Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Калі мы апрануліся, я па-мужчынску ўпэўнена правёў па іх пальцамі і нарэшце падзяліўся сваім геаграфічным адкрыццём: «Ты ведаеш, яны падобныя на Новую Зеландыю». «Ну насмяшыў, - адказала Аня і кіўнула на вывадак парцалянавых слонікаў, за якім на серванце стаяў будзільнік.
– Зматваемся, а то Ленчына маманя можа раней прыцягнуцца». Выправоджваючы мяне з кватэры, мая другая жанчына папярэдзіла: «Мішка даведаецца - з-пад зямлі дастане».
У аўторак на заняткі я не пайшоў. Я хацеў, каб здарылася адно з двух: або няхай Аня кожны дзень сцягвае перада мной сукенку, альбо няхай яе назаўсёды забяруць куды-небудзь у гімнастычную зборную СССР у Маскву.
У сераду маці пагнала мяне ў школу, дзе высветлілася, што Шадурка і праўда паехала на нейкія спаборніцтвы і ў цэлым горадзе нашу таямніцу цяпер ведалі толькі два шкілеты, якія з гэтае прычыны выклікалі ў мяне ледзьве не замілаванне.
Вярнулася Аня за пару дзён да зімовых вакацыяў. Яе з'яўленне ў класе ўразіла нават ціхага дэбіла Дзіму Чыкіна, якога не адпраўлялі ў спецшколу дзеля таго, што ягоны бацька быў дырэктарам аўтарэмзавода. Аня, чаго раней з ёю ніколі не здаралася, па чарзе абыходзіла ўсе сталы і, цалкам ігнаруючы дзяўчынак, з кожным з хлопцаў віталася па імені. «Прывет, Вова, - прамовіла яна такім абыякава-бескалёрным голасам, што мне зрабілася ніякавата.
– Прывет, Дзіма, я табе жвачку прывезла...» Гэтую дзіўную працэдуру перапыніў прыход нашага фізіка Юліяна Людзвігавіча, што меў мянушку Кулон.
Далей падзеі разгортваліся надзвычай імкліва. Не паспеў Кулон кагосьці выклікаць, як Шадурка падняла руку. «Што ты хочаш, Аня?» - запытаўся фізік, абсалютна, як і мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькі не ісці да дошкі. «Юліян Людзвігавіч, я малекулы бачу», - усхвалявана абвясціла Аня. Па кабінеце прашамацеў смех, які змяніўся насцярожаным маўчаннем. «Сядай, Шадурка, гэта не смешна», - сказаў Кулон, і ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спісе.
Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласніца, якой карціць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй і вышэй. Кулон падняў вочы. «Што яшчэ, Шадурка?» «Юліян Людзвігавіч, я ўжо атамы бачу, - захлынаючыся ад радасці, загаварыла Аня.
– Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць...» Яна выбегла з-за стала ў праход і паказвала пальцам у паветра.
«Нармалёва», - прысвіснуў нехта з «камчаткі». Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку і вывеў з класа.
Аню лекавалі ўсю зіму і вясну: спачатку ў былым бернардзінскім кляштары, дзе перад вайною выбівалі прызнанне ў Юлькі, а ў пяцідзесятыя гады адчынілі абласную вар'ятню, потым - дзесьці ў Падмаскоўі.
У дзесятым класе наша парачка шкілетаў зноў убачыла Аню. Яна ніколі ні з кім не загаворвала. Яе не выклікалі адказваць і вызвалілі ад выпускных экзаменаў. Яна не ездзіла на зборы і чэмпіянаты і прыкметна пакруглела. Паміж сабой мы са шкадобаю называлі яе Малекулай. Мы даўно ведалі, што на апошніх у Аніным жыцці спаборніцтвах пасля п'янкі яе згвалцілі трэнеры. Трох ці чатырох пасля гэтага пасадзілі.
Калі Аня па-ранейшаму бачыла малекулы і атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзіны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямніцу, быў Мішка Яжэвіч, бо ён, як ні дзіўна, не кінуў з ёю сустракацца і часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Іх разам з памаранчавым намётам бачылі то на дзвінскім беразе за Сафійскім саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлі выкінуты з маскоўскага цягніка поліэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя хлопцы з нашага двара з зайздрасцю казалі, што Мішка ўладкаваўся, як кароль: трахае дурніцу і галава ні пра што не баліць.
Прыехаўшы праз год з Менска дадому, я ўбачыў Мішку Яжэвіча з маладой жонкаю і дзіцячай каляскай. Малекулы ў горадзе не было. Яе бацьку-макаронніка хацелі пасадзіць за крадзяжы, і ён прадаў дом і з'ехаў у Стаўрапаль. Разам з ім паехала і Аня, якая перад тым працавала прыбіральшчыцай у цырульні «Ландыш», што насупраць цяперашняга помніка Францішку Скарыну.
Гадоў праз дзесяць пасля тых падзеяў Мішка Яжэвіч заснаваў кааператыў, што вырабляў жаночыя паясы, і збудаваў сабе на ціхай заможнай вуліцы двухпавярховы катэдж. Яшчэ гадоў праз дзесяць мне расказалі, што аднойчы Мішка не вярнуўся ўвечары дахаты і раніцою міліцыя павезла ягоную жонку ў лес пад Лепель. Апазнаць Мішку ў выцягнутым са спаленага «фольксвагена» абгарэлым трупе ўдалося па верхняй сківіцы з залатымі зубамі.
І без таго цяжкія хаўтуры былі азмрочаныя двума вусцішнымі здарэннямі. Па-першае, у фатографаў ніяк не атрымліваліся здымкі на жалобны партрэт: пасля павелічэння добрых, здавалася б, фатаграфіяў твар нязменна выходзіў чорны. Нехта падрадзіўся зрабіць партрэт са здымка ў замежным пашпарце, але атрымалася яшчэ горш: на месцы вачэй выступілі чорныя кругі, а на шыі - белы пасак накшталт вяроўкі. Другое здарэнне было яшчэ жудлівейшае: калі рыхтаваліся апускаць труну, у магілу спрабавала кінуцца нікому не вядомая п'яная жабрачка, што збірала на кладах пустыя пляшкі.
У фінале маёй гісторыі Маэм зноў будзе прадстаўлены толькі кіпцястай птушынаю лапай.
Я не спытаюся ў гэтай старэйшай ад мяне гадоў на дваццаць істоты, ці памятае яна Мішку. У мяне не знойдзецца буйной купюры, каб пакласці ў яе зашмальцаваную мужчынскую кепурку з абразком святой Еўфрасінні. А калі б смуглым ад бруду пальцам і заманулася скамечыць мой даляр у маленькі шарык, каб яго праглынула птушка, дык грыфы ўсё роўна засталіся ў Веракрусе, а тут скакалі па непадмеценых прыступках адно сытыя манастырскія вераб'і.