Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Цяжка сказаць, якая логіка штурхнула яго на гэты неардынарны крок: ці то раптам разгуляліся ўласніцкія інстынкты, ці то пячатка, як тая знакамітая чэхаўская стрэльба, мусіла «стрэліць» ужо з прычыны адной сваёй прысутнасці на месцы дзеяння. Але што б там ні было, на тым самым адмысловым месцы ў кампазітаравай абранніцы з'явіўся фіялетавы адбітак з надпісам: «Полацкая дзіцячая музычная школа». Надпіс, бясспрэчна, атрымаўся добра чытэльны, іначай муж-афіцэр не схапіў бы ўначы пісталет, і праштампаванай прыгажуні не трэба было б па тэлефоне папярэджваць каханка аб небяспецы, а таму - ратавацца ўцёкамі, каб урэшце пераехаць у Менск, скончыць кансерваторыю, сапраўды зрабіцца кампазітарам і доўгі час не выступаць перад публікаю, пабойваючыся, што ў зале можа апынуцца афіцэр з пісталетам.

Карацей, кампазітарам у маленстве я не згадзіўся б стаць ні за якія грошы, нават за тыя, што бацькам ніколі не хапала, каб купіць мне ровар, на якім я, на свой сорам, так і не навучыўся ездзіць.

Затое мяне не трэба было ўгаворваць на вадалаза.

Згодны, давай вып'ем за маю першую мару.

Вадалазаў я ўпершыню ўбачыў, калі ў Дзвіне ўтапілася дзяўчына з суседняй вуліцы.

Яны прыязджалі ўранні на машыне-«казле» і марудліва, як на запаволеных кінакадрах, выгружалі на бераг сваё мудрагелістае прычындалле. Найбольшае захапленне ў маёй душы выклікалі боты з таўшчэзнымі алавянымі падэшвамі, якія мы не маглі нават зрушыць з месца, і круглы шалом з вялізнымі вачыма-ілюмінатарамі.

На трэці дзень дзяўчыну выцягнулі з дна і, закруціўшы ў брызент, некуды павезлі.

Вартаўнік лодачнай станцыі дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялікую прэмію. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самі топяць людзей, чапляюць ім да ног камяні, а потым «знаходзяць» у прыкмечаным месцы.

Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвіне не будзе бракаваць і без гэтага, і ўяўляў, як вырасту і буду гэтаксама абуваць цяжэзныя боты і шалом з ілюмінатарамі, да якіх пад вадой будуць падплываць і - вочы ў вочы - глядзець на мяне дзвінскія шчупакі. Я буду добра шукаць тапельцаў і часта атрымліваць прэміі, а пасля - самавіта рассцілаць на траве газеціну, няспешна кроіць на ёй сала, не моршчачыся піць з пляшкі з малінавай галоўкаю гарэлку і мачаць зялёны цыбульны хвост у горбачку солі. Кульнуўшы апошнюю чарку і са смакам дажаваўшы цыбуліну, я буду закурваць і, як старэйшы вадалаз дзядзя Коля, напяваць загадкавую фразу: «Пара-па-бабам, пара-па-бабам...»

Апрача тапельцаў, я павінен быў знайсці на дне ракі яшчэ і жалезную скрынку грошай. Цікава, што тапельцы мне ўпарта не сніліся, а вось скрынку я бачыў у сне шмат разоў і дакладна ведаў, як яна будзе выглядаць: аброслая перлавіцамі і спавітая багавіннем, з пудовым іржавым замком і белым чэрапам са скрыжаванымі косткамі, акурат такім, які быў на трансфарматарных будках і які ў нас чамусьці называлі іванам іванавічам.

Тапельцы прысніцца мне так і не паспелі, бо пасля таго, як дзядзьку Чаглея завезлі на могілкі, у нас з'явіўся новы сусед, а з ім і мая новая мроя.

Суседа, які пасяліўся на кватэры ў жонкі следчага Чаглея, звалі дзядзькам Жэнем, і ён працаваў паталагаанатамам. Вымавіць гэткае складанае слова, як і не менш складаную першую літару ягонага імя, я, вядома, не мог і таму казаў, што, калі вырасту вялікі, буду, як «дзядзя Зеня».

У дзядзьку Жэню мне не падабалася толькі адно: абсалютна неспасцігальнае нежаданне хоць раз узяць мяне з сабою на працу.

Усё астатняе страшэнна падабалася.

Падабалася, што ад суседа заўсёды струменіў пах адэкалону, які наводзіў на думку, што там, дзе дзядзька працуе, якраз адэкалон і робяць.

Падабалася ягоная жонка, цётка Таня, якая ўлетку кожны дзень купляла мне марозіва.

Падабаліся нават і не надта прыхільныя размовы, што круціліся вакол іхняе сям'і.

Дарослых немаведама чаму абыходзіла, што дзядзька Жэня і цётка Таня нейкія «нераспісаныя».

На маю думку, не было нічога кепскага і ў тым, што яны «нераспісаныя», і ў тым, што, каб ехаць на адпачынак у купэ ўдваіх, дзядзька Жэня купіў у купэйны вагон не два, а чатыры білеты.

Яшчэ падабалася, што, калі на святы цётка Таня клікала маіх бацькоў да сябе пасядзець, на стале ў нашых суседзяў стаяла не гарэлка, а віно.

Ты ведаеш, я не забыў, як яны паміж сабою чокаліся. Кожны раз тройчы: спачатку звычайна, потым вось так, яе келіх зверху, а потым - зверху ягоны.

Яны абое былі высокія, станістыя і чарнявыя. Дзядзька Жэня насіў прыгожыя чорныя вусы, у цёткі Тані над верхняй вуснінай таксама прабіваўся цёмны пушок, які па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусікі. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеіха і казала пра кватарантаў за вочы - «мае жыды».

Аднаго разу бацькі, кудысьці з'ехаўшы, даручылі клопаты пра мяне дзядзіжэневай жонцы і, калі мы пайшлі палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афіцэраў і цётка Таня замовіла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю «шніцэль», а потым сустрэла сяброў і тыя запыталіся, ці не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, і пацікавілася, ці падобны я да яе, тады, памятаю, мне было ніякавата зусім не таму, што такім чынам я сам таксама трапляў у лік «жыдоў». Я чуў лёгкі сорам, што гатовы адмовіцца ад родных бацькоў, але зрабіць з сабою нічога не мог: калі ў паталагаанатамы бяруць толькі «жыдоў», я згодны быў запісацца ў «жыды».

Усё на свеце канчаецца, прычым у дзяцінстве гэта адбываецца хутчэй.

Ці то паўплывала празмерная сакрэтнасць прапахлай адэкалонам дзядзіжэневай прафесіі, ці то прарасло пасеянае фільмамі пра «нашых» разведчыкаў зерне савецкага патрыятызму, але аднойчы я прачнуўся з цвёрдым намерам пайсці ў шпіёны. П'ем за нашых шпіёнаў!

Мяне вабіла не столькі рамантыка, як канкрэтнасць гэтага занятку.

У адрозненне ад духмяна-таямнічых сфераў дзейнасці паталагаанатамаў, тут усё выглядала ясна і проста, як яблык-антонаўка з нашага саду.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: