Вход/Регистрация
Аскепкі вялікага малюнку
вернуться

Алесь Аркуш

Шрифт:

Пасьля сустрэчы з Гладэнкам мы з братам Віктарам наладзілі фатасэсію для беларускіх вупражных. Нядаўна тыя нэгатывы і здымкі я адшукаў. Цікавы матэрыял. Мой артыкул пра коней у «Рабочей смене» зарэзалі, затое надрукавалі ў «Чырвонай змене».

Беларускі вупражны конь. «БелАЗ». Ёсьць тут пэўная пераемнасьць. Прынамсі, у слове «беларускі» і ў прызначэньні – «перавозіць цяжкія грузы».

КАРЫСНЫ ВЫКАПЕНЬ

У другой палове ХХ стагодзьдзя Жодзіна імкліва ўварвалася ў «эліту» беларускіх гарадоў. Адбылося гэта дзякуючы будаўніцтву Беларускага аўтамабільнага заводу. На лёс невялічкага мястэчка паўплывалі дзьве акалічнасьці: яго месцазнаходжаньне – на шляху з Масквы ў Эўропу – і тутэйшыя балоты зь іх багатымі радовішчамі торфу. Спачатку ў Жодзіне зьявілася чыгуначная станцыя, затым, з улікам транспартных выгодаў і навакольных пакладаў торфу, электрастанцыя на беразе ракі Плісы, затым – завод тарфянога машынабудаваньня «Торфмаш», які неўзабаве і ператварыўся ў БелАЗ. Усе гэтыя этапы станаўленьня Жодзіна шчыльна пераплеценыя зь лёсам маёй сям’і: мой дзед, Антон Козік, быў начальнікам чыгуначнай станцыі (прызначаны ў 1938 годзе), мае бацькі амаль палову жыцьця аддалі працы на Жодзінскай ЦЭЦ, а я сам нейкі час працаваў у канструктарскім аддзеле БелАЗу. У Жодзіне ёсьць помнік жодзінскаму самаскіду. Лічу, варта жодзінцам ушанаваць і галоўны беларускі карысны выкапень – торф. Дзякуючы яму, няхай сабе і ўскосна, Жодзіна дасягнула росквіту. Сымбалічна, што імя ракі Плісы, на берагох якой стаіць мой горад дзяцінства, мае балцкі корань і перакладаецца як «балота». Акрамя Плісы шанавалі мы, дрэсаўскія падлеткі, і возера Судабаль, на якім днямі прападалі з вудамі – тут цудоўна лавіліся карасі. У прыбярэжных хмызох хавалі чаўны, грузілі на іх свае ровары, на якіх дабіраліся да возера (ад дому кілямэтры чатыры), і амаль на цэлы дзень сплывалі ў бяскрайнія аеравыя «джунглі». Возера няўхільна зарастала, глыбіня вады ў ім ледзь дасягала паўмэтру – далей твань. У 1980-х з Судабалі пачалі здабываць сапрапэлі, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы ў якасьці ўгнаеньня і дамешку ў корм жывёле, – вялізны земснарад пампаваў тую твань па трубах на адмысловыя пляцы для сушэньня. А неўзабаве беларускія газэты пачалі пісаць пра цудадзейныя мэдычныя якасьці судабальскай гразі. Высьветлілася, што Судабаль – адзінае возера ў Беларусі, якое адпавядае ўсім 33 пунктам мэдычных патрабаваньняў да лекавых сапрапэляў. Гразь з майго возера пачалі цыстэрнамі вазіць у Менск у гразелячэбніцы. Вось такія яны – балоты ў ваколіцах Жодзіна.

Жодзінская ЦЭЦ (за маім дзяцінствам яна называлася Смалявіцкая ДРЭС) першапачаткова працавала на торфе. Яго вазілі цеплавозы па вузкакалейках з навакольных торфапрадпрыемстваў. Аднойчы мне пашчасьціла пракаціцца па торфачыгунцы. Адзін месяц лета я звычайна праводзіў у піянерскім лягеры «Чайка», які належаў СмалДРЭСу. Месьціцца ён на беразе Плісы за некалькі кілямэтраў ад гораду. Ці ня самае запамінальнае ўражаньне тых гадоў – вандроўка на возера Пясочнае. Да пасёлку Зялёны Бор дабіраліся «дрэсаўскім» цягнічком на адмысловых адкрытых плятформах, прыстасаваных для перавозкі людзей. Некалькі гадоў таму на падобным цеплавозіку мне ладзілі экскурсію ў польскую частку Белавескай пушчы. (Гайнаўская калейка засталася яшчэ ад пачатку ХХ стагодзьдзя – ёй немцы вывозілі лес з пушчы.) Тады і згадалася мая дзіцячая вандроўка на Пясочнае.

У 1980-я жодзінская электрастанцыя перайшла на мазут і газ, вузкакалейку на Зялёны Бор разабралі. Шкада! Сёньня можна было б прыстасаваць яе для турыстычных патрэбаў. І ня толькі… Зважаючы на апошнія паліўна-энэргетычныя канфлікты з Расеяй і прагнозы на сусьветную нафтавую нішчымніцу напрыканцы нашага стагодзьдзя, варта было б вузкакалейкі аднавіць. Ну не «БелАЗамі» ж вазіць торф на электрастанцыі і хімічныя прадпрыемствы!

ЖОДЗІНСКІ МІТ

Доўгі час гісторыя гораду майго дзяцінства пачынала сваё летазьлічэньне з 1963 году, калі гарадзкому пасёлку Жодзіна быў нададзены статус гораду абласнога падпарадкаваньня. За апошнія пяць гадоў беларускія гісторыкі і краязнаўцы, добра папрацаваўшы ў архівах, выявілі больш шляхетны радавод гораду. Вынікам гэтай працы стала выданьне кнігі г. І. Аніскевіч «Жодино: история и современность» (Менск, 2003). Сёньняшні міт Жодзіна «прывязаны» да клясычнага полацкага. Па-першае, прызнана, што адпачатку гэта было крывіцкае паселішча, бо ў Х–ХІІІ стст. землі па берагох Плісы ўваходзілі ў склад Полацкага княства. Па-другое, канчаткова замацавана ў мясцовай краязнаўчай літаратуры, што назва гораду паходзіць ад назвы рачулкі Жодзінка, якая ўпадае ў Плісу.

Таксама дакумэнтальна пацьверджана, што мястэчка на сутоку Жодзінкі і Плісы заснаваў князь Багуслаў Радзівіл. З клясычнай гарадзкой структурай плянаваньня: у цэнтры – рынкавы пляц з царквой і крамамі, ад якога разыходзяцца вуліцы.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Жодзіна згадваецца ў інвэнтары маёнтку Смалявічы за 1643 год пад назвай Багуслава Поле. Трэба меркаваць, што паўстала яно на месцы ранейшага невялікага селішча з назваю Жодынь (або Жодзін), з часам старая назва перамагла новую. Яго месца адшукаў гісторык і археоляг Міхась Ткачоў, які ў 1960-х гадох жыў у Жодзіне і выкладаў гісторыю ў СШ № 3. У 1970-х ён правёў некалькі археалягічных дасьледаваньняў у межах гораду і выявіў сьляды селішча эпохі раньняга жалеза на высокім правым беразе Плісы – амаль на тэрыторыі СмалДРЭС. А пры ўпадзеньні Жодзінкі ў Плісу знайшліся рэшткі селішча часоў Полацкага княства. У невялікім культурным пласьце, ад 30 да 50 сантымэтраў, траплялася кераміка ХІ–ХІІІ стст. Усе пералічаныя тут мясьціны – прастора майго дзяцінства. А на сутоку Жодзінкі і Плісы я любіў лавіць рыбу.

Дачыненьне да Жодзіна мае яшчэ адзін вядомы гісторык і археоляг – Мікалай Крывальцэвіч. Ён выхоўваўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце.

Каб замацавацца ў беларускай старажытнай гісторыі, жодзінцы плянуюць усталяваць помнік заснавальніку гораду – князю Багуславу Радзівілу.

ЖОДЗІНСКІЯ АМБІЦЫІ

У караценькай біяграфіі для сайту «litara.net» я назваў Жодзіна, месца свайго нараджэньня, самым амбітным горадам Беларусі. Падстава для гэткага сьцьверджаньня сур’ёзная: Жодзіна выпускае на канвэеры самыя вялікія аўтамабілі на нашым кантынэнце. З кнігі Аніскевіч я даведаўся, што ў Жодзіне ў 1991 годзе быў сабраны самы вялікі на той час у сьвеце (!) кар’ерны самаскід «БелАЗ» грузападымальнасьцю 280 тонаў, а цяпер канструктары аўтазаводу працуюць над 300-тоньнікам. Ці не праява амбіцыяў! Бо ўласна для Беларусі такія самаскіды не патрэбныя – мы ня маем вялікіх кар’ерных распрацовак каштоўных выкапняў. Над праектамі падобных аўтагігантаў сёньня працуюць толькі аўтамабільныя канцэрны ЗША і Японіі. Вялікагрузныя самаскіды амаль як касьмічныя караблі, яны пад завязку напічканыя электронікай. І каштуюць адпаведна – мільёны даляраў.

Торф стаўся толькі штуршком да развою Жодзіна. На ім былі зароблены першыя дывідэнды: атрыманы ўласныя кіляваты электраэнэргіі, ад торфапрадпрыемстваў паступілі замовы на вытворчасьць торфаздабывальнай тэхнікі і абсталяваньня. У выніку зьявіліся працоўныя месцы – і моладзь з навакольных вёсак масава пацягнулася ў былое мястэчка. Жодзінскі праект у 1960-х пачаў шукаць свой уласны шлях. Хто мог падумаць, што ім стане вытворчасьць кар’ерных самаскідаў і аэрадромных цягачоў?

ПАХ ЛЯДАНУ Ў БІБЛІЯТЭЦЫ

Жодзіна ніколі не было цэнтрам культурнага і духоўнага жыцьця беларускага краю. Багуслава Поле за часамі Радзівілаў – гэта невякае паселішча з двума вадзянымі млынамі, дзьвюма драўлянымі цэрквамі, сядзібамі рамесьнікаў ды некалькімі корчмамі. На сярэдзіну ХХ стагодзьдзя ў Жодзіне «ад старыны» захавалася толькі драўляная Міхайлаўская царква, якая была разбураная ў 1962 годзе. Старое царковішча зь велічнымі стогадовымі ліпамі было маім любімым месцам у горадзе. Сёньня ад тых ліп амаль нічога не засталося. Ужо дарослым я даведаўся, што ахрышчаны я быў у доме настаяцеля Сьвята-Міхайлаўскай царквы. Вядома, таемна. У 1966-м у папоўскім доме зрабілі дзіцячую бібліятэку. Менавіта яна стала маёй першай бібліятэкай, якую і сёньня я згадваю з удзячнасьцю. Скрыпучыя масьнічыны, кніжныя паліцы, на якіх дазвалялі самому выбіраць кнігі, дзіўны прыемны пах (сёньня я разумею – гэта «спадчынны» пах васковых сьвечак і кадзільнага лядану).

ВЯДОМЫЯ ЖОДЗІНЦЫ

Жодзіна дала Беларусі шмат вядомых людзей. Літаратарам і выдаўцом стаў Уладзімер Сіўчыкаў, мастакамі – Мікалай і Канстанцін Андруковічы, Уладзімер Гладкевіч, архітэктарамі – Сяргей Казлоўскі1 і Аляксандар Трухін2.

Сярод вядомых жодзінцаў асобнае месца займае Дзьмітры Сямёнаў, які ў 1990 годзе ў сямнаццацігадовым узросьце адагнаў самалёт у Стакгольм. Студэнт жодзінскага палітэхнікуму набыў білет на рэйс Менск–Мурманск і з дапамогай муляжа гранаты РГ-42 апынуўся ў сталіцы Швэцыі. Хлопец, відавочна, быў надзвычай амбітны. Пра яго шмат пісалі газэты. Зарабіўшы сабе скандальнае імя, Дзіма стаў мастаком і, пасьля непрацяглага турэмнага зьняволеньня (Швэцыя выдала СССР тэрарыста з умовай несуворага пакараньня непаўналетняга), скіраваўся на Захад зарабляць пэндзлем.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: