Алесь Аркуш
Шрифт:
Козік даў Аркушу шанец на нонканфармізм. Ён пазбавіў апошняга ад усяго руціннага і бруднага. Праўда, Аркуш ня быў сьляпым, і таму ў яго паэзіі столькі надрыву і расчараваньняў.
Аркушу ня трэба было прыстасоўвацца да хцівага жыцьця. Яму ня трэба было думаць пра ганарары. Ён проста пісаў вершы. Сёньня хтосьці іх называе філязафічнымі, хтосьці эстэцкімі. Ён аказаўся вышэйшым за падзел на вёску і горад.
Жодынь Аркуша выпхнуў, падабраў Полацак. Пераезд у Полацак стаўся чарговым нонканфармісцкім крокам да творчай і духоўнай незалежнасьці. Старажытны, легендарны Полацак не сустракае паэтаў пірагамі з сочывам, але ён абавязкова непрыкметна «прышчэпіць» чалавеку пачуцьцё патрэбнасьці ягонага творчага самараскрыцьця. Ён мудры – Полацак. Ён заўсёды прыцягвае да сябе патрэбных людзей, і ня толькі зь беларускіх земляў – але і з Польшчы, Нямеччыны, Галяндыі, Францыі, Швэцыі.
Раней «варагі» рабіліся выкладчыкамі ў Полацкай езуіцкай акадэміі, адначасова працуючы на карысьць усёй Полацкай зямлі. Гэтак было, і гэтак зноў робіцца. Полацак дазволіў Алесю Аркушу заснаваць выдавецкую суполку «Полацкае ляда», выдаваць кнігі і андэграўндны альманах «Ксэракс Беларускі», дазволіў стварыць альтэрнатыўнае Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Таварыства вольных літаратараў, у якое ўвайшлі пісьменьнікі з усёй рэспублікі. Сёе-тое пакрысе зьдзяйсьняецца зь яго задумаў. І, дзякуй Богу, цяпер гэта ня лічыцца злачынствам, і КДБ, напэўна, ужо за ім ня сочыць. Бо паэт існуе ня толькі, каб пісаць вершы, але і для таго, каб матэрыялізаваць свае, на першы погляд, вар’яцкія ўяўленьні аб годнасьці, волі, справядлівасьці. Ня кожнаму гэта зразумела. Нехта зноў згадае ідэалізм. Сапраўды, дух – нешта ідэальнае, асабліва высокі дух. Пры слове «дух» я заўсёды згадваю аблокі.
Жодынь, са сваёй караценькай, у большай частцы ідэалягічнай, гісторыяй, пакуль не разумее сэнсу дальнабачнай палітыкі вялікага Полацку. Ён яшчэ не ўсьведамляе сябе як штосьці цэльнае, са сваімі інтарэсамі і сваёю годнасьцю. Гораду без нацыянальных традыцый яшчэ доўга прыйдзецца пазбаўляцца путаў былога таталітарызму, «вытраўляць» правінцыйнае таўро. Яшчэ ня хутка зьявяцца тут друкарні, нацыянальны тэатар, літаратурнае жыцьцё.
Але ўжо трэба пра гэта марыць. Недзе тут сёньня нараджаецца новы паэт, які застанецца на сваёй малой радзіме.
Вось такое крыху наіўнае эсэ. Але яго высновы і сёньня гучаць актуальна.
МАСТАКОЎСКАЕ АСЯРОДЗЬДЗЕ
У Жодзіне 1970–1980-х гадоў я ня меў ніякага літаратурнага асяродзьдзя. Гэта мяне прыгнятала. Затое вакол было шмат мастакоў – мой стрыечны брат Сяргей Казлоўскі (ён стаў архітэктарам), браты Андруковічы, браты Ступаковы, Толя Чычын, Уладзімер Гладкевіч (у традыцыйных джонленанаўскіх (круглых) акулярах), Праскуракоў Юры Фёдаравіч, сябры звалі яго Юфам, паводле першых літараў імя і імя па бацьку, бо быў ён старэйшы за іх усіх. Гэтыя хлопцы-аматары маляваньня, за выключэньнем Чычына і Гладкевіча, жылі на ДРЭСе. Пэрыядычна жодзінскія мастакі рабілі выставы ў фае кінатэатру «Юность». Я перад кінасэансам зь цікавасьцю разглядаў іх карціны. Зь некаторымі мастакамі-студэнтамі амаль штодзень езьдзіў электрычкай у Менск на заняткі. Існавала стракатая студэнцкая электрычкаўская сябрына. У дарозе быў час і пагаманіць, і ў карты згуляць, і піва выпіць, і канспэкт пачытаць. Мне было цікава з мастакамі. Пад іх уплывам пачаў хадзіць на выставы ў менскі Палац мастацтва. Спадабаліся: Мікалай Селяшчук, Валеры Славук, Уладзімер Савіч. Пазьней у выставачных залях зьявіўся нефігуратыўны, авангардны жывапіс, але мне па-ранейшаму падабаўся Селяшчук. Неяк выпадкова даведаўся, што разам зь Селешчуком у тэатралцы вучыўся Праскуракоў, ён нават зь Міколам жыў у адным студэнцкім пакоі. Пачаў распытваць пра любімага мастака. Даведаўся, што Селяшчук быў упартым і працавітым шкаляром, любіў мастацтва прыбалтыйскіх рэспублік, штолета туды езьдзіў. У красавіку 1985 году я патрапіў у яго майстэрню разам зь сябрамі чырваназьменаўскага літаб’яднаньня «Крыніцы», якім кіравала Раіса Баравікова. Былі Шніп, Славамір Адамовіч, Дзьмітрук… Амаль усе карціны, якія паказваў Мікола, аказаліся знаёмыя па выставах. Запомнілася, як Селяшчук апавядаў пра пакуту першага мазка пэндзлем: спачатку ён доўга хадзіў вакол чыстага палатна, баяўся парушыць яго цнатлівасьць, усялякім чынам адцягваў гэтую хвіліну – піў гарбату, думаў, нешта згадваў – рыхтаваўся, як спартовец перад заліковай спробай…
У траўні таго ж году адбылася цудоўная выстава групоўкі Селяшчук–Савіч–Славук–Тоўсьцік–Альшэўскі–Янушкевіч–Ксяндзоў. Я быў у захапленьні. Ад Праскуракова даведаўся, што Славук мае жодзінскія сувязі. Выстава ягоных працаў была арганізавана ў Жодзінскім палітэхнікуме, у якім я вучыўся да войска. Сёньняшняя клясыка беларускай графікі вісела без нагляду на сьценах пашарпаных калідораў. Да таго ж бацькі Славука на той час жылі ў пасёлку Зялёны Бор, куды мастаку зь Менску трэба было дабірацца праз Жодзіна. Яшчэ большыя сувязі з маім родным горадам меў Ксяндзоў. З 1963 году ён там жыў, вучыўся ў СШ № 2 і № 4, пачаў маляваць у студыі Алеся Марачкіна, які ў той час таксама жыў у Жодзіне і выкладаў маляваньне ў СШ № 4. Але гэта былі людзі зусім іншага пакаленьня, зусім зь іншага раёну гораду – мне не знаёмыя. З Марачкіным я пазнаёмлюся пазьней – у Полацку, на адкрыцьці яго пэрсанальнай выставы ў тагачаснай гарадзкой мастацкай галерэі, якая месьцілася ў Богаяўленскім саборы. А з Ксяндзовым толькі пазалетась – на прэзэнтацыі ў полацкай мастацкай галерэі выставы «Майстар і майстры (Гаўрыла Вашчанка і вучні)».
«Дрэсаўская» мастацкая «рунь» мела свайго «гуру» – Анатоля Шыбікіна, настаўніка маляваньня нашай СШ № 1. Мастак-аматар, вайсковец-адстаўнік, ён штолета наладжваў для сваіх вучняў-студыйцаў пленэры-выправы. Неяк мастацкая сябрына на чале зь дзядзькам Анатолем пару тыдняў жыла на хутары майго дзеда. Вядома, тое адбылося не без удзелу стрыечнага брата Сяргея. Мае знаёмцы-мастакі былі ўсе расейскамоўныя, нацпытаньне сярод нас не закраналася нават у прыватных размовах, прынамсі, я такога ня памятаю. Гэта ў другой палове 1980-х (у Жодзіне мяне тады ўжо не было) хваля нацабуджэньня дасягнула тамтэйшага мастацкага асяродку. Прынамсі, браты Андруковічы, Канстанцін і Мікалай, сталі сябрамі суполкі мастакоў «Пагоня».
Лёсы «дрэсаўскай багемы» склаліся па-рознаму. У Наваполацак, яшчэ раней за мяне, пераехаў Коля Ступакоў (у тэатралцы ён вучыўся ў адной групе з Адамам Глёбусам). Зрабіў некалькі росьпісаў і мазаічных пано на будынках нафтаграду. У мастацкім жыцьці Полаччыны практычна ня ўдзельнічаў, неўзабаве мастацтва закінуў увогуле. Не хапіла амбіцыяў? Глёбус казаў мне, што Коля быў хлопцам здольным і арыгінальным.
На адной з калектыўных выставаў у Палацы мастацтва я набыў карціну Селешчука «Дзяўчына з Палесься», якая і сёньня ўпрыгожвае маю полацкую кватэру. Патраціў амаль палову грошай, заробленых у будатрадзе.
БЕЛАРУСКІ ВУПРАЖНЫ
Неяк атрымаў журналісцкае заданьне ў «Рабочей смене»: напісаць пра жодзінскі конезавод «Зарэчча». Знаходзіцца ён побач з пасёлкам ДРЭС: перайшоў масток праз Плісу – і да канторы гаспадаркі рукой дастаць. Сустрэў мяне адзін з сэлекцыянэраў беларускага вупражнога каня Ўладзімер Гладэнка. Ён адказаў на мае пытаньні і падараваў сваю кнігу «Белорусская лошадь» (Менск, 1976). Кніга пачынаецца з апісаньня паходжаньня тутэйшых коней:
Паводле хронік XII–XIII стст. у Полацку, Тураве, Менску, Берасьці адбіралі найбольш моцных буланых («палавыя коні») для фармаваньня конных палкоў («харугваў»)… Мэтадам народнай сэлекцыі выведзены абарыгенныя коні (лясны, палескі, беларускі), якія адпавядалі гаспадарчым патрэбам чалавека… У беларускіх коней чэрап карацейшы, але шырэйшы, чым у коней мангольскага кораня… За апошнія 100 гадоў конь (беларускі вупражны. – Аўт.) выводзіўся мэтадам складанага вытворніцкага скрыжоўваньня жарабцоў заводзкіх пародаў з абарыгеннымі ляснога тыпу маткамі і наступным разьвядзеньнем помесяў «у сабе»…