Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Апрача мяне «Ікарус» вязе сёння двух прыстойна апранутых хлопцаў гадоў на дваццаць з гакам, а ў камплекце з імі падарожнічае жыццярадасная рыжая маладзёнка, для якой слова «дыета», мяркуючы па габарытах, мае такі самы абстрактны сэнс, як, напрыклад, і «сінхрафазатрон».

Не паспеўшы ўладкавацца, кампанія бярэцца разгадваць газетную крыжаванку. «Последователь философского направления, противоположного материализму», - чытае рыжая пампушка. «Думай, Федя», - кажа хлопец з падобнымі да прэзідэнцкіх вусікамі. Чыста паголены Федзя думае і выдае адказ: «Пессимист». Маладзёнка лічыць літары і ўсцешана абвяшчае: «Подходит!»

Увесь учарашні дзень падаў пухкі снег, дарожны паказальнік у прыгараднай вёсцы па-гаспадарску вычышчаны, і сустрэча з ім узнаўляе ў памяці чутую ў Лондане гісторыю пра памежны валійскі мост, дзе ўжо колькі стагоддзяў штоночы аднаўляецца нязводны надпіс: «Ангельцы, прэч з Уэльсу!» Не, на паказальніку ніхто не вывеў чаго-небудзь агіднага, кшталту: «Расейцы, прэч з Беларусі»! Пацвярджаючы славутую беларускую талерантнасць, навакольная блазнота, як і ў гады майго маленства, нягледзячы на складаныя мэтэаўмовы, не забылася старанна падмаляваць да першае літары прыдарожнае назвы лішнюю птушачку, ператварыўшы трывіяльнае Копцева ў рамантычнае прыдзвінскае Жопцева.

Гадоў дваццаць таму «Беларускае тэлебачанне» любіла круціць задушэўны фільмец з геніяльным пасажам пра тое, што ў юным горадзе вялікай хіміі Наваполацку жыццё гэткае светлае ды шчаслівае, што нават няма могілак, бо людзі папросту не паміраюць: пакуль яшчэ адно пераступілі парог сталасці, а там, маўляў, пераможа камунізм, і, не выключана, савецкія вучоныя раскрыюць таямніцу вечнае маладосці. Не ведаю, чым паілі і ў якіх лазнях парылі стваральнікаў жыццесцвярджальнае стужкі, але добра памятаю, што на гэтай зялёнай выспе справа ад дарогі на Полацак дзякуючы вялікай хіміі ўжо тады ляжалі пад бярэзінамі двое маіх аднакласнікаў.

Тым часам белымі званіцамі Сафійскага сабора адкрываецца панарама горада, дзе сядзела на гаршку малая князёўна Прадслава, дзе ў вялікі пост мог употайкі кульнуць чарку вучоны манах Сімяон і дзе рос мой сябра дзяцінства Вова Цымерман, што ад ранніх гадоў меў слабасць не толькі да жанчын, але і да чытання, а таму ў кнізе свайго цяперашняга суайчынніка Амоса Оза мог знайсці прызнанне ў любові да Ерусаліма. «Гэта месца, у якім ты мыеш шкарпэткі, пячэш яечню і ўвесь час адчуваеш сябе на мяжы духоўнага аргазму... І гэты сутык - ключ да таго, што зрабіла мяне пісьменнікам. Усведамленне таго, што ёсць містычнасць, і - з другога боку - усведамленне таго, што ў прарокаў і ў Ісуса дрэнна пахла з чаравікаў...»

Полацак сніў сябе нашым Ерусалімам, але ў горадзе, які ў п'яных трызненнях бачыў сябе трэцім Рымам, умелі разгадваць чужыя сны. Таму адзін з аўгусцейшых «рымлянаў» тапіў полацкіх іншаверцаў у дзвінскіх палонках у Інфлянцкую вайну, другі ўласнаручна забіваў у Сафійцы манахаў і закладваў пад яе парахавыя бочкі ў Паўночную, трэці выпрабоўваў перадавую методыку «сноса культовых строений» у нібыта мірным 1964-м.

Заплюшчыўшы вочы, мне зусім нескладана ўбачыць побач з вежамі Сафійкі і купаламі Богаяўленкі барокавыя абрысы сабора Святога Стэфана, і тады я зазвычай кажу сабе: не, хараство не бескарыснае, яно існуе хаця б дзеля таго, каб яго ненавідзелі.

Прыазёрная вёска Гомель, што выправіла сустракаць «Ікарус» пярэстага карнавухага сабаку, павінна добра ўрэзацца ў памяць аднаму расейскаму лейтэнанту-танкісту, што выпіў, мабыць, не меней за пляшку спірту ці якой тармазной вадкасці і, ледзьве не трапіўшы на менскай вуліцы пад колы машыны майго сябра, запатрабаваў падкінуць яго, лейтэнанта, у горад Гомель, а на выпрабавальнае пытанне, ці прысягнуў ён на вернасць Рэспубліцы Беларусі, падзяліўся, што «в гробу он видал эту ё...ю Беларусь вместе со всеми бульбашами», якім паабяцаў, «только рыпнутся», наладзіць «генеральную танковую утюжку». Пасля гэтае тырады мы, вядома, згадзіліся завезці абаронцу Айчыны прамютка ў самы Гомель, пагатоў нам было ў адну дарогу. Вы памятаеце, ваша благародзіе, як аднойчы прачнуліся ў халодны восеньскі вечар, абдымаючы бетонны слупок з надпісам «Гомель», за якім чамусьці стаяла ўсяго колькі дзесяткаў вясковых хатаў, а вакол сурова шумеў партызанскі бор? Калі вы яшчэ не згарэлі на «утюжках» Грознага ці Гудэрмесу, вы ўсё, вядома, памятаеце.

Бліжэй да Лепеля снегу робіцца болей. На шашу выходзіць падхорцісты паляўнічы ў плямістым вайсковым камбінезоне, і ланцужок асацыяцыяў выцягвае наверх імя іншага чалавека з ружжом - таварыша Антанаса Снечкуса, які ў вольны ад блуканняў па лесе час кіраваў ЛітССР у якасці першага сакратара яе кампартыі. Урэшце, тав. Снечкус не надта ўлягаў у хобі, бо ў летувіскага народа захаваўся яскравы ўспамін усяго пра адзін паляўнічы подзвіг свайго тагачаснага «бацькі». Неяк узімку да лясной вёсачкі пад Панявежысам прыбіўся паранены лось, якога жыхары выхадзілі і ўзяліся падкормліваць. Удзячная жывёліна хадзіла па вуліцы і не баялася браць з рук у сялянаў хлеб. Аднаго разу на аселіцы спынілася машына, адкуль выйшаў мужчына ў камбінезоне. Пакуль лось даверліва чакаў хлеба, мужчына зняў з пляча вінчэстэр і ва ўпор заваліў рагатага прыгажуна на снег. Ва ўсім астатнім Снечкус, кажуць, паводзіўся збольшага прыстойна: наадрэз адмовіўся прымаць у склад сваёй рэспублікі братнюю Калінінградскую вобласць і ўпёрся, калі ў Маскве пастанавілі будаваць Ігналінскую АЭС. Праўда, станцыю на летувіскім баку Дрысвятаў усё адно паставілі, а горад энергетыкаў у гонар праціўніка будаўніцтва назвалі Снечкусам.

«Высший сан в православии», - даносіцца да мяне з боку аматараў крыжаванак. «Поп».
– «Маловато букв».
– «Думай, Федя».
– «Чего ты все Федя да Федя»...

Дзякуй Богу, маскоўскія таварышы не здагадаліся выбраць пад АЭС Лепельскае возера, берагам якога коціцца мой «Ікарус».

Да самага нядаўняга часу за назваю Лепель для мяне хаваўся адно вядомы з сярэднявечча сюжэт пра кузена лохнескае пачвары, што гнездаваўся на дне тутэйшага возера і на дэсерт любіў паласавацца грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага з акуратна перакусаных напалам чаўноў, а калі нарэшце здох ад нястраўнасці, дык смурод, калі верыць хронікам, крывеліў беларускія насы нават на Валовай азярыне ў Полацку і, прынамсі, быў ні на каліва не слабейшы, чым у лепельскай вакзальнай прыбіральні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: