Лучына Янка
Шрифт:
Мядзведзіца бароніцца ад ганчакоў,
Шпурляе што папала: пні і лом усякі,
Дакучліва ўсё лезуць да яе сабакі.
Чырэц старэйшы — лясь! — ды стрэльба падвяла,
З другое рулькі — лясь! — зноў!.. яліна памагла,
Яго на хвілю ўкрыла ад звяругі тога,
Чырэц тут кінуў стрэльбу і дай Божа ногі.
На шчасце, псы змаглі хоць крыху паўстрымаць,
Мядзведзіцу рвуць ззаду, кудлы аж ляцяць,
Ды здаганяе хлопца, крык пачуў ягоны:
«Ратуй, о Божа!» — зваў Чырэц да абароны.
Прыцэліўся… але страляць было тут як,
Калі калені трэсліся, калі гушчак,
Калі напераменку бачыцца, паверце,
То чалавека галава, то пашча звера.
Нарэшце: бах! шчэ бах! страляў я з гушчару —
Мядзведзіца ажно падскочыла ўгару,
Схапілася за голаў лапаю і села,
Хіснулася і, падаючы, зарычэла.
Мы да яе, ўжо душаць псы медзведзянят,
Пястун бароніць, пад лапаткі — пух! Віват!
Як раскусіць арэх — адразу ўсіх паклалі,
Чатыры трупы медзвядзячыя ляжалі.
Не парушаць жа звычаю, панове, нам,
За чарчынай разгаманіліся мы там,
Гарэзуем сабе, вясёлыя такія,
Нябожчыцу Чырэц старэйшы лупіць кіем
І прымаўляе: «Пападзерла ты калод?!
І маеш, дабрадзейка, кулю ў лоб за мёд!
А колькі коней, бараноў, цялят, кароваў
Задзерла ты, праклятая! Ляцела з ровам
За мною, каб узяць у кіпцюры свае?
Чакай жа!.. Косці я памацаю твае!
Калі Чырэц прыказваў і лупіў, шчэ тая
Нябожчыца мядзведзіца была жывая,
За ногі хоп і драпаць пачала Чырца…
За стрэльбу кожны — не набітая ў стральца…
Пасля да вуха рулю… стрэл… адныя раны:
Руку Чырцу пагрызла, скура ўжо садрана…
Убачылі мы ў тэй мядзведзіцы тады
Дзве баразны на мордзе — стрэлаў двух сляды,
Не закранулі мозку. Цэліў дасканала,
Ды следу кожнаму дзвюх цаляў бракавала.
Хвілінай гэткай сэрца грудзі разрывае,
А занямелая рука курок спускае.
Вось так па радасці прыйшла тады і страта,
Чырэц не скуру медзвядзёву нёс, а брата.
Пакуль дамоў занеслі сцежкаю лясной,
Гадзіны дзве мінула. Сплыў стралец крывёй,
Прытомнасць страціў ён. Не памаглі і лекі,
І праз два тыдні той Чырэц спачыў навекі». —
«А што тады панове?» —
«Па прыгодзе той
Спісаў нам скуру лоўчы ўласнаю рукой,
Бо заслужылі. Моладзь шкодная залішне,
То ж блаславёная рука, як скуру спіша.
А зараз што? Не чуе скура бізуна,
І ў галаве і ў сэрцы пустата адна».
IX. Стары паляўнічы
X. Смерць Грышкі
Каментары
Раздзелы паэмы «На ласёў на прынаду», «На цецерукоў у час такавання» Лучына дасылаў у 1882 годзе Аляксандру Валіцкаму (1826–1893) — былому менскаму кнігару, удзельніку паўстання 1863 года, які жыў тады ў Кракаве.
Раздзелы «Стары паляўнічы», «Выправа на ласёў» і «Апавяданне даязджачага» публікаваліся ў часопісе «Zycie» (1887, № 25–26; 1888, № 8), а «Перад куццёю» — у альманаху «Zycie ilustrowane» (Варшава, 1887) пад агульным загалоўкам «Акварэлькі з паляўнічага жыцця на Палессі», які, як сведчаць аўтографы паэта, захаваныя ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве, быў рэдакцыйным варыянтам назвы паэмы — «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся».