Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сцепаніда, аднак, мала любавалася прыгажосцю пагоднага ранку, мо нават і не прыкмячала яго — яна прыпазнілася каля печы, не ўправілася са скацінай, сказала Петраку, што дарабіць — напаіць авечак, замяшаць курам, — а сама пабегла цераз поле ў Выселкі.

Мякка бегла па ледзяной дарожцы ў старых лапленых валёнках і думала, што вернецца цяпер хіба ўпоцемку — была самая гарачка з калгасам, які ўсё ж сарганізавалі тыдзень назад. Сядзелі да ранку, але ўсё ж дамагліся — большая палавіна Выселак пагадзілася ўступіць. Мабыць, Новік праўду казаў: раскулачыш аднаго — іншыя задумаюцца. Задумаліся, памеркавалі і пагадзіліся. Цяпер тры дні запар камісія па абагульванні хадзіла па дварах, апісвала насенне, інвентар, коней, збрую. Звычайна Сцепаніда прыбягала ранічкай у сельсавет, і адтуль іх чатыры чалавекі ішлі па вёсцы, нікога не мінаючы, у кожны двор — праз жаночы плач, страхавіта-заклапочаныя позіркі старых, напружана-прымоўклую дзіцячую ўвагу — бралі ўсё на ўлік. Было трудна, але было трэба.

Яна думала ў той дзень, што не застане старшыню ў сельсавеце, што, мабыць, прыйдзецца даганяць камісію дзе ў вёсцы, і дужа падзівілася, калі, адчыніўшы дзверы доўгае, як абора, псаломшчыкавай хаты, убачыла ўсіх на месцы. Прымоўклы сядзеў за сталом Лявон і насупраць — каржакаваты мужык у чорным паўкажушку, яго сусед Карніла, якога таксама выбралі ў камісію па абагульванні, адвярнуўшыся да акна, стаяў у сваім доўгім ваенным шынялі Вася Ганчарык. Было дужа накурана і сцюдзёна, і панаваў нейкі спалох ці клопат, які адразу адчула Сцепаніда. Яна стрымана павіталася:

— Дзень добры.

— Чорта ён добры, — сказаў Лявон, павёўшы на яе адным вокам. — Паганы дзень.

Сцепаніда не зразумела.

— А што? Надвор'ечка добрае.

— Аж занадта добрае. Ранняя вясна бярэцца. Але… На во прачытай.

Ён падаў ёй невялічкі, добра пакамечаны ўжо аркушык раённай газеты «Чырвоны араты». Не разумеючы яшчэ — што, яна з натугай пачала чытаць рассыпаныя па старонцы загалоўкі: «Вышэй сцяг індустрыялізацыі!», «На новыя рэйкі!», «План вывазкі дзелавой драўніны пад пагрозай зрыву». На другім баку быў невялічкі малюнак: чырвонаармеец, шырока расставіўшы ногі, пратыкае штыком тоўстага брухатага буржуя з ашчэранымі зубамі.

— Не туды глядзіш, — сказаў Карніла. — Во, у рагу.

Сапраўды, у самым ражку газеціны не дужа вялікімі літарамі значыўся загаловачак: «У Слабадскіх Выселках патураюць класаваму ворагу — кулаку». Сцепаніда ўпілася вачмі ў дробненькія літары заметкі і, трохі шавелячы вуснамі, пачала чытаць. У заметцы пісалася, што ў той час, як скрозь па краіне ідзе вострая барацьба з кулаком як з класавым ворагам, у Выселках гэту барацьбу ігнаруюць і раскулачылі толькі аднаго ворага, які меў наёмную сілу, — Івана Гужова. А наёмную сілу мелі яшчэ наступныя гаспадары: Багацька Карніла, які два леты наймаў бяднячку Каландзёнак Прузыну жаць збожжа, Прахорыха, што тры гады запар наймае араць, жаць і сеяць, Багацька Ўладзімір, які наймаў малаціць. Усё гэта могуць пацвердзіць сведкі. «Ніякай літасці класаваму ворагу!» — такім заклікам канчалася тая заметка. Падпісана яна была загадкава — проста: селькор.

Сцепаніда зразумела, што было ад чаго апанурыцца гэтым мужчынам, асабліва Карнілу, ды і старшыні Лявону. Ёй таксама зрабілася страшнавата, яна нават хацела яшчэ раз прачытаць, каб упэўніцца, што ўсё зразумела правільна, але Карніла ўзяў у яе газету.

— Ну, бачыла? Гэта я класавы вораг?

— А я патураю, — з'едліва сказаў Лявон.

Сцепаніда прысела на лаву, нечага яна не магла даўмецца, хоць напісанае ў газеце было праўдай, але ж… Куды яна вяла, тая праўда заметкі, пра тое страшна было падумаць.

— І хто б гэта быў, свалата? — двума пальцамі скалечанай рукі стукнуў па стале Лявон.

— А я вам скажу — хто! Ягоная работа! — знервавана сказаў Карніла і ўстаў ад стала. Ля акна павярнуўся Ганчарык, ладны ў сваёй чырвонаармейскай форме, паверх якой вісела на баку цяжкая кабура з наганам — красамоўная адзнака яго новай міліцэйскай службы.

— Паеду ў раён. Я знайду, хто.

— Няма чаго доўга шукаць, — стаяў на сваім Карніла. — Каландзёнак гэта, я вам кажу. Магу закласціся на што хочаш.

— Можа, і Каландзёнак, — сказаў Лявон. — Ён жа ў нас грамацей. Але не тое галоўнае.

— А што ж галоўнае? — гарачыўся Карніла. — Напісалі паклёп, хіба ж гэта няважна?

— У тым-та і справа, што не паклёп. Што праўда! Наймалі ж? Наймалі. Значыць, наёмная сіла.

У хаце ўсе змоўклі, пазіраючы хто куды — што такое наёмная сіла і якія яна цяпер мае вынікі, было ўсім вядома. Сцепаніда таксама маўчала, хоць і разумела, што цяпер нешта трэба рабіць, некаму скардзіцца, ці што? Праўда, у глыбіні душы яна яшчэ не магла паверыць у кепскае, бо тыя пералічаныя ў заметцы людзі хоць і наймалі памагчы па гаспадарцы, але ж якія яны кулакі? І не сабатажнікі нават, бо разам з усімі ўступілі ў калгас, а Прахорыха проста старая бабылка, што дажывала свой век у струхлелай хаце. Ці ж ёй пад сілу было самой абрабіць і засеяць чатыры дзесяціны зямлі? Ну і наймала каго абрабіць поле з паловы ці трэцяй часці. Дык які ж яна класавы вораг?

— Але дзе Патап? — запытаўся Ганчарык.

— Збег, шчанюк. Ведае, паганец, што цяпер яму далей з воч, — не сунімаўся Карніла. Лявон прагна зацягнуўся апошнімі зацяжкамі з недакурка і са злосцю шпурнуў яго на падлогу.

— А я яму прытулак даў! У сельсавет пусціў. Ну паганец! Цяпер чакай у мяне!

— А што ты яму зробіш? — спытаў Карніла. — Не выганіш жа.

— За праследаванне селькора крымінальная адказнасць, — напомніў Ганчарык.

— За яго адказнасць. А яму ніякай адказнасці! Наплёў — і прэч з воза. А тут шавялі мазгой. Бойся! Думай, што выйдзе. Мабыць жа, гэтым не кончыцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: