Вход/Регистрация
Жыцьцё пад агнём
вернуться

Юрэвіч Лявон

Шрифт:

Зьвязы занялі вызначаныя пазыцыі. Мінамёты і на той час адзіная супрацьпанцырная гармата з гатовай да бою абслугай чакалі на загад каб пачаць бой.

Ст. лейтэнант С. меў гатовы плян. Ліст да камандзера польскага аддзелу ляжаў у ягонай кішані. У ім было сфармуляванае ўльтыматыўнае дамаганьне неадкладнага адступу палякаў за Нёман. С. падклікаў аднаго селяніна і даручыў яму перадаць ліст собскаручна камандзеру польскага аддзелу. Палякам было дадзена дзьве гадзіны часу. Камандзер глянуў на гадзіньнік. Роўна поўдзень. Ён дапісаў нешта ў ліст, заклеіў і перадаў селяніну. За некалькі часінаў той ужо быў каля першых забудоваў вёскі. Два польскія жаўнеры выскачылі з-за хаты насупраць яго і неўзабаве зьніклі ў забудовах.

Памаленьку пасоўваецца стрэлка гадзіньніка. Жаўнеры гараць нецерпялівасьцяй. Ніхто ня верыць у мірнае палагоджаньне канфлікту. У іхных вачох устаюць постаці дзесяткаў і сотняў забітых беларускіх патрыётаў. Тыпічны праяў рыцарскасьці польскіх партызанаў: данос у СД або куля ў плечы.

Стрэлка мінае першую гадзіну. Камандзеры зьвязаў маюць апошнюю нараду з С.

— Пачынаем пунктуальна ў дзьве гадзіны. Другі зьвяз павінен заняць як найхутчэй мост цераз Нёман. Пакінуць адну дружыну і атакаваць Бярозаўку з паўночнага боку. Трэйці зьвяз пад прыкрыцьцём мінамётаў і цяжкіх кулямётаў зойме першыя забудовы. Першы зьвяз у рэзэрве. На белую ракету заняць першыя забудовы ўправа ад гуты! — палі апошнія словы С.

Гадзіна 1,45. На дарозе паказваецца постаць селяніна. Адначасна польскі сьцяг на коміне гуты паволі апушчаецца. За некалькі часін камандзер трымае ліст у руках:

Палякі пастанавілі адступіць за Нёман. Роўна а 2-й гадзіне эскадрон увайшоў баявым парадкам у гуту. Тэлефанічная сувязь з Наваградкам была навязана неадкладна. І паплыла па дроце радасная вестка аб бяскрывавай перамозе эскадрону. Маланкай разьнеслася вестка па Наваградку. Ягоныя жыхары ўспрынялі яе з энтузіязмам.

«Малайцы хлопцы. Палякі здрэйфілі. Гэта ім не з-за вугла страляць. Эх, брат, каб такіх эскадрончыкаў з сотню ў Беларусь. Сьпярылі б і белых і чырвоных, ды й немцы йначай засьпявалі б».

Гэтым вечарам падобныя гутаркі чуліся бадай у кажнай беларускай хаце. Тымчасам эскадрон заняў гуту. На комін усьцярэбліваецца жаўнер. За колькі часінаў разгарнуўся на ветры бел-чырвона-белы сьцяг і залунаў у праменьнях сонца. Як на каманду вырвалася з маладых грудзей «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і падхопленае ветрам паняслося далёка за Нёман. Дзесь зь бесканцовасьці пачулася рэха: «…у крывавых муках мы адродзім жыцьцё Рэспублікі свае …»

На наступны дзень палякі прыслалі дэлегацыю з прапановаю наладжаньня сустрэчы камандзераў польскіх партызанскіх аддзелаў у Лідчыне з ахвіцэрамі эскадрону. Як месца сустрэчы, яны запрапанавалі адзін хутар каля двух кілямэтраў ад Бярозаўкі. З кажнага боку будзе трох дэлегатаў. Адны й другія павінны забавязацца прыйсьці бяз эскорты і толькі з бакавой зброяй. Мэта сустрэчы: шуканьне паразуменьня між двума бакамі ў супольным змаганьні супроць чырвоных партызанаў. Ст. лейт. С. пасьля кароткае нарады даў сваю згоду. Трэба сказаць, што пры наяве ведамых падступных мэтадаў палякаў, такая сустрэча была больш чым рызыкоўная і вымагала вялікай адвагі нашых камандзераў. Ст. лейт. С. у таварыстве лейт. М. і падахвіц. У. роўна а дванаццатай гадзіне выйшаў на ўмоўленае месца сустрэчы. Дзьве дружыны ў поўнай баёвай гатоўнасьці былі вызначаны на ўсялякую непрадбачаную эвэнтуальнасьць. На хутары сустрэў нашых камандзераў маёр Рогэр (так ён прынамся прадставіўся). Перад быстрым аднак вокам падахвіцэра У. не схаваўся аддзел польскіх партызанаў у сіле каля 30-х чалавек, што залёг ў кустах мэтраў 300 ад хутару. Ён паінфармаваў аб гэтым камандзераў. Маёр Рогэр, зразумеўшы сказанае, зрабіў выгляд, што ён аб гэтым нічога ня ведаў, і што гэтыя жаўнеры апыніліся там безь ягонага ведама. Ім ён даў загад неадкладна пакінуць раён хутару.

Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для беларусаў адзіны выхад — гэта супрацоўніцтва цяпер з палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С. паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка.

— За нашой вольносьць і вашой, ня так? — папытаў ён.

— Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі.

— Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, што вы атрымоўваеце зброю ад немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно «але»: вы змагаецеся першым чынам супраць беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадку таксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за немцаў, але за лепшую будучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў беларусаў.

Маёр быў выразна занепакоены.

— Бачыце, цяжка ўтрымаць дысцыпліну ў партызанскім жыцьці. Гэта былі выпадкі, зробленыя бязь ведама галоўнага камандаваньня. Вы разумееце, што існуюць паасобныя нездысцыплінаваныя банды, і нам цяжка мець над імі кантролю. Але ў нас ёсьць загад не чапаць беларускага насельніцтва. Вы павінны гэта зразумець…

— Так, я добра разумею і раблю з гэтага адпаведны выснаў: нельга дагаворвацца аб супольнай акцыі з камандзерамі, якія ня маюць аўтарытэту над сваімі жаўнерамі. З майго боку наступная прапанова: вы павінны неадкладна спыніць тэрарыстычную акцыю супраць беларускага актыву. Даём вам час да перакананьня нас у вашых добрых намерах. Прапаную пасьля аднаго месяца сустрэцца зноў. У выпадку аднак, калі тэрарыстычная акцыя паўторыцца, мы будзем змушаны адказаць тэрорам на тэрор і пачнем сыстэматычную акцыю вынішчаньня палякаў на тэрыторыі Наваградзкае Акругі. Я скончыў. 

 Разьвітваючыся, С. дaдaў:

— Прапаную Вам да сяньня вечара вывесьці ўсе вашы аддзелы за Нёман, каб ухіліцца ад непатрэбных сутычак.

Увечары нашая дэлегацыя, расказваючы аб сустрэчы, знайшла поўную падтрымку ў занятым у гутарках з палякамі становішчы.

Месяцы сакавік і красавік у вялікай меры былі прысьвечаны коннаму вышкалу жаўнераў. Эскадрон атрымаў коні ў палавіне сакавіка. Вышкалам заняўся лейт. Д-а, добры кавалерыст, які задзіўляў нас уcіx сваімі вычынамі на кані. Гэта быў незраўнаны жаўнер. Перад уступленьнем у эскадрон ён быў кіраўніком карэліцкай паліцыі і адзначыўся ў баёх з партызанамі. Колькі разоў ранены, ён рабіў уражаньне чалавека, якога кулі не бяруць, бо ніразу пасьля раненьня, нат паважнага, не пайшоў у больніцу. Ён ведаў сабе цану і таму канфлікт зь мясцовай жандармэрыяй, якой падлягала паліцыя, быў няўхільны. Пасьля аднэй вострай дыскусіі, у якой яго абразіў жандар, ён не паўстрымаўся, і выцяў яго па твары, і каб не сябры, застрэліў бы яго на месцы. Пасьля гэтага факту быў арыштаваны й вывезены ў наваградзкую турму, скуль уступіў у эскадрон.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: