Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Вярнуўшыся ў матроскі інтэрнат і наткнуўшыся позіркам на муху, Міша не стаў сушыць мазгі над тым, як гэтая істота прымудраецца шнураваць па столі дагары нагамі. Хутка тузіны з два чацвераногіх спрытнюг ужо сушыліся на шматтыражнай газеціне «Моряк Балтики».
Пачатак аперацыі прайшоў бліскуча. Рэстарацыю найшыкоўнейшага на той час талінскага гатэля «Vіru» Мішаў страўнік пакідаў пад завязку наладаваны адборным пітвом і едзівам. Назаўтра, у «Старым Томасе», абслуга аказалася някемлівай і Мішу давялося тлумачыць, што ва ўсім цывілізаваным свеце кліента ў такіх выпадках кормяць і пояць задарма. На трэці дзень Мішу застукалі ў той момант, калі ён, з'еўшы булён, задуменна аздабляў карыснай жамярыцаю з цюбіка з-пад лекаў свіную адбіўную. Пра вынаходніка паведаміла прэса, і - хоць Міша паспеў выкарыстаць усяго трох сухіх мух - рахункі за дармовыя пачосткі яму з дапамогаю прадажных газетчыкаў і міліцыі выставілі ажно сем рэстаранаў і кавярняў.
Гісторыю з мухамі я слухаў, седзячы ў салуне. Так мы называлі другі пакой нашай сібірскай хаціны, дзе зладзілі нехлямяжы стол і пару лавак, а малады празаік Джон Галяк здабыў недзе дзіцячы набор для выпальвання і, натхнёны братам, вывеў на вершняку над уваходам: «Тут жывуць дзіцяткі Джона Ячменнага Зярнятка». Міша любіў Бёрнса.
Тамсама, у салуне, сярод пахаў моцнага тытуню, прывялага багуну і потнага мужчынскага цела я пачуў драматычны аповед пра Мішаву службу ў савецкай арміі.
Свой ганаровы абавязак перад сацыялістычнаю радзімай ён выконваў у густых пскоўскіх лясах, дзе мясцовыя жыхары (сама назва - «пскопские») растлумачылі маладзенькім салдацікам, што свята ў іх не лічыцца за свята, калі каго-небудзь не зарэжуць. Але яшчэ да свята ў трох навабранцаў на дывізійных вучэннях не раскрыліся парашуты, і Міша адчуў, што ніякая сіла, нават пагроза расстрэлу, ужо не змусіць яго скочыць у адкрыты люк самалёта.
На «гражданку» паляцеў роспачны ліст улюбёнаму дзядзьку - вясковаму фельчару. Увесь доўгі дзядзькаў адказ быў прысвечаны ўспамінам пра тое, як у дзяцінстве Міша хварэў на лунатызм і па начах непрытомна шпацыраваў з выцягнутымі наперад рукамі па хаце, палохаючы меншых брацікаў і сястрычак.
Тае ж начы шараговы Гарэлік ціхутка падняўся з ложка і з выстаўленымі, як у невідушчага, рукамі рушыў скрозь сімфонію размаітых салдацкіх храпаў да тумбачкі днявальнага. Той таксама хроп, і, каб звярнуць на сябе ўвагу, «лунатык» мусіў двойчы ўрэзаць днявальнаму «пендаля». Наперадзе чакаў шпіталь і падазрэнні ў сімуляцыі, але жалезная воля дапамагла сыну простага беларускага селяніна з-пад Вілейкі вытрываць пакутлівы аналіз спіннога мозгу і заняць бажаную пасаду вайсковага пісара, на якой яму ўдалося тры разы выпісаць самому сабе паперы на адпачынак у роднай вёсцы - там, дзе, шморгаючы смаркатым носам, бегала бясштаннае стварэнне, якому наканавана было праз паўтара дзесятка гадоў зацягнуць Мішу ў ложак, потым у сельсавет, а потым зноў у ложак, але ўжо на законных падставах.
Меланхалічна выцадзіўшы ў Джона Ячменнага Зярнятка пару шклянак партвейну, Бугор любіў пафіласофнічаць. «Запомні, Вовік, - вучыў ён, - старасць - гэта калі ўсе маладыя сікухі здаюцца прыгожымі». Развіваючы тэму, ён грубавата разважаў, што жанчыны дзеляцца на тых, якія могуць табе даць, і тых, якія ніколі не дадуць, а таму і першых, і другіх (гэтых - каб адпомсціць) трэба як мага часцей ставіць у нязвыклыя сітуацыі, каб выбіць з каляіны.
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на тэарэтычную падкаванасць, жыццё ў Мішы склалася якраз насуперак ягоным прынцыпам.
Пакінуўшы талінскую шхуну-рэстаран, ён прыехаў неяк увосень на сваю дзедзіну над Вяллёй і пайшоў у такі круты загул, што, прачнуўшыся аднойчы раніцой, здзіўлена ўбачыў на падушцы побач з сабою галаву дзеўчынёхі-аднавяскоўкі. Міша асцярожліва выбраўся з-пад коўдры і надзеў нагавіцы, каб ісці дахаты, ды дзяўчына расплюшчыла вочы і растлумачыла, што нікуды ісці не трэба, бо гэта і ёсць ягоная хата, а яны ўжо муж і жонка: учора ў сельсавеце іх распісалі, а вяселле зробяць, як Міша прывязе з плавання грошы.
З таго дня Мішава жыццё пакацілася па куп'і ды выбоінах. У Таліне яго канчаткова спісалі на бераг, неспадзяваная жонка нарадзіла крыклівага дзіцёнка і вымагала грошай, а цешча пагражала аддаць пад суд за тунеядства, бо да сялянскае працы Бугор з яго марскім характарам быў прыстасаваны, як кашалот да дрыгвянай сажалкі.
У выніку пералічаных маласпрыяльных абставін Міша рэгулярна, прыкладна раз на месяц, уцякаў з-пад Вілейкі ва Ўладзівасток. Па дарозе ён заяўляўся ў наш студэнцкі інтэрнат да брата і запрашаў нас у рэстаран старога гатэля «Беларусь».
Тым вечарам з гаваркім, поўным жыццёвае мудрасці Мішам не было б цаны, каб не адна акалічнасць: ён ніколі не меў грошай, каб разлічыцца, і мы выкладвалі свае стыпендыйныя рублі і траячкі, беручы з яго за гэта слова, што ва Ўладзівасток ён паедзе наступнага разу, а заўтра ўранні сядзе на маладзечанскую электрычку.
Чарговымі ўцёкамі ад жонкі сталася Мішава з'яўленне ў шэрагах будатрада «Victoria», дзе ён і атрымаў сваю мянушку, што прырасла да колішняга марака, быццам скура.
Дык вось, на Дзень будаўніка Бугру разам з Толем Раслінскім захацелася свята ад самага ранку. Толік меў план, паводле якога спярша трэба было падпаіць нашага земляка Жэню Шаньяна з Асіповічаў, што быў шафёрам і «хімічыў» за смертазабойчую аварыю. Не ўважаючы на нашы слабыя пратэсты, байцы Гарэлік і Раслінскі ўзброіліся двума фугасамі партвейну і рушылі ў свабодны пошук, дакляраваўшы сустрэцца з намі на тэрасе, дзе хімік Жэня напоіць усіх упокат.
Апоўдні тройца выпівакаў матлянулася пад нашымі вокнамі. Прысадзісты карчавіты Міша ішоў яшчэ роўна, але ступаў асцярожліва, нібы па кладцы. Толік у адной руцэ нёс пляцёнку з трыма фугасамі і чамусьці баксёрскія пальчаткі, а другой падтрымліваў румянашчокага мацака Жэню. «Когда мы придем к власти, - крычаў Раслінскі тугаватаму на вуха хіміку, - ты будешь министром финансов!» Жэня сціскаў у кулаку сіні жмутак пяцёрак, і засталося незразумелым: ці Толевы словы ўжо былі пахвалою, ці толькі заахвочвалі жыхара Асіповічаў да шчодрасці.