Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Гэты дзень надышоў разам з днём стыпендыі, калі Юлік вярнуўся каля паўночы ў інтэрнат, відавочна не дабраўшы нормы.
– Ёсць гара?
– запытаўся ён у Віці Кішко.
– Трымаем, - наструніўшыся, адказаў той.
Юлік выцягнуў з кішэні скамечаныя грошы.
– Схавай смецце, - з годнасцю, вартай сярэднявечных продкаў, прамовіў Віця і выставіў свае ўмовы: - Прабяжыш галяком да жаночага душа і назад - стаўлю тры фугасы.
– Не п....?
– Гадам буду!
– Кішко абражана выцяў сябе кулаком у грудзі.
Юлік не вагаўся, адно папрасіў дазволу прыкрыцца ручніком. Інтэрнатаўскі ручнік быў не нашмат большы за фігавы лісток, прыкрыцца ім можна было толькі з аднаго боку, і Віця літасціва згадзіўся. Канапацкі, відавочна, разлічваў на тое, што ўжо позна і па калідоры другога паверха да жаночага душа можна прамчаць, нікога не сустрэўшы. Ён скінуў кашулю з порткамі і, застаўшыся ў плаўках, загадаў Віцю паказаць віно. Той паставіў на стол тры цёмна-зялёныя фугасы «Агдаму».
Юлік сцягнуў плаўкі і прымерыў ручнік, які, каб абкруціць вакол магутных Юлікавых клубоў, трэба было падоўжыць разы ў тры.
– Чакай, - зычліва спыніў Кішко, калі Канапацкі ўзяўся за дзвярную ручку.
– Глыні для натхнення.
– Ён пасунуў да Юліка адзін з фугасаў.
Пакуль Юлік здзіраў поліэтыленавы корак і каўтаў віно, падступны Віця віхурай праляцеў па калідоры, стукаючы ў дзверы і паведамляючы, што Канапацкі целяшом пабяжыць у жаночы душ.
Калі Юлік, трымаючы перад сабою ручнік, ступіў у калідор, той быў поўны. Падыходзілі людзі з іншых паверхаў. Да гонару Канапацкага, ён не разгубіўся. Набраўшы поўныя грудзі паветра, ён набычыўся і з дзікім крыкам: «Ну, кенты, бля, трымайце мяне!» рынуў наперад.
А сталася так, што ў душавым пакоі, куды пад улюлюканне гледачоў з тарпеднай хуткасцю імчаў Юлік, мылася якраз згаданая раней Вера Кропелька. Дакладней, не мылася, а ўжо надзявала на свае распараныя вабноты махровы халацік, каб адчыніць дзверы якраз у той момант, калі да іх на поўным разгоне, згубіўшы па дарозе выратавальны ручнік, падлятаў аматар «Агдаму».
У наступнае імгненне інтэрнат пачуў роспачнае Верчына верашчанне. Сказаць Юліку, што яна будзе належаць толькі мужу, Кропелька ўжо не паспела: закаціўшы пажаўцелыя ад жаху вочы, яна ціха аб'ехала па сцяне на брудны лінолеум.
Дзіўна, але пасля паўночнага забегу Канапацкага з інтэрната не выселілі. Яго ўратавала здабытая праз каханку-медсястру даведка, што пад час сесіі ён ператаміўся і часова з'ехаў з глузду.
Наогул забег пайшоў Юліку на карысць. На апошнім курсе ён здолеў зменшыць дозы і ажаніўся з дачкою прарэктара політэхнічнага інстытута. У выніку зрабіўся аспірантам, нешта абараніў і неўзабаве паўстаў перад намі ў іпастасі рэспектабельнага выкладчыка навуковага камунізму ў цесцевай ВНУ. Аднаго разу, калі сентыментальнасць у чарговы раз занесла мяне ў сцены аlma matеr, у калідоры я сустрэў Юліка ў сінім з іскрынкаю гарнітуры-тройцы. Паглядзеўшы на ягоны скураны дыпламат на замках з шыфрам, я міжволі адзначыў, што туды можна лёгка схаваць фугасаў шэсць «Агдаму». Маё бяскрыўднае пытанне наконт таго, калі, паводле ягонае навукі, мы пабудуем светлую будучыню чалавецтва, Юліку настолькі не спадабалася, што я сфармуляваў наступнае: ці прабегся б ён у чым маці нарадзіла па нашым пятым гістфакаўскім паверсе ад жаночай да мужчынскай прыбіральні за скрынку каньяку.
– Пайшоў ты на х...
– прыцішана адрэзаў выкладчык навуковага камунізму...
Цяпер мне здаецца, што забег галяком да жаночага душа - неабходны этап у кар'еры любога выкладчыка навуковага камунізму. Такія подзвігі не мінаюцца марна.
Трэба сказаць, што жыццё ў Канапацкага пасля яго сустрэчы з распаранай Верай Кропелькай склалася значна больш удала, чым лёс Юлікавага суседа па пакоі Артура Завалішына пасля рандэву з выкладчыцай гісторыі сярэднявечча Русаковай.
Неяк у зімовую сесію Арцік здаваў ёй залік адным з апошніх. Маладая дацэнтка паглядзела на рослага бландзіна са значком першаразрадніка на штрыфелі, потым задуменна зірнула ў вакно, за якім гусцела бэзавае сутонне, і, распісаўшыся ў залікоўцы, папрасіла студэнта правесці яе дахаты, бо жыла ў слабаасветленым мікрараёне.
У слабаасветленым мікрараёне нядаўна разведзеная дацэнтка ўзяла Арціка пад руку і не адпусціла ўжо да самых дзвярэй кватэры, за якімі перад студэнтам узнік спачатку каньяк, а затым і выкладчыца - ужо ў нечым эфірна-празрыстым.
Другі акт здачы заліку прайшоў настолькі паспяхова, што Завалішын пачаў днямі не з'яўляцца ў інтэрнаце, насіць мадняцкія кашулі і курыць «Mаrlbоrо». На ўсе роспыты ён, як і было загадана, адказваў, што знаходзіцца на спартовых зборах.
Аднак шчаслівы ўдзельнік збораў, у якога ўжо ніколі не павінна было ўзнікнуць праблемаў з вывучэннем гісторыі сярэдніх вякоў, на жаль, не збярог свайго шчасця. Ён распіўся, пахваліўся сябрам спартовымі поспехамі і пачаў дазваляць сабе выказванні накшталт: «Пайду я сваю старушку трахну».
Зайздроснікі і зласліўцы зрабілі сваю справу. На экзамене ў дацэнта Русаковай Арцік адхапіў такі непахісны дваяк, што так і не здолеў пераздаць курс ні сваёй «старушке», ні камісіі, а таму апынуўся спярша на завочным аддзяленні, а потым і ўвогуле кудысьці запаветрыў.
Нядаўна адзін наш былы аднакурснік нібыта апазнаў Завалішына ў верхаводзе рэкеціраў, што адбіралі даляры ў суайчыннікаў на польскім баку мяжы. Калі гэта сапраўды быў колішні спецыяліст па гісторыі сярэднявечча, дык на сваёй слізкай сцежцы ён мае выдатную магчымасць раней ці пазней сустрэцца з падпалкоўнікам беларускай міліцыі Віктарам Кішко, які, па чутках, сваю другую зорку атрымаў за паспяховую барацьбу з тымі, хто напрыканцы васьмідзесятых размахваў на пляцах бел-чырвона-белымі сцягамі і змагаўся з навукаю, якую выкладаў Юлік Канапацкі.