Юрэвіч Лявон
Шрифт:
Гэбіст сеў, адкрыў маё дасье й, здаецца, не заўважаў мяне. Ён назваў мне сваё імя — калі не памыляюся, Ісаак Гіньзьберг. Раптам ён узьняўся, падышоў да мяне й сказаў, што я манюка. Ён паклаў паперы перада мною й загадаў прачытаць іх, а сам вярнуўся да стала й запаліў цыгарэту. Гэбіст утульна разьмесьціўся на сваім крэсьле, сядзеў сабе ды й пускаў колцы дыму. Я пачаў чытаць і проста ня верыў сваім вачам. Тамака было ўсё, што я расказаў у Баранавічах старому, але, акрамя гэнага, яшчэ тузін рэчаў, якіх я ніколі ня ўзгадваў. Напрыклад, што ў Налібоцкай пушчы я трымаў у падпольным складзе амуніцыю й зброю й што мой брат Вальтэр добра ведае пра гэта. Таксама там казалася, што я атрымаў ад сваіх дзядзькоў Базыля й Шчатыркі, якія, быццам бы, нямецкія шпіёны, загад пашырыць шпіёнскае кола ў раёне Любчы й Наваградка. Акрамя гэнага, я мусіў арганізаваць падпольную армію, каб узьняць паўстаньне супраць Савецкага Саюза. Я сапраўды ня верыў сваім вачам! Усё, што я наказаў старому, было праўдай, але ўсё астатняе — плён хворага ўяўленьня!
Мне спатрэбілася паўгадзіны, каб прачытаць напісанае, і калі я нарэсьце скончыў, то адклаў паперы ўбок і сказаў, што гэна ўсё хлусьня. Што няма ніякай шпіёнскай арганізацыі, ніякага падпольнага руху. Я спытаўся, якім чынам, яны думаюць, я мог пасьпець сабраць склад зброі, стварыць шпіёнскае кола, падпольную армію за такі кароткі час: зь верасьня па студзень? Я нэрвова засьмяяўся й заўважыў, што гэта не я манюка, а тыя, хто спрабуе абвінаваціць мяне ва ўсіх гэных грахах. У той самы момант, калі я сказаў гэна, я зразумеў, што зрабіў памылку. Сьледчы ўскочыў, скінуў мяне з крэсла й ударыў кулаком па галаве спачатку справа, а потым зьлева. На нейкі час я страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то зразумеў, што ляжу на падлозе. Я паспрабаваў узьняцца. Мне было млосна, і ў галаве гудзелі званы. Пакой круціўся, і мяне ванітавала. Я здолеў сесьці на крэсла, і гэбіст, які выглядаў вельмі жорсткім, стаў насупраць мяне. Ён сказаў, што я абразіў яго, калі назваў манюкам, і што я паплачуся за гэна двума днямі йзаляцыі. Я ня мог даўмецца, якога кшталту йзаляцыю ён мае на ўвазе, бо я і так ужо быў ізаляваным у сваёй камеры. Але ў мяне, па словах сьледчага, яшчэ быў шанец выправіць становішча, калі б я падпісаў паперы. Калі я так зраблю, КГБ паставіцца да мяне інакш і будзе больш паблажлівым. Я амаль ня чуў гэных словаў і толькі круціў галавой і паўтараў, што не магу падпісаць дакументы, у якіх ні слова праўды. Тады сьледчы паведаміў мне, што мае дзядзькі й Вальтэр — часьнейшыя за мяне, і што яны якраз-такі пажадалі апраўдацца за сваю дзейнасьць. Ён сказаў, што яны ўва ўсім прызналіся й КГБ паставіўся да іх спагадліва. Я зірнуў на гэбіста й заявіў, што паверу гэтаму, толькі калі пачую гэта ад іх саміх. Не памятаю, што адбылося потым. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб ачомацца ад біцьця. Я ляжаў на падлозе, а сьледчы біў мяне нагой у пахвіну, і тады я зусім страціў прытомнасьць.
Калі я ачуняў, гэбіста ўжо не было ў пакоі. Ахоўнік дапамог мне ўзьняцца, паклікаў другога, і яны напалову вывялі — напалову выцягнулі мяне з пакоя. Я заўважыў, што мы йдзем ня ў камеру, а некуды ў сутарэньні. Яны прывялі мяне да нейкіх дзьвярэй, упіхнулі ўнутр і зачынілі дзьверы. У камеры было напаўцёмна, але я заўважыў матрац у куце. Пакой быў футаў чатырох-шасьці, а то й меней. Сьцены былі вільготнымі, і стаяў смурод. Гэта й называлася йзаляцыяй. Людзі бавілі ў ёй дні й тыдні ў якасьці пакараньня. Няўжо я сапраўды абразіў сьледчага? Я толькі сказаў, што ў паперах была хлусьня, але ён прыняў гэна на свой рахунак. Альбо гэна была проста нагода зламаць мой супраціў? Я ня ведаў.
Празь нейкі час мне прынесьлі вады й хлеба, якіх мусіла хапіць на цэлы дзень. Потым ізноў стала ціха. Я сядзеў на матрацы й абмяркоўваў сваё становішча й будучыню. Я пачуваўся поўнасьцю бездапаможным. Я мог спаць толькі ўрыўкамі ў гэнай халоднай вільготнай камеры.
Ня ведаю, як доўга мяне тамака трымалі — магчыма, дзень ці два. Нарэсьце, дзьверы адчыніліся, і ахоўнік правёў мяне назад у маю камеру. Якая палёгка! Мая камера падалася мне тады гатэльным нумарам! Магчыма, ізаляцыя была мне нават на карысьць, бо цяпер я шанаваў сваю камеру, і яна падавалася мне сапраўды ўтульнай. Аднак я разумеў, што ня мушу рабіць ніякіх імпульсіўных учынкаў, каб нікога не пакрыўдзіць.
Мяне пакінулі ў спакоі на два-тры дні. Потым мяне выклікалі йзноў і прывялі ў звычайны пакой для допытаў. Увайшоў малады лейтэнант і сказаў, што ён ведае пра непаразуменьне, якое паўстала з апошнім сьледчым, але я быў пакараны за тое, што даў волю сваім эмоцыям. Лейтэнант спадзяваўся, што я абмеркаваў сваё становішча й згодны цяпер падпісаць прызнаньне. Ён дадаў, што я яшчэ малады й мяне чакае сьветлая будучыня, калі я прыму савецкі лад як адзінае выйсьце для тых, хто пакутваў ад капіталізму, царскага самаўладзьдзя й палітычнага ўціску з боку Польшчы. Я паглядзеў на сьледчага. Я ўжо нікому не давяраў. Я пакруціў галавой у знак адмаўленьня падпісаць прызнаньне, бо ў ім няма ні слова праўды. Я дадаў, што яны могуць мяне ўзноў пасадзіць у адзіночную камеру, але я нічога не падпішу. Гэбіст заставаўся вельмі прыязным. Ён ня ўзьняў на мяне голасу, ня выказаў гневу. Ён працягваў задаваць тыя самыя пытаньні й распавёў гісторыю пра тое, як ангельцы спрабавалі атрымаць уладу над Індыяй за кошт таго, што нацкавалі індуістаў і мусульманаў адзін на аднаго. Ён параўнаў гэта з намаганьнямі Нямеччыны, якой хочацца пасварыць паміж сабой этнічныя групы ўнутры Савецкага Саюза. Я адказаў, што сумняваюся ў тым, што немцы парушаць пакт аб ненападзе, які яны падпісалі з Савецкім Саюзам. Гэбіст расьсьмяўся на гэна й спытаўся, няўжо я сапраўды думаю, што саветы давяраюць немцам, што яны могуць прыняць фашызм — архіворага савецкай сыстэмы? Ён дадаў, што Савецкі Саюз мусіць быць гатовы да барацьбы й павінны ачышчаць сваё грамадзтва ад такіх людзей, як я, якія хочуць разваліць яго знутры. І ён запэўніў мяне, што яны здолеюць выканаць свой абавязак.
Мяне адвялі ў камеру й пакінулі ў спакоі на некалькі дзён, а потым ізноў дапытвалі дні два-тры.
Гэта працягвалася бясконца. Напрыканцы сакавіка мяне прывялі ў зусім іншы пакой для допытаў. Я пахаладзеў: тамака знаходзілася лаўка з рамянямі, а таксама Гіньзьберг і два ніжэйшых па званьні гэбіста. Гіньзьберг сядзеў якраз насупраць мяне й выглядаў даволі пагрозьліва. Ён пазіраў то ў паперы, то на мяне. Ён паведаміў, што я маю апошні шанец прызнацца ўва ўсім, інакш я сутыкнуся зь вельмі непрыемнымі пасьледзтвамі сваіх паводзінаў. Я адказаў, што ўжо прызнаўся ўва ўсім і што мне няма чаго дадаць. Сьледчы запярэчыў, што гэта ня так, бо інфармацыя, якую яны атрымалі ад Косьціка, ягонага дзядзькі й маіх дзядзькоў, не супадае з тым, што наплявузгаў я, і што калі я не падпішу прызнаньне, у дачыненьні да мяне будуць прымененыя крыху іншыя сродкі допыту. Пагрозьлівым тонам сьледчы сказаў: «Вось папера. Вось асадка. Падпісвай!» Я не зварухнуўся зь месца — толькі моўчкі глядзеў на яго. Потым апусьціў галаву і раптам быў падхоплены двума гэбістамі, пакладзены на лаву тварам уніз і прывязаны. Яны зьнялі мае чаравікі, і я адчуў жахлівы боль. Я не магу яго нават апісаць — гэта было так, быццам нехта прыкладаў да маіх ступней гарачы прас. Гэна быў пякучы боль, які працінаў ногі й мозг. Ня ведаю, колькі яшчэ яны білі мяне па нагах, бо я хутка страціў прытомнасьць. Калі я нарэсьце адкрыў вочы, то быў зусім мокрым, зь мяне лілася вада й я сядзеў на лаве. Мне загадалі сесьці на крэсла, але я ня мог ступаць балючымі нагамі. Тады мне загадалі абуць чаравікі, і я заўважыў, як у мяне апохлі ногі. Каты падзьцягнулі мяне да крэсла, і Гіньзьберг сказаў, што гэна быў толькі маленькі прыклад таго, што робяць з ворагамі Савецкага Саюза, якія ніяк ня хочуць зьмяніцца ў лепшы бок і прызнаць савецкую сыстэму.
Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб здолець хадзіць. Я фанатычна разьвіваў тулава, але пакінуў у спакоі ніжнюю частку цела.
Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога.
Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі — у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына — яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым — сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад’яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго.