Шрифт:
— Паночку! — раптам чужым тонкім голасам закрычаў Пятрок і каленямі бухнуўся на непрасохлы пасля дажджу дол. — Паночку, не трэба!
Тут толькі яна зразумела, што немец хоча дастаць свой рэвальвер, і сэрца яе непрыемна скаланулася ў грудзях. Але яна не скранулася з месца, яна толькі сачыла, як ён нешта няўмела поркаецца там з рэвальверам, не можа яго адшпіліць, ці што. Пятрок і яшчэ заекатаў, пасунуўшыся бліжэй на каленях, з пакамечанай шапкай у руках, сівы, няголены і няшчасны. Яна ж стаяла, як адзервянеўшы, нібы непадуладная смерці, хоць і гатовая да яе кожную секунду. Але замест рэвальвера немец урэшце адшпіліў нейкі белы даўгаваты ланцужок, і, перш чым яна паспела што зразумець, пякельны боль аперазаў яе плячо і шыю. Яна ўскінула руку, тады дужа апякло пальцы на руцэ, ляснула па спіне, добра, што на плячах была ватоўка, праз яе было не так ужо і балюча. Фельдфебель нешта злосна крычаў і яшчэ некалькі разоў выцяў яе, але найбольш балелі пальцы пасля другога ўдару, спіне ж было амаль не балюча. Тым болей яна знайшла, як захінацца ад яго ўдараў — не пальцамі, а болей локцем, і ён, лупнуўшы з усяе сілы яшчэ разы два, мусіць, зразумеў, што надта яе не проймеш. Тады ён апусціў ланцуг і крычаў, ад натужнае злосці чырванеючы белабровым тварам, але яна, бы глухая, не слухала яго крыку і не хацела разумець яго. Краёчкам увагі яна адчула, як там, ля палаткі і ля кухні, нешта кпліва ржалі два ці тры немцы — мусіць, тое, што вытваралі з ёй, здавалася ім надта смешным, мусіць, для іх гэта было вясёлай забавай. Што ж, гагачыце, праклятыя, забаўляйцеся, падумала яна, біце няшчасную жанчыну, якую няма каму абараніць. Але ведайце: у гэтай жанчыны ўсё ж ёсць сын-салдат, ён вам папомніць. Хай не цяпер — прыйдзе час, паквітаецца за матчыны боль і знявагу. І ты ўстань, Пётра, нягожа поўзаць перад імі на каленях. Хай! Пабілі яе, як якую прыблуду, на сваім жа двары, пад смех і гогат, але яна сцерпіць. Цярпі і ты.
Пякучым болем гарэлі шыя пад вухам і пальцы на левай руцэ, калі яна марудным крокам, прыдушаная невыказнаю крыўдай, пайшла на дрывотню, каб засланіцца ад іх нахабных вачэй, а можа, і заплакаць. Але каб яны не бачылі. Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы. Шкада, у яе даўно не было слёз, быў толькі гнеў, прыдушаны і ледзьве падуладны ёй, ад якога найперш ёй самой было дужа нясцерпна. Ну але хай, суцяшала яна сябе, хай! Яшчэ пабачым. Можа ж, не застрэляць да вечара, яшчэ пажывём трохі…
8
Усю ноч да золаку Пятрок курчыўся на сваіх мулкіх дзежках пад кажушком, стараўся заснуць. Спярша ўсё слухаў, што рабілася на падворку, дзе хоць і сцямнела, але не было спакою: чулася незнаёмая гамана, вокрыкі, смех — чамусь дапазна там не было ўгамонку. У сенцах раз за разам грукалі дзверы, там усё бегалі ў хату і з хаты, бразгалі посудам, мусіць, частаваліся камандзіры. Спакваля, аднак, усё сціхла, немцы паснулі, але Петрака ўсё роўна не брала на сон; гаротна і неадчэпна думалася: што ж гэта будзе? Гэта ж паслаў Бог кару на дваіх старых — за што толькі? Пятрок хацеў запытаць аб тым жонку, але на ягоны здаўлены шэпт яна не азвалася, а гукаць да яе мацней ён не адважыўся: ён ужо быў навучаны і баяўся нават у сваёй хаце. Цяпер дык, мусіць, самы раз і было баяцца.
На золаку ён усё ж задрамаў, здалося, зусім трошкі, і ўбачыў дурны сон пра пацука. Пад жорнамі ў істопцы здаўна была шырокая пацукова нара, з якой цяпер высоўвалася нейкае дзікае стварэнне з клыкастаю, нібы ў дзіка, зяпай, Пятрок шпурляў у яго венікам, затым пароў туды даўгім кійком, ды марна: пацук хаваўся, каб затым вылезці зноў і пагрозліва зяваць сваёй клыкастаю зяпай, не то пагражаючы, не то пацяшаючыся з людзей. Урэшце Пятрок ухапіў ля парога паржаўлены стары калун і шпурлянуў ім па нары ў куце, але, мусіць, зачапіў жорны, і тыя з грукатам грымнуліся ў куце, дзе стаялі, толькі закурэў пыл у істопцы.
Пятрок тут жа прачнуўся, адразу цвяроза зразумеўшы, што грымнула дзесь наяве і побач. У істопцы было віднавата, займаўся ранак, на шархоткай земляной падлозе пасярод істопкі відаць былі ягоныя апоркі, жорны стаялі сабе на месцы ў куце, а Сцепаніды на тапчане пад акенцам чамусь не было, ляжаў толькі ўмяты яе сеннічок. Пятрок, як быў босы, сігануў да акенца з замурзаным, у павуцінні шкельцам, праз якое, аднак, убачыў падворак з кухняй і там злоснага кухара, які стаяў з узнятаю ў руках вінтоўкаю. Якраз у той час ён ляснуў затворам, выкінуў на траву гільзу і пайшоў кудысь у варотцы. Вінтоўку жоўтаю раменнай почапкай павесіў на тын ля кухні.
Спалохаўшыся ад думкі, ці не там Сцепаніда, Пятрок, босы, толькі накінуўшы на плечы кажушок, выскачыў на ганак: поруч з палаткі высунуўся немец, неапрануты, у помачах паверх сіняе майкі, але ў суконнай пілотцы на галаве, ён нешта крыкнуў кухару, ды той не адказаў за тынам. Зрэшты, праз момант усё стала зразумела, калі той паявіўся ў варотцах. У ягонай паднятай на паказ руцэ павісла распластаная варона, з яе разяўленай дзюбы капала кроў, і яна яшчэ слаба варушыла чорным, абвіслым крылом.
Пятрок кінуў позірк на хлеў — вароты былі ўжо расчынены, значыць, Сцепаніда пагнала ўжо Бабоўку. Гэта дало Петраку спакою — чорт яе бяры, тую варону, было не прылятаць, не каркаць — накаркалася на сваю галаву.
Ён зноў вярнуўся ў істопку, прычыніў ззаду дзверы. Цяпер ён баяўся выходзіць на падворак, каб лішне не назаляць ім, мусіць, трэба было сядзець тут, у гэтым старасвецкім сховішчы, бо дзе яшчэ было дзецца гаспадару на акупаванай сядзібе? І ён ціхенька, каб не грукнуць чым у паўзмроку, надзеў свае апоркі, тужэй захінуўся ў кажушок і стаў ля акенца. Хацелася курыць, але прыкурыць не было як, і ён цярпліва трываў, чакаючы немаведама чаго. Тым часам добра развіднела, папрачыналіся немцы, пачалі сноўдаць неапранутыя, у сподніх кашулях, блакітных і белых майках — то па патрэбе за хлеў, то курылі і па-фізкультурнаму разміналіся на падворку. Адзін у апушчаных на сцёгны помачах выцягнуў з калодзежа вядро вады, пачаў мыцца збоч ад кухні пад тынам. Там жа прыладзілі на тыне невялічкае люстэрка і галіліся нейкімі кароценькімі брытвамі. Адзін, што быў у акулярах і з высока падстрыжанай патыліцай, няспешна ходзячы па падворку, нешта цікаўна разглядваў на стрэхах, спыніўся перад дрывотняй і нешта коратка запісаў маленькім аловачкам у маленькай чорнай кніжачцы. Пасля прайшоў да хлява, зазірнуў у яго праз расчыненыя дзверы. Пятрок думаў, чагось шукае, але, мабыць, ён не шукаў, а таксама дастаў з бакавога кішаня сваю кніжачку і штось запісаў. «Вучоны, — падумаў Пятрок. — Толькі што там глядзець, у тым хляве?» Ён усё чакаў, калі яны збяруцца ды паедуць на мост, мусіць жа, трэба было працаваць. Але ішоў час, ужо добра парыла кухня, ад якой патыхала нейкім незнаёмым і смачным пахам, а яны ўсё таўкліся на падворку, відаць па ўсім, не спяшаючыся з працай. Дый фельдфебеля яшчэ не было відаць, як, зрэшты, і таго іх галоўнага афіцэра — мусіць, абодва спалі ў хаце, бо ў сенцы яшчэ ніхто не заходзіў ад рання.
Займаўся лагодны, зусім не па-восеньску цёплы ранак. Недзе за тонкай смугой аблокаў блукала гатовае вось-вось выглянуць сонца. Немцы зусім параспраналіся, скінулі шынялі, а то і мундзіры. Адзін з гладкай, рудой ад загару спінай доўга мыўся ля студні, стоячы толькі ў трусах ды ботах, другі паліваў яму з кацялка, і абодва, па-маладому бесклапотна рагочучы, пырскаліся вадой. Злы кухар, апрануты сёння ў кароценькую белую куртачку, і Карла шчыравалі ля кухні: Карла, прыгнуўшыся, пароў у невялічкую топку, а кухар нешта мяшаў у катле з адкінутым вечкам. Забітую ім варону двое ўжо апранутых, але без пілотак немцаў ладзілі на вышэйшы калок у паркане, неяк склалі ёй крылы, каб было, нібы ў жывой, але мёртвая галава птушкі не трымалася роўна і ўсё падала дзюбай набок. Тады адзін прынёс з машыны тонкую драціну і неяк прымацаваў там галаву, хоць усё роўна было відаць, што варона забітая. Ён толькі адышоўся, азіраючы сваю работу, як у сенцах бразнулі дзверы, Пятрок насцярожыўся, зазіраючы наўкось у акенца, — на камянях пры парозе ўжо стаяў афіцэр, таксама ў расшпіленым кіцелі, без шапкі, з ускалмачанай чорнай чупрынай. На момант афіцэр агледзеў падворак, на якім неяк адразу падабраліся, пацішэлі салдаты, і нешта сказаў таму, што стаяў ля вароны. Той адказаў, заўсміхаўшыся ўсёй сваёй маладою круглаватаю мордаю, і адышоўся ўбок.