь чалавекам,— узмаліўся Стась.

— А я пры чым? Сказана табе, мястоў няма.— Вадзіцель таргануў на сябе дзверцы.

Чакаць да трох не было рахубы, і ён кепска прабітаю ў гурбах сцежкай пацягнуўся на шашу. Ён дакараў сябе, што не здагадаўся захапіць на хаўтуры трафарэтку з назваю свайго горада. Стась заўсёды ездзіў на спадарожных з трафарэткамі, каб вадзіцелі ведалі, што пасажыр надзейны, а не выйдзе праз які дзесятак кіламетраў, нічога не заплаціўшы. Цяпер давядзецца пруцянець на дарозе да другога прышэсця.

Прадчуванне не падманула: машыны ехалі міма.

Шашу расчысцілі вузка, стаяць даводзілася ў глыбокіх слядах, і ў чаравікі сыпаўся снег. Стась здзівіўся, чаму не холадна ў ногі, і ўспомніў, што раніцой знайшоў на чаравіках тоўстыя ваўняныя шкарпэткі. Ад згадкі пацяплела на сэрцы, здалося, быццам ён тут не самотны, нехта ёсць поруч. Але пацяплела ненадоўга...

Праводзячы вачыма яшчэ адну машыну, Стась чуў ужо не бяссілую злосць, а радасць, нібыта на шашы тырчаў не ён, а чужы, непрыемны яму чалавек, які ўцякаў з пахавання роднага дзядзькі, які, горка падумалася зараз, больш года не пераведваў бацькавай магілы. У памяці ажыў сённяшні сон, прынёс балючае разуменне, што ён, Стась, ніводнага разу і не пагаманіў як след з дзядзькам, не паспеў хоць крыху ўведаць яго жыццё... Адзінае, што ён яшчэ можа зрабіць — вярнуцца на хаўтуры.

I тут, бо Стась працягваў машынальна падымаць руку, ля яго спыніліся «Жыгулі». Стась разгубіўся.

— Куды, барада? — адчыніў дзверцы хлопец у скуранцы. Побач з ім вальтом ляжалі дзве пляшкі шампанскага, а за спіной сядзелі ў абдымку румяны здаравяка і дзяўчына з маціцовымі вуснамі.

«А раптам Аліса і праўда захварэла? — асцярожна зашаптаў нехта ў душы.— Ірыне і ў аптэку збегаць нельга...»

— Ты што, языком загрызаў? — нецярпліва засмяяўся кіроўца.

— Гэта ён Элачкі спалохаўся,— растлумачыў здаравяка.

Стась моўчкі пайшоў ад машыны. Ён павінен быў вярнуцца на хаўтуры.

— Баюшкі, барада! — закрычалі яго спіне з «Жыгулёў».— Праспішся, тады на трасу выпаўзай!

Ужо ступіўшы з шашы на сцежку, Стась глянуў на гадзіннік і з дзіўнаю палёгкай зразумеў, што безнадзейна позніцца...

Клён

Ён даведаўся, што памрэ, у той самы дзень, калі карані ўпершыню пасля зімовага нябыту, спачатку насцярожана, а потым усё больш прагна пацягнулі з адталае зямлі яе бунтоўныя п'янкія сокі, і тыя пабеглі вышэй і вышэй, да галін і галінак, да сучка, што з восені ўчэпіста трымаў выпетраны бурштынавы лісток, які можна будзе скінуць толькі тады, калі пупышкі радасна і ўрачыста пырснуць новай пяшчотна-клейкай зелянінай.

Салодкая дрыготка прабегла па ўсім яго агромністым целе, і клён прачнуўся. Ён страпянуў веццем і ўсцешана ўбачыў са сваёй высачыні тое, што сніў усю доўгую завейную зіму: жоўта-блакітную, як ясны восеньскі дзень, хату, сядзібу, усю невялікую, багатую на сады вёску, поплаў з белымі плямамі гусей і няроўны лілавата-зялёны мур лесу, дзе ён, клён, калісьці нарадзіўся і адкуль прыйшоў летась ласы на садавіну вожык, прыйшоў ды, зладзіўшы ў ямцы непадалёк кубло, так і застаўся ў садзе зімаваць — порсткі колкі клубочак, маленькую кволую цеплыню якога клён адчуваў скрозь сон у зімовую халадэчу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: