Алесь Аркуш
Шрифт:
З нашага часу дзейнасьць многіх міністраў беларускага савецкага ўраду ўспрымаецца інакш, як тое напісана ў працах гісторыкаў ХХ ст.
Нацкамы, відавочна, дамагаліся найперш падтрымкі сельскага насельніцтва — беларускамоўных аўтахтонаў. Яны стваралі беларускую Беларусь.
Нацкамам нельга адмовіць у патрыятызьме і далекасяжнасьці задумаў. Бадай, гэта была адзіная палітычная сіла, якая дамаглася канкрэтных вынікаў у справе будаўніцтва беларускай Беларусі. Тое, што яны пасьпелі зрабіць за лічаныя гады 1920-х, сталася нацыянальным рэсурсам, на якім Беларусь «дацягнула» да канца ХХ ст.
* 17 лютага 1930 г., арыштваўшы Пятра Ільлючонка, ГПУ пачало справу «Саюзу вызваленьня Беларусі». Усяго па справе «СВБ» вясной—летам 1930 г. арыштавалі 108 дзеячаў навукі і культуры. Увесь цьвет беларускай інтэлігенцыі. Кіраўніцтва «СВБ» (Алесь Адамовіч, Антон Баліцкі, Пётар Ільлючонак і Зьміцер Прышчэпаў) атрымала найбольш — 10 гадоў канцлягераў. З большасьцю, 77 чалавекамі, абышліся дастаткова лібэральна: іх выслалі на пяць гадоў у далёкія раёны СССР. Але неўзабаве ўсіх гэтых людзей даб’юць: у 1937—1941 г. справы былі перагледжаны, некаторых расстралялі, частку паслалі на гібель у канцлягеры. У 1949—1952 г. дабраліся да апошніх, хто заставаўся жывы. Іх проста асудзілі на той падставе, што яны былі… асуджаныя раней.
2005
Друкарскія таямніцы
Споўнілася 10 гадоў з часу выданьня “Ксэраксу Беларускага”
У 1997 годзе да мяне пачалі зьвяртацца некаторыя бібліятэкі і асобныя людзі, каб я дапамог ім знайсьці патрэбныя нумары полацкага літаратурнага альманаху “Ксэракс Беларускі”. Да каго ж ім яшчэ было зьвяртацца, як не да выдаўца. Самымі рэдкімі нумарамі аказаліся №1 (1990) і №3 (1992). Я нават мусіў даць абвестку ў “НН”, маўляў, дапамажыце адшукаць выданьне, бо свае архіўныя нумары я не зьбіраўся нікому ахвяраваць. На мой зварот, як ні дзіўна, прыйшлі лісты. Высьветлілася, што пэрыёдык памяталі. Выручыў Алесь Туровіч, які ў сваёй бібліятэцы знайшоў некалькі асобнікаў.
Сёлета “Ксэраксу Беларускаму” споўнілася 10 гадоў. Гэткі маленечкі юбілей праявы беларускай культуры найноўшай гісторыі. Сымбалічна, што першы нумар “КБ” рыхтаваўся ў Полацку, а друкаваўся ў Вільні.
Паспрабуйце згадаць нешта сваё, што мела месца дзесяць гадоў таму. І вы пабачыце, колькі падрабязнасьцяў згубілася з вашай памяці.
Я ўсё ж паспрабую ўзнавіць падрабязнасьці.
На выданьне “КБ” мяне натхніла зьяўленьне ў 1989 годзе альманаху “Літаратура”, рэдактарам якога быў Дубавец. Я ведаў, што непасрэдна выданьнем пэрыёдыка займаецца Алесь Гуркоў. З Алесем я ліставаўся з 1988-га, ён раз-пораз дасылаў мне новыя незалежныя друкі, якія пладзіліся тады зь нечаканым імпэтам. Перамовы з Алесем адносна выданьня полацкага літаратурнага альманаху пачаліся яшчэ ў лістападзе 1989 году. Вось вытрымка зь ліста Гуркова ад 3.12.89: “Літаратура” №1 пад рэдакцыяй сп. Дубаўца Сяргея абышлася нам паўтара рубля. Калі падрыхтуеце гэткі альманах, дык паспрабуем яго надрукаваць. Для гэтага трэба падрыхтаваць макет на звычайных друкарскіх аркушох (для машынкі). Потым яны памяншаюцца, і атрымліваецца гэткая кніжачка, як у сп. Дубаўца”.
Гэта адносна тагачасных друкарскіх таямніцаў.
Творы для “КБ” №1 я сабраў у наваполацкіх літаратараў. Сяржук Сокалаў-Воюш даў міні-п’есу абсурду “Раніца рэспублікі”, Вінцэсь Мудроў зь Цюменскай вобласьці, дзе ён працаваў на нафтавых радовішчах, прыслаў аповед “Час камара”, Уладзімер Арлоў, які на пачатку 90-х зь сям’ёй ужо перабраўся ў Менск, перадаў свой найноўшы “баявік” пра Абэцэдарскага “Совершенно секретно”, або Адзін у трох іпастасях (нататкі няўдзячнага вучня)” — “баявік” гэты потым шмат дзе друкаваўся, свае вершы далі Валянціна Аксак і Лявон Баршчэўскі. Памятаю, як зімовым днём я заходзіў па вершы ў малюпасенькую кватэрку Лявона Баршчэўскага, які тады працаваў выкладчыкам замежных моваў у Наваполацкім тэхналягічным інстытуце (цяпер унівэрсытэт). Тэксты твораў начыста перадрукавала Надзея Салодкая. Вокладку намалявала Рыта Цімохава, яна ж намалявала імёны аўтараў перад тэкстамі — кампутараў тады яшчэ не было. Сёньня, калі я параўноўваю “КБ” №1 і “Літаратуру” №1, мне падаецца, што мы не саступалі сталічнаму пэрыёдыку. Вядома, палачане выглядалі больш кансэрватыўна, бо глёбусаўскія здані пачалі распаўзацца па Беларусі менавіта зь першай “Літаратуры”, аднак, мушу зазначыць, амаль усё, што было надрукавана ў тым танюткім “Ксэраксе”, вытрымала выпрабаваньне часам.
Напрыканцы ліпеня 1990 году першыя асобнікі “КБ” №1 прывёз у Наваполацак зь Менску Сяржук Сокалаў-Воюш. 30 ліпеня на чарговым паседжаньні літаб’яданьня “Крыніцы” я “абнародаваў” новы пэрыёдык. Трэба прызнацца, навіну сустрэлі раўніва. Было шмат іншых прэтэндэнтаў на рэдактарскую пасаду. Але рэдактара незалежнага пэрыёдыка не прызначаюць, ім становяцца.
“КБ” №1 выйшаў тысячным накладам і распаўсюджваўся зь Менску па розных “нацдэмаўскіх” тусоўках. У Наваполацак патрапіла ня так шмат асобнікаў. Гэткім жа шляхам я падрыхтаваў другі нумар “Ксэраксу” і перадаў яго Гуркову, аднак выдаць яго ў Алеся не атрымалася, таму далейшыя нумары “КБ” друкаваліся ў Наваполацкай друкарні. З “КБ” №2 рэдактарам альманаху стаў Вінцэсь Мудроў, які неўзабаве вярнуўся на радзіму зь сіберных цюменскіх краёў.
“Ксэракс Беларускі” стаў першым полацкім літаратурным пэрыёдыкам ХХ ст. пасьля трох літальманахаў полацкай філіі “Маладняка”. Зь яго й пачаўся шэраг полацкіх выдавецкіх ініцыятываў, якія потым рэалізоўваліся на працягу ўсіх 90-х гадоў.
2000
Варона
Гэтая гісторыя зусім і не гісторыя, так сабе, нейкая прыдумка. Бывае, уталопіцца штосьці ў галаву й вярэдзіць, і вярэдзіць, і дробна зумкае. Ня тое, каб замінае жыць. Проста ведаеш - недзе ёсьць, прысутнічае ў нетрах сьвядомасьці. Калі заманіцца - прыслухаесься, дык і пачуеш. А не - дык не. Бо хто гэта будзе адмыслова прыслухоўвацца да розных недарэчных дробязяў?
Карацей, усё гэта глупства. І гісторыя ня вартая асобнага расповеду. Аднак, надарылася мне пазнаёміцца з адным чалавекам. Быў ён мастак і меў такія-сякія амбіцыі. Увогуле, я люблю амбітных людзей. Бо калі ты ня маеш жаданьня зьдзівіць сьвет, дасягнуць вяршыні, дык жыцьцё папросту марнуецца. Ходзіш на працу, зарабляеш на хлеб, нэрвуесься з-за дробязяў, змагаесься за месца пад сонцам - гэткая вавёрчына каруселя. Здаецца, бяжыш некуды, напружваеш цягліцы, а сам ведаеш выдатна - нікуды ўсё адно не патрапіш. Можна ня бегчы, а паціху нечым займацца, нетаропка, з асалодай, з прыемным хваляваньнем у сярэдзіне - проста дзеля справы, проста каб уцерці ўсім нос. Зробіш, азірнесься, а тыя, што беглі, далёка-далёка ззаду. Безнадзейна адсталі. Змарнавалі толькі час. А ўсё з-за чаго? Ня мелі амбіцыяў. Яны думалі: вось зараблю на машыну, або стану начальнікам - і буду вялікім чалавекам. Аўто разаб'ецца ў аварыі або заржавее, з пасады звольняць або адправяць на пэнсію - і зноў ні хаты, ні лапаты. А час уже ня вернеш. Таму гэта не амбіцыі, калі нехта хоча стаць начальнікам. Гэта пыха. Вось калі ён імкнецца вынайсьці лекі ад AIDSу або намаляваць геніяльную карціну - гэта амбіцыі. Вызначыць розьніцу між імі нескладана. Сапраўднае застаецца тваім назаўжды. Нават пасьля сьмерці.