Аннотация
Паэт адлюстраваў жыццё і прыгоды людзей Палесся XIX стагоддзя, стварыў у паэме каларытны вобраз беларуса, старога лесніка Грышкі.
I. Замест уступу
II. Першае маё паляванне на ласёў
* * *
Тыдня не мінула шчэ, Чакаў старога Грышку, недзе знік з вачэй, Нарэшце ён з'явіўся. Значылася з міны, Што ім прынесены шчаслівыя навіны. «Панічу, блізка, дзе чароту гушчыня, Ёсць лось-рагач, ласіха, з імі ласяня. Дык рушым заўтра з панічом, як ледзь заднее. Мароз слабы, без ветру, ёсць тады надзея На шчасце ў паляванні добраю парой. Вазьму я сані пад'яздовыя з сабой, Свайго каня, сыноў, упэўнены, панічу, Ў лася, бы ў сена стог, страляцьме паляўнічы. На паляванне ці гатовы пан як след?» — «А як жа, як заўсёды». — «Клопат наш сакрэт, Усё дапільнаваць. А стрэльба ці набіта?» — «Не». — «Што? Мы ж вырушым да дня шчэ менавіта. Зашыў у скурку кулі?.. браў іх на замер?» — «Не». — «Як жа быць, панічу?» — «Ат! зраблю цяпер, Ці стрэльбу набіваць мне будзе клопат нейкі?» — «Панічу, прабачай! Ласі не верабейкі. Не выйдзе анічога! Хай дазволіць пан Самому мне дагледзець паляўнічы стан. Трэ гэткія дапасаваць набоі ў рулю, Каб стрэліў — і пайшла раўнюткім шнурам куля. Даць пудла нельга, бо мне клопат немалы Шукаць… Вось тут мае, панічу, пасталы, У іх не холадна і ўзімку, то ж не ў ботах, Лацвей на снезе ў лапцях і трымацца потым. Апратка ё?» — «Ў мядзведжым футры йду на дзіч». — «Ха! ха! А снег? З яго не выпаўзе паніч! Лісінае ёсць бацькавае футра пану, Вось чым падперазацца?» — «Шалем». — «На загану! Дапраўды, з гэтым панам тысяча пацех! Паніч, як тычка на мяжы, то ж проста смех! Мы ж едзем на ласёў, яны ж бо не цяляты. Няхай усё абдумае стралец заўзяты, Драбніца можа загубіць надзею ў нас, Ласі не верабейкі, паўтару шчэ раз, Ад сораму згарэць, як уцякуць з-пад носу. А Божа ж мой! паніч якую стрэльбу носіць! Цьфу! з руляў нешта сыплецца на дол само. На соек, можа, едзе пан, на дзятлаў мо? Дальбог, паніч мне насланнё ліхое! У стрэльбе бруд, ці ж пэўныя дасі набоі? Бяру я стрэльбу, зрання прынясу сюды Набітай добра, чыстай, — і палюй тады. Ха! ха! не можа ў паляўніцтве пан кумекаць. Бывай здароў! Хвала Хрысту!» — «Хвала навекі». * * *
На ўсходзе ледзьве толькі пачало віднець, Быў да паслуг ужо стары асочнік мне. Апратку ўбачыў Грышка і здзівіўся шчасна: «Мо добры паляўнічы з пана будзе з часам. Дык едзьма, бо пара ўжо падганяе нас, На досвітку пяе пявун астатні раз. Ласі тут блізка, хутка ім заступім ховы. Не стрэлі бабы — ўдача будзе адмысловай». На санях, гэтакія толькі на Палессі, Дзе хочаш, там і едзь сабе — балотам, лесам, Не шпаркі бег у іх з-за палазоў высокіх, Затое снег ужо не падапрэ глыбокі, — Мы рушылі, радком сядзелі ўчатырох. Хоць моцны, конь ішоў ступою, сані цёг, Яны, здавалася мне, рухаюцца ледзьве. Сплыло так манатонна з дзве гадзіны недзе. Прашу я Грышку: «Едзь хутчэй! задаў нуды». — «Паспех людзям на смех. Што станецца тады? Ці ж лось прывязаны чакае ў лесе дзесьці? Пайсці ён можа і далёка нас завесці, А конь прыстане, ўнікне ўся яго мага, І працай марнаю прыніжаны слуга!» Я змоўкнуць мусіў і сумотнаю хвілінай, Перш грэбліва чамусь, паглядваў на мясціны. Абшары дзікія, без сцежак і дарог, Асочнік толькі знаць ды звер палескі мог. Край гожы, некрануты быў перада мною, Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю, Дзе хвой выносістых завершаны стажок, Як галаву, траха пасерабрыў сняжок, А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты, З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых. Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой, Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной. Ціхота… толькі дзятла стук заўзяты, бойкі, Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка, Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць, Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць. Язда мне здоўжылася, і сказаў тут Грышка: «Хай папяроскі курыць пан, як часу лішкі. Сваё як толькі зойме ў лесе месца хтось, Курыць ні-ні! бо не падыдзе блізка лось. Нюх добры мае. Я дзе сена жменьку кіну, Хай там саскокне пан у гэтую ж хвіліну, Ціхутка стане за алешынай грубой, Наставіць вушы ды глядзіць перад сабой — Прыйсці да пана мае лось-рагач з чароту. Няхай паніч падпусціць, цэліцца трэ потым У грудзі, ў шыю, пад лапатку — як зручней, Абы папаў, каб марна не ўпусціць надзей! Ласі тут блізка. Пан, пабач! — то ж след ласёвы. Цішэй! не гаманіць, бо звера спудзіць мова». Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком… Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком Спытацца вырашыў: «Ці скора?» — ў гэту хвілю Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць І сена кінуў жменьку. Гоп! — я ў гушчары. Паехаў Грышка. Справа — волат-дуб стары, А злева цягнецца чарот густы, балота. Парушыў цішыню крумкач паспешным лётам. Каля алешыны я ўперад паглядзеў, Непадалёку ад мяне чарот радзеў, У ім неспадзявана вынікла паляна, Яна была лясной гушчэчай прыхавана. Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот, Вялікі пазначаўся ім абшар балот. Калі мяцёлкі пташка парушала часам, Стаяў як укапаны, сэрца біла часта. Здавалася ад шамацення шмат разоў: То ж лось надходзіць! — Не! — я памыляўся зноў! Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша, Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша, Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок, Сініччын толькі чуўся ценькі галасок. Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну, Заеў быў нуд. І вось шчаслівая хвіліна — Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць, Сабе падумаў: стрэлю! Стане там чакаць Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!.. Ліс наўцёкі, Як бы пачуў мяне за вольхаю высокай. Шчыпаў марозік злёгку і калоў траха, Зноў думаю: да ліха! рукі грэць жа льга. Спусціў куркі, засунуў я ў кішэні рукі, Прысеў на снег, гляджу бяздумна ў даль з дакукі. Ахвотна папяроску закурыў пасля. Ці ж можа дым той даляцець аж да лася? І раптам нешта затрашчэла на паляне, Як быццам чую я каня: то йдзе, то стане… Ускокваю! шчоўк! шчоўк! куркі. Лаўлю гук той, А сэрца б'ецца, хваляў у грудзёх прыбой. Яшчэ хвіліна — рукі, ногі задрыжэлі: За крокаў сто мо лось стаяў вялікі вельмі, Выцягваў храпы звер — адразу, як нюхнуў, І дух чужы пазнаў, і небяспеку ўчуў. Раз! два! з дзвюх руляў пакаціўся гром усюды, Лось скочыў у чарот маланкай з перапуду — Ягоны тупат чуецца штораз слабей. Зноў цішыня, чарот калышацца сабе. Дзесь грымнуў стрэл, за ім другі адразу ляснуў, Зноў ціша мёртвая. Мінула многа часу, Аж бачу — на паляне рухаецца штось, Прыгледзеўся: там Грышка, з ім сыны і лось На санях. Звер прыкметна іх сабой абцяжыў. Курылі люлькі, йшлі радком утрох паважна. * * *
Як я апавядаў пра свой залішні спех, Смяяўся Грышка, саркастычны быў той смех, За звычаем п'ючы з бутэлькі паляўнічай, Дадаў: «Ласі не верабейкі?! Так, панічу?» III. Перад куццёй
IV. На ласёў на рык
* * *
Ляснымі йшлі шляхамі. Дзе былі загібы, Ламаў галінку Грышка, каб Вінцук не хібіў. Сын мусіў знак чытаць, рабіць высновак свой. Праходзячы каля бярозы маладой, З-за паса Грышка выняў вострую сякерку, Надцяў кару і здзёр, дапільнаваўшы мерку. Бяросту белую накшталт стажка скруціў, Лазовай стужкай змацаваў і затрубіў — Разлёгся голас, вабіць так самца ласіца, І з гуку, і з адлегласці не надзівіцца. Хоць побач я стаяў, здалося мне ў барку, Што голас плыў здалёк, губляўся ў гушчаку. Мы ўсё далей, далей у цішы йшлі знямелай. Лес дзікі станавіўся і параскашнелы, Раскінуўся ў сваёй магутнасці, красе. Замілаваны мог даследнік пакрысе, Бы кнігу, тут чытаць гісторыю развою Прыроды, што спрадвек не ведае спакою. Вось волат-дуб, над гуртам дрэў дасяг ён хмар. Разложысты. Наўкол дзяржавец-валадар Забраў вялікую прастору ад суседзяў. Пад ім не маюць росту, выжываюць ледзьве Гатункаў розных карлікі — падданцы ўсе Манарха, прышласць ім надзей не прынясе. Хіба што волату імхі ўкароцяць часу, Зашмат на дубе развялося чужапасаў. Памчалася ўгару вавёрка да жытла, У жарало нарэшце скокнула дупла. За ёй яшчэ адна панеслася вяртляста: Выходзіць, смерць гасцюе ў волаце дуплястым. Дарма ўдаваў ласіху на трубе Рыгор, Дарма напагатове штуцэр быў яго, Бо толькі адказала здрадным тонам рэха, Ўзляцелі з крыкам сойкі ў палахлівым спеху. Брыдзем далей. «Няхай паніч у хмызняку Схаваецца і пытлю дасць таму ваўку, У гэтым месцы, шэльма, часта прабягае, І стрэліць тут лацвей, заслона не густая. Наўкола абыду, здаля мой будзе ваб». Нырнуў я ў куст ляшчыны. Побач волат-граб. Прысеў я. Грышка знік у лесавой гушчэчы. Ніжэла сонца, спёка ўнікла, камарэча Напала, толькі й чуў дакучны звон, Пісклівы не сціхаў каля вушэй паўтон. Пабольшала ў аркестры камаровых піскаў, Хоць і замоўкла шмат на твары ад прыціскаў. Не адстрашала нават кара камарні, Маглі заесці крыважэрныя раі, Свярбела скура — насланнё на паляўнічых. Не бачыў я красы, ў якую таямніча Прыбрала пушчу развітальнае святло, Калі да сну хіліцца сонца пачало, Залоцячы вяршкі хваінаў. Грышка ў лесе Здалёк, нібы ласіха, абазваўся дзесьці, Пасля завабіў зноўку і крыху счакаў, Хацеў я ўстаць і тут жа высачыў ваўка, Убачыў, як перамахнуў кусток лазовы І лесам пёр далей. Кроў хлынула раптова Да галавы… Чакай, дружок! Зручней я стаў, Прыцэліўся й трымаў на мушцы з-за куста, Націснуў. Тут жа засціла мне ўсё дымота. Я выскачыў, бы з прашчы, і панёсся лётам Туды, дзе трапіў пад прыцэл лясны хіжак. Ваўчугі не было — ну хоць бы нейкі знак. Я схібіў!.. Злы й нямы стаю. Уцёк ён, значыць. У гэты момант Грышка надышоў. «Пабачым, Як пан патрактаваў ваўка. Здаецца мне, Панёс ён кулю. Згледзеў — штось не тое, не. І вушы прытуліў, ішоў не так, як трэба. Як браў, паніч?» — «А па баку». — «Дзесь лапай трэпле. Ці бачыш?.. юха!.. о!.. ў ляшчыннік шыўся звер!.. Вось дык сумеўся ўрэшце з міны кавалер!.. Пазнаў адразу я! о!.. о!.. тут кропляў шэраг!..» Трыумфаваў так Грышка і ўжо бег уперад, З пазнакай радасці яго быў кожны рух — На хітрым ворагу здаволіў помсты дух. «Сядзеў!.. паглянь, паніч, сядзеў!.. о!.. юха кажа! Звялі з табой урэшце парахункі!.. Ляжа!.. Заліўся юшкай, дужы — шэльма! — ў лес глыбей Шчэ сунецца… Пад вуха вытрымаць ляпей Ці пад лапатку». — «Лёгка гаварыць, вядома, Ў канец хваста патрапіць хоць бы лотру тому, Як лесам прэ, — й за гэта ўсё Хрысту хвала!» — «То пэўна!» — «Што ж пляцеш?» — «Ат! звычка павяла… Я з радасці, панічу мой! Дый не зашкодзіць Практыкавацца маладому пры нагодзе, Калі стары й павучыць… О!.. ў гушчар, туды! Як стуль не йшоў, не будзе выкруту тады. Вакол хай пан бяжыць, а я ў сяродак самы! Схаваўся там, дык мецьме напатканне з намі». Пабег… Не ўспеў я пацераў дагаварыць, Як чую моцны Грышкаў голас: «Тут ляжыць!» Я дзёрся праз кусты, разносіліся ўдары, Яшчэ нябожчыка ўсё Грышка кіем жарыў, Чыніў страшэнны здзек — аж анямеў быў лес, Як з трупа Гектара калісьці Ахілес. «Пакінуць звера — то ж не ўчуць ганаравання! Хоць скура ўлетку й дрэнь. Адно з ваўком важданне, На ўцеху пану нейк зацягнем, зробім штось, Кол высеку і зачашу я гладка — вось! Звязаўшы лапы, сунем, на плячо канцамі — І марш! Заходзіць сонца, не марудзьма самі». Была ў бары ўжо ноч, як з хаты Базыля Неспадзявана бліснуў нам прамень святла. Вястуючы пра нас, заходзіліся брэхам Псы-дварнякі, будзілі ў сонным лесе рэха. Пасля завылі, блізка як былі з ваўком. «Учулі воўчы дух — трывога ў дварнякоў». Дзвярыма хтосьці скрыпнуў. «Ціха!.. вон, шатаны!» — На псоў азваўся голас. «Хто там?» — «Грышка з панам!» * * *
У Базылёвай хаце чыстай за сталом Сядзелі на куце мы гаманкім гуртом, Нас вельмі ўсцешыла часіна адпачынку, Патрэсквала яечня гучна на камінку, Здалёку чуўся нам прыемны пах яе, Настрой вясёлы быў ад смакаты тае. Тацяна, жонка Базылёва, маладзіца, З румянкам ад агню, з яе не надзівіцца, Расставіла талеркі на абрус уміг. «Што маю, тым прымаю!» — запрасіла ўсіх. Базыль да нас быў піць гатовы… Бесклапотна На сене, як забітыя, паснулі потым. * * *
Нас раскатурхаў сын Рыгораў у гумне, Вінцук пазнакі бацькавыя зразумеў, Ляцеў, як птах, час скарачаючы дарожны, Пару заўзяты паляўнічы знае кожны. Абмыўшы каля студні рэшткі сну з павек, Пайшлі бадзёра мы. Сабою там спрадвек Другія засланяла пушча таямніцы, Другія краявіды — проста задзівіцца. Абшар дрыгвы, бясконцыя кілімы мхоў І хвойкі нізкія, хоць шмат растуць гадоў. А цвёрдыя, бо мае іхняя драўніна Валокны гэтак моцна збітыя ў адно — Не паддаецца нат сякеры валакно. Вяршкамі хвойкі — быццам пальмінкі пустыні. Завальваліся ногі ў пух, у мох буйны, Стральцу ж то мукі нечуваныя адны. На ім шмат ягад. Тут жа буякі, або дурніцы, Абсыпала кусты зямелька-дараўніца; Сцвярджае Грышка, і без выдумак якіх, Што доўгі й моцны боль у галаве, як іх З куста спажыць, а назбіраныя не шкодзяць. Таксама журавіны вельмі шчодра родзяць У мхох пушыстых. У імшарыне глухой Цецерукі, глушцы бываюць чарадой, Ды большае вагі быў лоў у нас на мэце, Ніякі птах не зацікавіў бы на свеце. Імшарышчам свой прыспаралі мы паход, Здалёку лес хваёвы ды густы чарот Нас вабілі надзеяй. Зранку дужа росна, Упэрліў дрэўцы, мох і верас кропляў россып. Ледзь сонца дыск заззяў — і ажыла краса, Паўсюль зайскрылася вясёлкаю раса, Мох шэры стаў, хваёвыя галіны ўранні Як золатам абліты, ў дыяменты ўбраны. Згаворваў Грышка пацеры, чуваць былі Святыя словы, што з душы яго плылі. Напрыканцы ён заспяваў да Маці Божай, Узрушыўшы мяне вячыстай песняй гожай, Вітаннем нашае Заступніцы Святой, Хвалой узнебнай над імшарай і дрыгвой, Прыпадабненнем трапным Панны да заранкі, Якая дзень папераджае, час світанку. * * *
Лаўцы ўжо разышліся, толькі ні на крок Не адыходзіў я ад Грышкі. Вось здалёк, Здалося раптам нам, адказ на ваб Рыгораў Данёсся. Голас быў слабы, няпэўны з бору. «Пан чуў?.. надходзіць лось… ай, латва! добра, ай!.. Да нас, напэўна, йдзе… Паніч тут ляжа хай!.. Маўчаць, як рыбіна ў вадзе, каб не нашкодзіць!.. Трэ вычакаць!.. Куркі, панічу, на адводзе!..» — Шаптаў мне Грышка, стрэльбу сціснуўшы рукой, Сагнуўся і прыпаў да хвоечкі малой. Я лёг, раса студзіла ўранку праз адзенне, Ды не зважаў, глядзеў на зараснік з надзеяй, Туды, скуль, думалася, выскачыць рагач… Завабіў Грышка… Слых і зрок свой як мага Напружваў, ды дарма… Рыгор штурхнуў, я трохі Паварачаю голаў, кінулася ў скроні Раптоўна кроў, як справа праз лясны гушчар Ішоў вялікі лось, я ўбачыў рагача… Той дзіўны стан не паддаецца апісанню, Як трапіць гэткае стральцу на паляванні. Дрыжэў, нібы ў гарачцы, — прыбліжаўся звер. Як трапным стрэлам прывітаць яго цяпер? Змагаўся я з сабой… Рука мая трымцела, Нарэшце нейкі момант вытрымаў на цэлі… Пальнуў… Лось — дыба, павярнуўся, потым скок… Раздаўся стрэл другі… Памкнуў быў лось убок, Хіснуўся… на калені ўпаў неспадзявана. «Як ад гарачкі гэтай адвучыць мне пана? За крокі тры ад нас лось быў бы акурат, Пан не падпусціць!.. звык смаліць за пяцьдзесят!.. Скажу, пан трапіў, праўда, і пры першым стрэле». — «Буркун! Ляжыць жа лось!.. лепш пахваліў бы!» — «Вельмі Хвалю!.. Пан добры паляўнічы! Толькі вось Дрыжэў увесь, нібы кісель аўсяны, штось, Апамятаўся ўрэшце неяк, дзякуй Богу, Не схібіў пан у цэль, што выглядала стогам!» — «Саромеўся б казаць, стары! сваё ўсё гнеш!.. Шанцуе гэтак, як сягоння, рэдка мне». — «То праўда, даражэнькі!.. Хоць бурчу з нагоды, Цябе, як роднае дзіця, люблю заўсёды». V. Голад
VI. На глушцоў
* * *
«Хвала Хрысту!» — «Навекі!» — «Пэўна, пан Рыгора Чакаў ужо і на глушцоў не здоўжыць збораў? Сяк-так, дзе бокам-скокам, дзе пералячу — І тута, кланяюся земна панічу». — «То дзякуй! — што ж чуваць там?» — «Проста з хаты, пане, Мой форт ледзь-ледзь пакінуў. Хто не абазнаны З мясцінаю, дык загавець таму душой, Бо не дабрацца да кута майго вясной. Вада вялікая. Дарма што час разводдзя, Цямком у лес на подслухі Вінцук мой ходзіць. І я махнуў, ды ў Кругліцы няма глушцоў, А з Чорных Лядаў дужа ўсцешаны прыйшоў, Нам пашанцуе ў паляванні. Лік ім губіш: І тут!.. і там!.. мець трэба голаў як на шрубе, Каб іх злічыць. Якраз да пана ў гэты дом З'явіўся ўжо адзін ад грамады паслом З запросінамі ў лес. Бач, пан, каго трымаю! Што за вага!.. фігура!..» — «Як дабрацца маю?» — «Фу!.. фу!.. паніч пытаецца! — як пад вадой Балота, дык на чоўне, рэшту — пехатой. Пытанне вось: ці ў кут мой трэба? То ж нязручна, Ляпей да возера адгэтуль рушма. Адтуль да месца мо з паўмілі, не далей». — «Праз лугавіны праплывем?» — «Там найзручней!» — «Сягоння добра б рушыць. Толькі ты, Рыгору, Стаміўся, мабыць?» — «Дык і што! абы не хворы! Мы пойдзем. Лес вялікі, дзень кароткі шчэ, Скажы, каб мне спажыць чаго далі хутчэй, Падсілкавацца трэ, спачыць хоць трошкі ў хаце. Уфф!.. праляцеў сягоння я тры мілі, браце». * * *
Разводдзем човен дзесь пад вечаровы час У Ляды Чорныя занёс на спевы нас. За мшарамі пачаўся лес штораз цямнейшы Ды больш дрымучы, чым далей — дзічэйшы. Не чуешся ў магутнай пушчы векавой Прыроды панам, а часцінкаю малой. Рыгор тут раз, другі і трэці пагалёкаў, Прыслухаліся: нам адказ ляціць здалёку. «Там хлопцы! то і добра, што прыйшлі раней, Агледзелі, начлег спарадкуюць лацвей». На выспе гэтак званай, на малым пагорку, Чакалі нас дарослыя сыны Рыгора, Два хлопцы. Мокрыя, з гразёю, пасталы І крыссе ўподтык прамаўлялі, што паслы Рыгоравы балота мусілі так мераць. У кожнага ў іх стрэльба, торба і сякера, Заткнутая за пас сырцовы на баку. «Хвала Хрысту!» — «Навекі!» — «Янку, Вінцуку І панічу трэ спевакоў сачыць на токах, Я завінуся тут, ачышчу месца збоку Нам пад начлег, з ламачча раскладу агонь. Ідзеце з Богам, бо запала ўжо сутонь». Штораз цямней. Здаецца, хвоі ды яліны Вышэйшыя шчэ сталі ў гэтыя хвіліны. Ківаюць, здэцца, веліканы галавой І з вышыні няспынна сочаць за табой. Таемнасць шолаху, гамоняць ціха дрэвы, Крык сойкі, чорнага дразда ліюцца спевы. Далей праз гушчыню! Як плавень без стырна, Як птах начны, бясшумна ў морак парынаў! Штокрок стаю і слухаю… прысеў, чакаю… Зблудзіць я не баюся, лес вялікі знаю. Ад вусцішнае цішы, мроку, сценяў тых Уражанне на нервах дзіўнае маіх. Я ўслухаўся… пачуўся раптам лопат крылаў, Ляціць над самай галавой глушэц-страшыла, Адразу завярнуў улева неўспадзеў, Залапатаў і сціх — на дрэва, пэўна, сеў. Я чуў, як сэрца стукацела з хвалявання, Каб не парушыць цішы, стрымліваў дыханне. Глушэц затакаваў і змоўк, зноў песні зык, Птушыны спеў разлёгся. Брава! такавік! Назад стараўся адыходзіць асцярожна, Бо ў лесе кожны сук заўсёды здрадзіць можа. Дапамагаў мне мяккі пад нагамі мох, Без шолаху, паціху адыходзіць мог. Сцямнела ўжо, прыкмеціў зорачкі паходню І вырашыў урэшце йсці далей свабодна. Агледзеўся, вагаўся шчэ ў душы крыху, Ці не змыліўся, ці патрапіць я змагу. Ды зніклі думкі невясёлыя адразу, Як стук Рыгоравай сякеры ўчуў выразна — Звароту нітка вось. І неўзабаве стрэў Святло пурпурнае на вершалінах дрэў Ад вогнішча начнога. Лесам брыў цямраным, Спыніўся, тым відовішчам зачараваны: Эфект святла і ценю панаваў наўкол, Забарвіліся дрэвы, мох, кусты і дол, А людзі пры агні — не ўздумаеш такога, Як быццам з чарадзейскага жыцця ляснога. * * *
«Шатана ці русалак бачыў ты хіба?» — «Фу!.. цьфу!.. Панічу! ну навошта пахвальба? Нібыта не баіцца сілы пан нячыстай?!. Мо тут шатан сядзіць на хвоі дзе камлістай! Нячысціка ды клікаць?!. У імя Айца!.. Мы ў пушчы, а не ў хаце свячанай!.. Жыцця Яе не перадаць… гм!.. кніжкі пан чытае І верыць, што бязлюдны лес душы не мае? Прабач. Дык слухайма, лавем жа кожны гук, Ад пушчы пан не спадзяецца гэткіх штук. . . . . . . . . Паніч ці чуе?!. Я звяроў і птахаў знаю, Ды што за д'ябал, голас чый, не адгадаю!.. Фу!.. цьфу!.. спакуса панава… пачаў вярзці! Я ж вернік, пад святой апекай у жыцці!» . . . . . . . . Шаптанне пацераў… Дапраўды ў пушчы ночнай Усякіх гукаў тысяча. Пазнаць захочаш, Не разбярэш дзесятай часткі з іх ніяк. Хіхікне хтось, а там заплача горка так, Тон часам жаласлівы, часам востры, дзікі. Таемныя спрадвеку пушча мае зыкі. Хто скажа, што ў сабе захоўвае яна?.. Яе ўрачысты й грозны голас — цішыня, Як тону вушы аніводнага не ўловяць. Не дзіва, што ў праявы верыць люд вясковы. До ў пушчы раз паначаваць і там без слоў У гукі ўслухацца таемных тых размоў. Так думалася мне, як лёг я адмыслова, Акрыўся буркаю на купе лап яловых, Яліну Грышка ссек. Прыемнае цяпло Ад полымя вялікага няспынна йшло. Снапы бліскучых іскраў угару ляцелі Зігзагам фантастычным. Ніклі летуценні. На ловах лёгка спіцца… Цёмнай шчэ парой, Нібы вупыр, схіліўся Грышка нада мной: «Панічу, трэ ўставаць!» Мяне прабрала крыху, Дарма што цёплае адзенне. Цёмна й ціха. Між хмарак дыяменты зор. Я ўстаў, мацней На голаў шапку нацягнуў і сеў хутчэй Да вогнішча. «Глушца на токах не адстрашыш, Калі з'ясі на адыходзе цёплай кашы, Сагрэе пэўна… Ўчора запытаўся пан, Ці ў пушчы часам Грышку не спаткаў шатан? Гм!.. Што ж сказаць на гэта?!. Кпяць за кожным разам З нас, прасцякоў, панове… Трасца й ёсць жа назва Таго вось ліха. Пан жа згодны! На яе, Як чар, стары тут Грышка радзіў бы свае Спажывы з'есці цёплай… Выбач, пане, ўчора Быў не да смаку жарт!.. нядобра!.. Што ж да чорта? Ці ёсць? не знаю… Пан па гутарцы такой Хай будзе асцярожны ў глыбіні лясной… Дахаты мой Вінцук пабег быў ночай цёмнай Па казанок… Заснуў пан без вячэры цёплай». * * *
Я памаленьку з астраўка пайшоў у мрок, Тут угрузаў, дугою гнуўся там штокрок, Інстынктам кіраваўся памяці ў надзеі І пільна прыслухоўваўся, што пушча дзее. Агню не бачыў я, ўрачысты супакой, Лес толькі, бы гаворыць, верх хістае свой, На смельчака дзівуецца, які пакрочыць Адважыўся ў абшары лесавыя ўночы Далей — уперад!.. Раптам блізка трэск зусім, Вушам спачатку веры не даваў маім. Прыслухаўся, дапраўды тросся куст вяршкамі, Сухое лісце шамацела гэтаксама, Ступае хтосьці… Глянуў… здрыгануўся ўвесь, Аж сталі дыба валасы на мне — мядзведзь!.. Ягоныя абрысы ў мроку ўбачыў толькі, Прыблізіўся і стаў за крокаў пяць, не болей… Ці збегчы — паратуе бліскавічны рух, Ці хуткія два стрэлы шротам з метраў двух! Пасля за дрэва. Колькі часу я выстойваў Сярод бязлюднай пушчы, ельніку густога, Не знаю, дрыжыкі ўзялі мяне суздром, Быў вока ў вока я з пушчанскім каралём… За мною раптам шолах!.. Тут мядзведзь вачыма Павёў туды, дзе шум, і з гэтае прычыны Ён адышоў, мармычучы… І там яго Замоўкла крокаў водгулле… Пасля ўсяго З палёгкай уздыхнуў — мінулася ліхое, Шчэ вуха навастрыў на месца на другое, Туды, скуль шолах даляцеў, але дарма Я сіліўся пачуць — знік шум, нідзе няма, Спакою анішто не парушала ўранні; Я зноў уперад рушыў, яснае світанне На цёмным небе, ўжо займалася на дзень. У пушчы глуха шчэ, ды гукі дзе-нідзе Вітаюць сонца, першыя снапы прамёнаў. Агледзеўся, чакаючы знаёмых тонаў… Я не блуджу, бо той куток пазнаў, дзе быў, Дзе ўчора поблізу такавіка сачыў. Вось чую зык… выразны… то ж глушцова песня!.. Няма сумнення!.. Бы падушка, мох у лесе, Зраблю два крокі асцярожна і далей Набліжуся на столькі ж як мага цішэй. І ў спеху і ў трывозе праставаў да токаў, Дыханне стрымліваў сваё на кожным кроку. Як толькі даляціць глушцовы ў лесе спеў, Я скокну і замру ў тэй позе. Паглядзеў — Сядзіць глушэц, задраўшы дзюбу на асіне, Спявае песню, пушча гэтаю часінай Заслухалася, хвост, як веер, распусціў, Няпомны ў спеве, ў гімне любасным на здзіў. З грудзей не выскачыць ледзь сэрца, як нарэшце Наблізіўся я неяк праз замінкі ў спешцы… Пара!.. Прыцэліўся: стрэл грымнуў, дым пайшоў, Хіснуўся птах, з асіны каменем далоў, Галіны ломячы, і ў шэры мох аж бухнуў, За ім ляцяць сукі сухія, пацяруха. «Нішто сабе! нішто!.. віншую!» — «Дык ты тут?» — «А на выпадак… што?.. быў пану перапуд? Ды шчэ які!!. Я чую, хтось яшчэ там ходзіць, Падумаў, мне туды падбегчы не зашкодзіць, Падрапаць пану скуру лапай мог мядзведзь. Загнаў у рульку кулю, рупіўся паспець, Сякера шчэ за пасам… Гора з панам многа, Пільнуй яго, нібы дзіця!» — «Не знаў нічога, Твае чуў крокі, хто ж яшчэ з'явіцца мог? А што, калі другі!.. Хай укрывае Бог!.. Ды наша вогнішча было з таго вось боку Раскладзенае на начлег непадалёку, Мядзведзь стуль быць не мог…» — «Дам раду, павучу, Не трэ шукаць шатана ўночы панічу!» Пачуўся стрэл далёкі. «То Вінцук страляе!.. Вось і наслаў мядзведзя!» — «Хто?» — «Шатан пракляты… Панічу, ціха!.. добра спеў цяпер чуваць… О!.. о!.. і не перастае глушэц спяваць. Скачэм!» За гэтым разам стаўся я віною: Глушца спалохаў сук, што хруснуў пад нагою, Як блізка быў. Цьфу! цьфу! навуку кагадзе Пан меў, а на глушца, нібы на дзятла, йдзе. Тут мох кілімам, а паніч у лом паціснуў, У горшае шчэ месца пхнецца там наўмысна. Глядзець пад ногі трэ!» Пачуўшы наганяй, Не змоўчаў я: «Тут голаў толькі й задзірай, Як хочаш бачыць, дзе сядзіць». — «Ды не, наліха, Выгледжваюць пасля, як падкрадуцца ціха. Глушэц не дроздзік!.. Годзе, зачало світаць, І з дрэва мусіць такавік ужо злятаць». VII. Аблава на ваўкоў
* * *
Нядзеля. Пры карчме дружына, ўсякі люд: Паноў і з міны, і з чупрыны колькі тут, Асобнымі грамадкамі трымацца мусяць Пры іх службоўцы, шляхта. Кручаныя вусы, Асмужаныя твары і адменны рух, Мажныя, дужыя, відочнай моцы дух — Кантраст між шляхтай і службоўцамі, бо тыя З блядым абліччам, без крывінкі і худыя. Далей стральцы — лясная варта, каля іх Падпанкі, хурманы, прыслуга, між усіх Паводзяцца свавольна франты-местачкоўцы, Да дзевак прыстаюць, хіхікаюць бясконца, На ўцеху ганчакоў уздумалі дражніць. Стары іх Грышка мусіў тут жа абсадзіць. Загоншчыкі на прызбе, ганку і пад плотам Былі наводдаль, не раўнуючы, як сплёты Даўжэзнае вужакі чорнай, што паўзла І ўсю вялікую карчму апавіла. З аблавы кожны быў узброены ці стрэльбай, Ці кіем — помстаю кіпеў на воўка, шэльму. Пацешныя між імі надта хлапчукі: Ледзь ад зямлі адрос, а цягне кол такі — Падняць яго не можа, татава налезла На вушы шапка, голаў скрыўшы ўсю гарэзы. Вазы і брычкі скупіліся за карчмой, Падпіў з засценка шляхціч, пры гурме чужой Крычыць на сына: «Паказаў сябе, праславіў!..» Ад смеху Грышка клаўся, ведаючы справу. «Ну й паляўнічы ў нас — на камароў яму! Ці ў стрэльбе помніць што?.. Хто веры дасць таму? Хай пан адкажа нам!» — «Курок… шчэ шомпал, шрубка». — «Ха! ха! названа драбяза — забыта рулька, Няма чаго, так лёгка памагчы й бядзе! А на аблаву едзе ды за мілі дзве!» На тракце тарахценне, пыл над ім падняўся, Чуваць званок паштовы, станавы прымчаўся. * * *
Аблавы не ўдаюцца на ваўкоў цяпер, Малы з іх вынік, клапатных замнога мер. А вырак гэтакі гаспадароў вясковых — Ваўкоў трэ конча вынішчаць і тэрмінова. Аблавы сельскай дысцыпліна — што й казаць, Перашкаджае паспяхова паляваць. Не тыя ўжо стральцы, паводзяцца нядбайна, Ад месца ад свайго ў лес ціснуцца патайна, І ў выніку старога шкодніка ніяк Пакласці не ўдаецца, воўк стары ў гушчак Заўжды ўцякае ўмела. Грышка з тэй прычыны, Стырно ў яго руках, меў клопат не адзіны. Паліцыю і воласць упрасіў раней, Каб у аблаве паспрыялі ахватней; Загоншчыкаў спатрэбіў на гурты чатыры, Дзяўчат прагнаў. «Нідзе ні ладу з іх, ні міру! На паляванні дзеўкі — кіне й стрэльбу зух, Не йгрышча лес! Іх у запечак! у катух!.. А то пачнуцца жарты, заляцанкі, смехі, І драпануць паціху парамі ў арэхі». Дзесяткамі расставіў кожны гурт пасля, Даў палясоўшчыкаў — людзей пад іх нагляд, Асобна фракцыі стварыў, каб ім адказваць За дысцыпліну ў лесе. «Хлопцы! я адразу Задам таму, хто правароніць у кустох: Са мною справу мець — хай укрывае Бог! Фланг левы весці Базылю, Вінцэсю — правы, Пакуль не стрэнуцца, маўчыць уся аблава, І люлек не курыць нікому патайком, Бо разаб'ю, дальбог, на пысе кулаком. Праз дзесяць крокаў ставіць, дзе й гусцей, як трэба, Глядзець, вачэй не зводзіць з-за куста ці дрэва. Ну, з Богам!.. па чарзе!.. Прашу ласкава вас, Вяльможныя панове, помніце наказ Рыгораў у выправе… Пільнавацца месца, Як дзе каго пастаўлю, маю вас я весці. Бяруся сівізной маёй запрысягаць, Што ў добрым месцы будзе кожны з вас стаяць. Пазначыў пункты я галінкай заламанай, Там толькі аднаму спыніцца трэба пану. Як ваша воля й ласка, рушма ўсе за мной!.. Не мовіць, ідучы!.. — і гэтаю парой Нікому не курыць!..» Хто ў лесе з паляўнічых, Калі надзеі не губляе таямнічай, У стане праціўляцца ўражанням жывым, На месцы ў час аблавы стоячы сваім. Той момант, мілы сэрцу, тое хваляванне, Калі губляе воля ўладу, панаванне І водзіць толькі ў ведамых стральцоў рукой, А маладым бракуе волі ўжо такой; Той электрычны ток, што перад самым стрэлам У нашай у істоце прабягае цэлай, — Як выказаць, пачуцці перадаць стральца, Калі бяжыць звер з пуду проста на лаўца. Я ў думках месца кляў, зарослае лазою, Мяне лазняк паблізу атачаў сцяною, За крокаў трыццаць не прыкмеціш тут ваўка. Зламаў галінак колькі, сцяў нажом з вяршка — І ўбачыў справа выспачку неспадзявана, На ёй быў трохі змяты куст, трава стаптана. Я ўлажу!.. Аж пярэсмык добры там знайшоў! І цэль відаць адсюль, стралец тут мае схоў. Прыгледзеўся пільней, заўважыў быў ля спуску Галінкі заламаныя. Пярэсмык вузкі, На стрэл прарэджаны, знікаў у гушчаку. Пазнаў у зробленым і вока, і руку, Меў Грышка рацыю, да месца прыглядаўся, Сюдою воўк стары не раз, напэўна, краўся. Нямая ў лесе цішыня, глухі спакой, Хоць Грышка тут аблаву чыніць на ваўкоў. Урэшце знак — далёкі стрэл — і закіпела Шырокае паўкола!.. Купка праляцела Драздоў, і цецярук мільгнуў быў, беляка Я згледзеў, выскачыў з лазы ён, даў слупка І ўцёк. А гоман рос, вось даязджачы трубіць У рог — то блізкае ваўкам спавесце згубы. Гон закіпеў, як толькі ўсім сігнал далі, На вока, пэўна, купу ганчакі ўзялі. Калі на флангах стрэлы ў лесе прагрымелі, Загоншчыкі па ўсёй аблаве зашумелі. Ваўкоў аблога прыціскае… І стральцы Ўжо сыплюць стрэл за стрэлам. У другім канцы Пачуўся крык: «Пільнуй!..» У лазняку штось рушыць, Штось шаснула і раптам выткнуліся вушы, Пад ногі выскачыў вялікі воўк з кустоў, Палю, шчаслівы момант улучыўшы той, У лоб, праз дым убачыў — лапамі накрыўся І тут жа ўскочыў і паўзе… у лес пашыўся! Надзвычай дужы звер… Чакай, чакай, дружок! Яшчэ табе дадам!.. і склаўся на разок, Ды тут аблетак трапіўся з кустоў на вочы, Палю па ім — уцэліў па баку, як скочыў — І воўк перакуліўся… Я заклаў набой. Ляжыць аблетак, а стары, вялізны той, Пацёгся, след пакінуў па сабе крывавы. Шчэ колькі стрэлаў, крык яшчэ і шум аблавы, Ды ўсё паволі моўкне, сціхла гранне псоў, Канец аблаве, паляванню надышоў. Змаўкае рог. «Што пан мне паказаць гатовы?» — «Тут малады, стары ж, як мае лоб сталёвы, То шчэ жыве… Вось кроў!» — «То ўдача паніча! Дабіты ўнізе быў кіямі з-за пляча. Яму пан перабіў пашчэнкі, выбіў вочы, Скрываўлены, ды поўз у схоў — у воступ воўчы, Ўзялі — як у цапы. Уцехі там было!.. Нябожчыка пярэсцяць шчэ й цяпер калом. А што? няблага выйшла? Столькі ўпалявалі, Як меркаваў, калі аблаву пачыналі. Вось два старыя, два аблеткі, маладых Шэсць, ліс, барсук! Як Грышкаў рэй, вось так тады. І кожны стрэліў пан або пабачыў воўка. Мо чвэрць нібыта на вайне: бах! бах! — не моўкла. Што пан старому скажа тут на гэткі рэй?» — «За ўдачу й за тваё здароўе выпіць трэ!» — «То дзякуй! Грышка і за ловы, і за пана Звяселіцца ў бары пачосткай на паляне». * * *
Вярталіся мы пад карчму, ваўкі амаль Запоўнілі драбіны, цэлая гурма За возам паляўнічых. Трыумфатар быццам, Разлёгся Грышка на ваўках — не надзівіцца. VIII. Апавяданне даязджачага
Увечары агніста неба чырванее,
Здаецца, што ў пажары горад палымнее.
На небасхіле хмара ў сонечным агні,
Дзівосныя адценні множаць прамяні.
Блакіт цямнее, нікне, рэдкія хмурынкі
Чародкай лебедзяў паволі, безупынку
Плывуць на захад. Ціхай песняй угары
Здаецца пошум хвой высозных у бары.
Лясныя паступова пташкі замаўкаюць,
На ноч сярод галін увечары сядаюць.
Высока дзесь кружляюць толькі канюкі,
в официальном магазине Литрес