Алесь Аркуш
Шрифт:
Алесь Аркуш
КРЫЛЫ ПЕРАТВОРАЦЦА Ў КАРЭНЬНІ
Вершы
КАТРЫНКА
Пяць мэлёдый катрынка сьпявае,
Толькі ведай — круці рукавятку.
Люд у скрыню да старца кідае
Неўміручага жыта зярняткі.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Лес прачнуўся, дзе зараз палі —
Гонкіх дрэў загулі вершаліны.
Перасьпелі на сонцы маліны,
А ў цямрэчы яшчэ не цьвілі.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Як дакладна чаргуюцца гукі —
Мэталёвая нудзіцца скрынка,
Спрацаваныя, ссохлыя рукі
Круцяць жыцьці ў тужлівай катрынцы.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Гук мэлёдый, як позірк забыты,
Як вада зь ледзяшамі ў палонцы.
Люд кідае апошняе жыта,
А у скрыне ўсё роўна на донцы...
Грай катрынка...
ВЕТАХ
Зноўку нашыя спадяваньні –
Як жарынкі, што рушылі ў космас.
Ветах будзе трымацца да раньня,
Распаўсюдзіць таемныя позвы.
Вершалінамі дрэвы ня з намі,
Вершаліны — паверх таямніц.
Адлятае лістота клінамі
Без гайворанаў і сініц.
Сочыць рухі бяскрылыя ветах,
Распачатыя ўверх кагадзе.
На дагледжаны зорны палетак,
Як насеньне, лістота ўпадзе.
* * *
Над балотам захад сонца.
Пасярод, нібыта рана,
Багны дрогкае вакенца
Чырванее. За парканам
З трысьнягу, аеру, хлуду
Цішыня — як погляд Бога,
Быццам там чакаюць цудаў,
Ці даўно няма нікога.
* * *
Закаханым агні запалілі
На балотах вядзьмаркі ізноў,
Фасфарычным сьвятлом заманілі
Ў незваротныя нетры лясоў.
І блукае агульнае рэха
Паміж чэзлых асін і бяроз,
Быццам сьлёзы між звонкага сьмеху,
Быццам сьмех паміж роспачных сьлёз.
* * *
Алегу Мінкіну
Уночы лес цяжарны рухам,
Гайданьнем хвояў і ялін.
Спыніся, сябра, і паслухай:
Ты не адзін.
І зноў, як позву таямніцы,
Сягоньня роўна ў пяць гадзін
Убачыш надыход дзяньніцы
Ня ты адзін.
ЯГО СУСЬВЕТ
Яго сусьвет нагадваў лёхі,
Дзе ў два бакі шугаў скразьняк,
Дзе выпраменьваў да зьнямогі
Сьляпую чырвань нашчы гляк.
Жарынка кволая трымцела
У гляку — бытта ў каміне,
І ў лёхах, як дзяньніца сьпела
Гадзіна, што нябыт скране.
У гляку скразьнякі сьвісталі
І спорна чырвань разьдзімалі.
* * *
Вінцэсю Мудрову
Прачынаюцца вульканы,
Як надзеі на спатканьні.
(Кожны са сваім Каранам),
З попелу — сівыя здані.