Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Афіцыянтка Лена, як і чакалася, на аўтастанцыю назаўтра не прыйшла, і мы паехалі ў грыбы ўдвух.
Дзень выпаў такі, як і ўчора, - з сонцам, павучынкамі і одумным кружляннем лісцяў над утравелай лесавой дарогаю, што сустрэла нас некранутай расой. На імшыстых купінах у нізавым рэдкаватым ялінніку з дамешкам бярэзінак цярпліва чакалі абабкі. Па вершалінах, спрытна кіруючы пухнатымі хвастамі, шырокімі кругамі доўга лётала над намі пара закаханых вавёрак. Адной ад глыбіні пачуццяў захацелася паразмаўляць са мной, і яна спусцілася зусім нізка.
Спярша мы з Сяргеем часта перагукваліся, але ягоны голас усё аддаляўся і нарэшце заціх. Я трохі пакрычаў і супакоіўся, бо мы ўсё адно павінны былі сустрэцца на недалёкай шашы, якая час ад часу нагадвала пра сябе гулам машын.
На краі балацявіны я нарваўся на цэлую чараду маладых падасінавікаў, і калі, нацешыўшыся гэтым грыбным краявідам, узяўся зразаць першы, спінаю адчуў нечы позірк. Цішыня ўмомант напялася, і трэск сухой галінкі прагучаў, быццам стрэл. Я, прыгнуўшыся, адскочыў убок і, сціскаючы ў руцэ свой кухонны нож, павярнуўся тварам да небяспекі.
За пяць крокаў ад мяне з фінкаю ў адведзенай руцэ стаяў Сяргей. Мяне апякла думка, што ён ведае пра нашае з Лінай адзінае спатканне. Мой труп ён утопіць у балоце, і яго ніколі не знойдуць. Я вырашыў, што без бою не здамся, і пачаў шаптаць малітву. Бясконцую хвіліну мы стаялі насупроць адзін аднаго, а тады ён засмяяўся і, спружыніста крутануўшыся, кінуў фінку ў стаўбур старой яліны. Фінка ўпілася ў дрэва на ўзроўні чалавечага росту і азвалася тонкім вусцішным звонам.
Збіраць грыбы пасля такой прыгоды мне не хацелася, і праз чвэрць гадзіны мы ўжо галасавалі на шашы. Гэта была шаша на Рыгу, якою мы з Дзінай, пакуль яна не зацяжарала ад Колі, дамаўляліся ў першае студэнцкае лета дайсці да мора. Машыны з латвійскімі нумарамі праляталі на крэйсерскай хуткасці. Беларускія грузавікі і легкавушкі ішлі цішэй, аднак не спыняліся. Нейкія «Жыгулі» пачалі былі гамаваць, ды, наблізіўшыся да нас, кіроўца нечакана рвануў наперад. Я ўважліва паглядзеў на стрыжаную Сяргееву галаву і даў яму сваю кепурку. Гэты нескладаны манеўр змяніў сітуацыю, і неўзабаве мы трэсліся ў кабіне спадарожнага «ЗіЛа».
Сяргей папрасіў спыніцца каля могілак. Сонца пякло па-летняму, і на ўзбочыне мы скінулі штармоўкі і швэдры, застаўшыся ў адных кашулях. Сярод крыжоў і помнікаў сям-там мільгалі падазроныя постаці. Хтосьці, не тоячыся, збіраў бутэлькі, хтосьці - зладзеявата - кветкі.
Хрызантэмы на мамінай магіле былі яшчэ цэлыя.
Сяргей няўпэўнена азіраўся, і я адно тады ўцяміў, што ён не ведае, дзе пахавалі Ліну. Я, безумоўна, не ведаў бы таксама, каб яе магіла не была за пяць крокаў ад помнікаў маім бацькам. «Пайшлі», - сказаў я, і Сяргей зразумеў.
На Лінінай магіле акуратным крыжам зелянелі смолкі. Каля нядаўна пафарбаванай сіняй агароджы вырас вялікі крамяны падасінавік. На фотакерамічным медальёне Ліна выглядала значна цікавейшаю, чым у жыцці. Сяргей пагладзіў адбіты рог помніка і выцягнуў пляскатую пляшачку з нержавейкі.
На закуску ў мяне засталіся два яблыкі і лусцік з сырам. «За што?» - недарэчна запытаўся я. «Не будзем», - адказаў Сяргей і акрапіў з пляшачкі край магільнага грудка.
У пляшачцы аказаўся спірт.
Ехаць дахаты не хацелася, і з могілак мы пайшлі цераз поле да Дзвіны. Сцежка плыла пад нагамі, і, не згаворваючыся, мы павярнулі да стажка саломы.
Сяргей узяўся перабіраць грыбы. Наверсе ў ягоным кошыку ляжаў магільны падасінавік.
Я выцягнуўся на спіне і, адчуваючы, як мякка пагойдваецца пада мною зямля, стаў глядзець у высокае неба і думаць, што добра было б памерці, каб на маёй магілцы таксама вырас падасінавік і каб хтосьці прыйшоў туды і выпіў спірту, а потым ляжаў на цёплай саломе, слухаў, як па шашы з сухім шоргатам праносяцца машыны і думаў, што добра было б памерці...
Я прачнуўся, калі ў хмызняку ўжо варушыліся прыцемкі і ад ракі плыла халодная свежасць.
Сяргея і ягонага кошыка не было, а мой стаяў прыцярушаны дзеля маскіроўкі саломаю. Сонца сядала ў хмару, і прамінулы дзень мог застацца апошнім усплёскам цеплыні перад восеньскай стынню. Я скінуў з грыбоў салому і ўбачыў зверху той самы сцізорык, што ўмеў ператварацца ў фінку. Гэта магло азначаць, што Сяргей зноў пайшоў да жанчыны - ці да той, што пісала яму лісты, ці да якой-небудзь яшчэ, і я пажадаў яму, каб зашытыя куды трэба шарыкі ўсё-такі не адыгрывалі ў ягоным візіце вырашальнае ролі.
Але ўсё, што мяне абкружала, чамусьці здавалася выцвілым малюнкам са старой дзіцячай кніжкі. Я адчуў, што павінен зараз успомніць нешта надзвычай важнае, тое, што ўжо само страпянулася ў душы і прасілася на свет.
Я спусціўся да ракі і змыў халаднаватай вадою рэшткі сну. На жвірыстым плыткаводдзі гулялі пячкурыкі, а крыху воддаль, дзе ўжо мацнела плынь, плыла аднекуль з Полацка ясеневая галінка з трыма лісткамі.
І раптам я ўспомніў.
Я ўспомніў, як аднойчы мы купаліся з табой у Дзвіне, і як ты заплыла на быстрыню, і як, нечакана адчуўшы моцныя абдымкі плыні, спалохалася і рванулася да мяне ўсім сваім маладым палевым целам...