Юрэвіч Лявон
Шрифт:
Ня мінуў тыдзень ад дня заснаваньня эскадрону, як даведваемся, што прыяжджае на інспэкцыю гэнэрал Гэльлер ці Гальле зь Менску. Увесь эскадрон на занятках. Дыжурныя прыбіраюць калідоры казармаў. Вартавы, як махавік гадзіньніка, рэгулярна ходзіць перад галоўным уваходам. Пад’яжджае машына. Зь яе вылазіць маленькага росту, ужо даволі пажылога веку чалавечак у вайсковай уніформе з чырвонымі кляпамі. Гэта відаць ён. У таварыстве ад’ютанта заходзіць у казармы. Яго прывітаў камандзер. Гэнэрал пацікавіўся, як прайшоў набор у эскадрон, які настрой жаўнераў. Яшчэ некалькі стэрэатыповых пытаньняў, якія павінен паставіць кажны, хто прыяжджае на інспэкцыю. Агледзеў казармы, кухню, сталовую і ўрэшце папрасіў даць яму нагоду пабачыць жаўнераў. Паехалі санкамі на месца заняткаў, якія адбываліся ўздоўж гарадэчанскага тракту. Гэта быў пэрыяд вышкалу паасобнага жаўнера. Групы раскіданы далёка па полі. Чуваць галасы камандаў. Спраўнае выкананьне. Усё гэта, відаць, робіць добрае ўражаньне на старога жаўнера. Ён прыглядаецца, як пасьля заняткаў паасобныя зьвязы фармуюцца ў калёны і з песьняй вяртаюцца ў казармы. Зьвяртаючыся да камандзера ён папытаў:
— Як доўга вы займаецеся з эскадронам?
— Амаль тыдзень. — адказаў камандзер.
— Гм, гм… — замармытаў гэнэрал.
Вярнуўшыся ў казармы, ён падзяліўся ўражаньнем зь інспэкцыі батальёну пад нямецкай камандай. Ён не разумеў, чаму той батальён, хоць і раней сфармаваны, робіць уражаньне арганізацыйнай стадыі.
Заняткі адбываюцца нерэгулярна, жаўнеры няспраўна выконваюць каманды. Наагул немагчыма параўнаць узровень абыдвух адзінак.
— Там не хапае ўздыму. Жаўнеры выконваюць загады з мусу або страху. Няма ніякага духовага кантакту паміж камандзерамі-немцамі і жаўнерамі-беларусамі. Калі яны патрапяць выясьніць, супраць чаго ён змагаецца, дык ніколі жаўнер яго не зразумее, за што ён мае змагацца.
Доўга яшчэ «ўсьведамляў» гэнэрала камандзер эскадрону, але ці асела нешта з гэтага ў ягоных цьвёрдых мазгах, цяжка сказаць. Коратка перад ад’ездам гэнэрал нейк нявыразна запрапанаваў:
— Бачыце, можа дзеля лепшага ўзгадненьня вышкалу нашага эскадрону зь нямецкай вайсковай сыстэмай, мы вам далі б нямецкага ахвіцэра, як лучніковага?
Наш камандзер добра ведаў, што абазначае такі лучніковы. І стоячы на пазыцыі поўнай незалежнасьці эскадрону ветліва, але катэгарычна адмовіў. Пры гэтым дадаў:
— Калі вы будзеце на гэтым настойваць, я распушчу безадкладна эскадрон.
— Не, не! Гэта толькі прапанова, але калі вы лічыце гэта непатрэбным, дык усё ў парадку.
На гэтым закончылася гутарка і больш ніколі падобная тэма ня была закранутая.
Аднак ня ўсё йшло так гладка, як бы гэтага хацелася. Хутка пачалі даходзіць весткі, што партызаны непакояць ceм’і жаўнераў эскадрону. Гэта абніжае настрой жаўнераў. Цяжкі непакой закрадаецца ў сэрцы юнакоў. Лёс бацькоў, братоў, ці сясьцёр загрожаны чырвонымі бандамі. Адзін з жаўнераў дэзэртуе. Неабходна хуткая рэакцыя. Камандзер склікае нараду ахвіцэраў. Розныя рады, прапановы, але ніводная не выдаецца добрай. Адзін з ахвіцэраў нясьмела запрапанаваў рэпрэсыі адносна сям’і, але зараз-жа гэтага пашкадаваў.
— Чым-жа мы будзем розьніцца ад чырвоных бандаў, калі ўжывем такі мэтад, — сказаў камандзер, дэзэрцыя зусім зразумелая з псыхалягічнага гледзішча. Трэба шукаць іншага выхаду…
Ніхто не забірае голасу.
— Выхад ёсьць, — раптам павесялеўшы ўскрыкнуў камандзер, — але… так… добра… — неяк нявыразна замяўся ён. — Дзякую, нарада закончана, — сказаў нарэшце цьвёрда. Відаць зрадзіўся нейкі плян, аб якім не хацеў гаварыць на нарадзе.
Больш гэтая тэма не закраналася, але й сем’і жаўнераў эскадрону сядзелі спакойна на вёсках. Партызаны іх не чапалі. Шмат пазьней выйшла наяў, што камандзер выслаў ліст да партызанаў з ультыматыўнай прапановай спыніць усялякія рэпрэсыі адносна сем’яў жаўнераў, з пагрозай, што эскадрон будзе змушаны на акцыю адказаць контраакцыяй і ўжыць падобныя рэпрэсыі адносна сем’яў людзей, што пайшлі ў партызаны. Як ні дзіўна, але гэта падзейнічала.
Паміма ўсяго, паложаньне эскадрону і ягонага камандзера было даволі цяжкое і скамплікаванае. Немцы з зайздрасьцяй глядзелі на рост беларускага аддзелу. Пасьля выезду Траўба ў камісарыяце ня было ніводнага немца, хто-б разумеў палітычную сытуацыю. Жандармэрыя наскоўвала СД [7] ды іншых немцаў супраць эскадрону і асабліва супраць ягонага камандзера. Жандармэрыю з другога боку ўраблялі палякі за пасярэдніцтвам маладых полек лёгкага паводжаньня. Ня меншай «сымпатыяй» цешыліся нямецкія жандармы і ў жаўнераў эскадрону. Пры такім паложаньні «высокага напружаньня» цяжка было ўнікнуць канфліктаў, якія часта прымалі камічныя формы. Нельга ня ўспомніць тут аднаго інцыдэнту, які здарыўся пару тыдняў пасьля паўстаньня эскадрону.
7
S.D. — Sicherheitsdienst; нямецкая служба бяспекі, нешта падобнае да савецкага МВД.
На той самай вуліцы, дзе знаходзіліся казармы, крыху далей на краю гораду, жыла група полек, да якіх адчувалі нейкі асаблівы сэнтымэнт адкормленыя беларускім салам нямецкія жандармы. Калі ўжо горад засынаў і на вуліцу не паказваўся ніхто, шануючы сваю галаву, яны, як духі начныя, ехалі да ўспомненых дзяўчат, каб там пацешыцца моцай іхнай самагонкі ды рэлятыўнай якасьці чарам іхных целаў. Гэтыя начныя «шпацыргангі» адбываліся штодня на вачох вартавога эскадрону. Вось у адну марозную ноч, калі расслабленыя п’янствам жандармы вярталіся дамоў, выскаквае спад брамы казармаў двух вартавых з стрэльбамі напагатове:
— Стой! Лягай! — прарэзаў начную цішьшю звонкі голас падахвіцэра Д., ведамага із сваіх асаблівых «сымпатыяў» да немцаў.
— Halt! Hinlegen! — паўтарыў ён яшчэ грозьнейшым голасам.
— Hier deutsche Qendarmen! — адазваўся адзін зь іх, відаць больш цьвярозы.
— Hinlegen oder ich schiesse! — ужо голасам, не пакідаючым ніякага сумніву ў сур’ёзнасьці ягоных намераў, зароў Д.
Як адкормленыя парсюкі, п’яныя жандармы паскочваліся ў сьнег, а спалоханы конь паймчаўся з пустымі санямі. Адзін з жандармаў прабаваў нешта выясьняць, але вострае «Маўчаць! Нікс фэрштэен» змусіла яго ўспакоіцца і церпяліва чакаць зьмены вартавых, каб магчы гутарыць з камандзерам варты. Пасьля блізу гадзіны прывялі працьверазеўшых жандармаў на старожню.