Алесь Аркуш
Шрифт:
1998
Дзе пахаваны наш першы сьвяты
Торвальд Вандроўнік быў першым хрысьціянскім місіянэрам у Беларусі. Магчыма, гэта ён адпяваў Рагнеду і Ізяслава. «Там ён пахаваны ў адной гары каля Полацку, і называюць палачане яго сьвятым», — пішуць сагі. Магіла сьвятога — у Полацку на Востраве?
Прачынаюся. Нават з заплюшчанымі вачыма адчуваецца, што раніца лагодная. Узыход ліпеньскага сонца ў такія хвіліны можна нават пачуць — асабліва ў зацішным кутку ў драўляным прыватным доме. Калясьніца Ярылы на крутым пад’ёме нябеснага шляху грукоча як мае быць. Прыслухаесься і выразна чуеш адмысловы гуд — гэтак жа дае аб сабе знаць далёкая аўтастрада.
Устаю з ложка і іду да акна. З другога паверху можна гадзінамі глядзець на прыдзьвінскі краявід. Паверхня магутнай ракі гладкая, і ты проста фізычна адчуваеш тую волатаўскую моц, зь якой яна коціць у Балтыку свае воды. У ёй адбіваецца глыбокі блакіт неба, цені кірляў, якія нястомна кружляюць у насычаным сонечнымі прамянямі паветры, і дрэвы закінутага парку на супрацьлеглым беразе. Адтуль у мой сад прылятаюць уначы совы.
На старажытных мапах Полацку супрацьлеглы бераг пазначаўся як Востраў. Тут у даўнія часы знаходзіўся манастыр Іаана Прадцечы (Хрысьціцеля). Водны рукаў, што агінаў Востраў з паўднёвага боку, колькі стагодзьдзяў таму занесла пяском. Абарончае значэньне прыроднай фартыфікацыйнай перашкоды зьнікла яшчэ ў сярэднявеччы, ніхто і не падтрымліваў яе ў спраўным стане. Вядомы археоляг Сяргей Тарасаў, аўтар кнігі «Полацак IX—XVII. Гісторыя і тапаграфія», сьцьвярджае, што Востраў па-ранейшаму застаецца самай маладасьледаваннай археолягамі тэрыторыяй гораду.
Раным-рана тысячу гадоў таму на супрацьлеглым беразе ракі прачынаўся легендарны Торвальд Вандроўнік. Ён любаваўся тымі ж краявідамі — хуткабежнымі водамі Дзьвіны, нястомнымі кірлямі над ракой, блакітам неба. Торвальд быў стары і мудры. Ён вырашыў застацца тут і адысьці ў лепшы сьвет менавіта тут, на Полаччыне. Ён палюбіў гэтых людзей, якім прынёс веды пра сьвет і хрысьціянскую веру, расповеды пра міласьцівага Госпада і таямніцы сьвету.
Ісьляндзкі місіянэр бачыў безьліч розных краявідаў — роднае ісьляндзкае акіянічнае ўзьбярэжжа, фіёрды Скандынаўскай паўвыспы, Ерусалім і Канстантынопаль, стэпы Падняпроўя. Але абраў Полацак.
Старажытная скандынаўская «Сага пра Хрост» апавядае: «Торвальд памёр у Русі непадалёка ад Палтэск’і (Полацку). Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысьціцеля, і называюць палачане яго сьвятым».
Торвальд — наш першы сьвяты? Супольны, да падзелу на праваслаўных і каталікоў.
Месца пахаваньня Торвальда Вандроўніка застаецца загадкай для гісторыкаў.
Некаторыя гісторыкі трымаюцца вэрсіі, што Торвальд жыў і быў пахаваны ля ракі Друя (Дроўны): так напісана ў скандынаўскай сазе. Але цяжка ўявіць, каб у тыя даўнія часы хрысьціянскі місіянэр мог пасяліцца, ды яшчэ збудаваць царкву, у такіх паганскіх нетрах. Торвальд мог весьці місіянэрскую дзейнасьць на Падзьвіньні толькі з дазволу полацкага князя Ізяслава і пад яго асабістай апекай. Магчыма, Ізяслаў з Рагнедай, каб распачаць хрысьціянізацыю Полацкага краю, зьвярнуліся да бізантыйскага імпэратара па дапамогу, а той і паслаў у Полацак Торвальда або некалькі місіянэраў на чале з Торвальдам, якія заснавалі ў крыўскай сталіцы манастыр.
Лепшага месца, чым Востраў, для пасяленьня Торвальда ў ваколіцах Полацку няма. Сяліць хрысьціянскага місіянэра нават на Гарадзішчы, побач з княжацкімі палатамі, было небясьпечна. Усё магло здарыцца — не дапільнуесься. А вось на Востраве, пры невялікай ахове, можна было больш-менш спакойна жыць і будаваць манастыр. Побач з манастыром, магчыма, і быў пахаваны адзін зь першых сьвятых нашай зямлі — Торвальд Вандроўнік. Калі нават ад яго магільнага кургану не засталося і знаку, дык усё адно парэшткі Торвальда ляжаць у зямлі Вострава. Там і трэба будаваць капліцу-пахавальню. Засталося толькі знайсьці месца, дзе стаяў манастыр Іаана Прадцечы. Кажуць, месца пахаваньня сьвятога часам можа зьзяць…
Пайшлі з жыцьця гэтыя некананізаваныя — пакуль — сьвятыя беларускай зямлі амаль адначасова: Рагнеда — у 1000 годзе, Ізяслаў — у 1001, Торвальд — у 1002. Напэўна, Торвальд адпяваў Рагнеду і Ізяслава. І ці не пахаваны Торвальд і Ізяслаў побач?
2005
Паўгоду ў скуры віленчука
Я некалькі разоў у сваім жыцьці быў не ў сваёй скуры. Аднойчы — нават у скуры дыктатара невялікай афрыканскай краіны. А здарылася гэта так.
Быў 1988 год. У Заслаўі менскія талакоўцы ладзілі агульнабеларускае купальле. Згодна з усімі правіламі, традыцыямі і запаветамі. Зразумела, на такім мерапрыемстве мусілі быць усе нацыянальныя героі і правадыры: пачынаючы з Пазьняка, Арлова, Марачкіна і канчаючы Вячоркам, Івашкевічам, Вітушкам ды Сысом. Ня мог прамінуць такой падзеі і новапалачанін Сяржук Сокалаў-Воюш. З Наваполацку ў Заслаўе прыкаціў “Ікарус”, сярод пасажыраў якога былі і я з жонкай.
Невялікі аматар фальклёрных ігрышчаў, я бязмэтна аціраўся ў беларускамоўным натоўпе. Тут было багата маладых літаратараў з “Тутэйшых”, і я час ад часу спыняўся, сустрэўшы чарговага паплечніка зь літсуполкі. Пасьля кожнай размовы я набрыньваў сталічнымі навінамі. Мая жонка, выхаванка сталічнага парнату, бавіла час з сваімі аднакашнікамі, якія і ўтваралі касьцяк тагачаснай менскай “Талакі”. Начаваць у ваколіцах Заслаўя мне, па шчырасьці, зусім не жадалася. Пагатоў, мая Тацяна была цяжарная.
Высьветлілася, што дахаты неўзабаве мусілі вяртацца Арлоў з Пазьняком. Мая просьба прагучала амаль як зварот аб паратунку. Арлоў патлумачыў: вольнае месца ў машыне толькі адно, маўляў, Тацяну могуць забраць, але мяне — не. І тут нечакана Пазьняк камандным голасам заявіў: “Бярэм дваіх, ён (Зянон кіўком галавы паказаў на мяне) паедзе ў багажным аддзеле”. Дагэтуль я ніколі ня езьдзіў у аўтамабільным багажніку, але ўзрадаваўся неверагодна.
Шостым пасажырам “Нівы” скульптара Алеся Шатэрніка быў мастак Алесь Марачкін. Я здолеў уціснуцца ззаду ў багажны аддзел. Па дарозе да Менску Пазьняк кінуў мне: “Ты ў нас як дыктатар невялікай афрыканскай краіны, якога таемна вывозяць за мяжу”. За мяжу ў 96-м давялося таемна зьехаць самому Зянону Станіслававічу. А я да сёньня шчыра ўдзячны яму за незвычайны падвоз.