Шрифт:
— Маць тваю… Не паспелі адны, ужо другія…
Але тут ужо рабіць не было чаго, Пятрок адчуваў: ужо тут не адседзішся ў істопцы — трэба выходзіць на падворак.
— Ну?! — упёр вочы Гуж недзе ля яго ног, як толькі Пятрок ступіў цераз парог. — З бандытамі знюхаўся?
— Я? — няўцямна прамовіў Пятрок.
— Ты. А то чаму ж нямецкая каманда цэлую ноч аблаву рабіла?
— Аблаву? А мне адкуль ведаць? Я ў істопцы сядзеў. Яны ж во бачылі.
— Бачылі? — падняў позірк Гуж і торкнуў пальцам пад тын. — А во гэты? Як тут апынуўся?
— Хіба я знаю?
— Не знаеш? — Гуж пераступіў з нагі на нагу, перахапіў у другую руку вінтоўку. — Ану кліч бабу!
— Сцепаніда! — паклікаў Пятрок і саступіў убок з камянёў.
Сцепаніда неўзабаве выйшла, тужэй зацягнула хустку пад барадой і спынілася ў дзвярах, зябка хутаючыся ў ватоўку.
— З гэтым во кароў пасціла? — кіўнуў Гуж у бок тыну.
— Ну пасціла, — ціха сказала Сцепаніда, засоўваючы рукі ў рукавы ватоўкі.
— Хто яшчэ прыходзіў? Ну, да яго на пашу?
— А ніхто не прыходзіў, — сцішана адказвала Сцепаніда.
— Чаму ж тады гэты нямко пад кулю падлез?
— А я знаю, чаму?
— Ён не знае, гэта не знае! — узарваўся Гуж і спрытна перахапіў з рукі ў руку вінтоўку, пагрозна патрос ёю ў паветры. — Вы мне дурняў не корчыце. Я знаю. Наскрозь бачу абаіх. Асабліва цябе, акцявістка. Ужо тая вінтовачка тваіх рук не мінула, — працінаючы Сцепаніду злым позіркам, гырчэў Гуж.
Сцепаніда, затаіўшы дыханне, засяроджана пазірала кудысь пад ліпы.
— Сказаць усё можна, — уставіў сваё Пятрок. — Але грэх, не знаючы, на каго валіць. Мы тут во ў істопцы сядзелі. Шчытай, пад арыштам. Калі б што…
Фурманка стаяла ў двары, конік, панура апусціўшы галаву, мусіць, спаў, ля воза моўчкі стаяў туга перацягнуты дзягай па шынялі Каландзёнак. Закаціўшы вочы, здавалася, ён цалкам паглыбіўся ў сябе, але варта было Гужу павярнуцца да воза, як паліцай зноў стаў поўны ўвагі.
— Ладна, — сказаў Гуж. — Пасля. Цяпер няма як. Давай таго пацана ў воз, — спакайней сказаў ён Петраку і скіраваў да паркана. Каландзёнак кінуў лейцы на ахапак сена ў возе.
Зацяўшы страх у душы, Пятрок нерашуча падышоў да распластанага цела падлетка ў скарэлай цёмнай кашульцы, галава яго была закінута патыліцай у траву, і на скроні ля вуха прысох камяк гразі ці, можа, крыві; крывавыя пісягі на голым, выпацканым жываце таксама падсохлі ўжо. Падышоўшы, Пятрок аслупянеў, не ведаючы, як узяцца за хлопчыка, тады Каландзёнак ухапіў забітага за голыя парэпаныя лыткі ў караткаватых лапленых штанах і, нібы якую лясіну, безуважна павалок да фурманкі, разграбаючы ім смецце ў доле. Яначкавы рукі нязручна растапырыліся, галава на танклявай шыі трохі заварушылася, як у жывога.
«Божа, Божа! — жахнуўся Пятрок, млосна ідучы следам. — Што дзеецца!..»
— Бяры, што стаў! — гыркнуў здаля Гуж, калі яны спыніліся ля фурманкі. Сам, аднак, не падступіўся да хлопца — круціў з самасаду цыгарку.
Удвух з Каландзёнкам яны паднялі трохі цяжкаватае, ужо апруцянелае Янкава цела, паклалі яго ў фурманку.
Каландзёнак трохі захінуў яго сенам, болей дзеля прыліку, усё роўна было відаць, хто ў возе. Пятрок думаў, што цяпер яны паедуць, і ўжо адышоўся трохі ўбок, каб не замінаць фурманцы, як Гуж выпаліў:
— Ты тожа з намі!
— Куды?
— На работу. А што ж! Пазагаралі, як на курорце, цяпер на работу! Мост дарабляць. А як жа? Вунь местачкоўцы каторы дзень укалваюць, а вы тут запанелі пад бокам у немцаў.
«Каб ты так усё жыццё панеў, смоўж пракляты!» — паныла падумаў Пятрок, ведаючы, аднак, што прыйдзецца ісці. Ужо гэтага не ўпросіш, асабліва пасля таго, што тут здарылася, на гэтай сядзібе. Добра яшчэ, што не заарыштаваў назусім, а толькі выганяе на работу.
Лаючыся ў душы, Пятрок пайшоў за фурманкай, у якую ўжо на хаду ўскочылі паліцаі. Каландзёнак кіраваў канём, а Гуж сядзеў ззаду, ледзь не да зямлі звесіўшы даўгія ногі, і цікаваў за Петраком, каб не ўцёк, мусіць. Але куды было ўцякаць? Пятрок тут пражыў паўжыцця, выгадаваў дзяцей, пазнаў столькі турбот, страху і гора, а можа, трохі і радасці ў маладыя годы, як далі зямлі, агораў сваю гаспадарку. Куды было ўцякаць? Ён быў чалавек ціхі і мусіў рабіць усё, што ні скажуць, у іх была сіла, а што было ў яго? Спрацаваныя рукі, раматус у нагах ды немаладыя гады за плячыма, што ён мог выставіць насуперак ім? Хіба дзе схітрыць трошкі, але і то з немцамі — з гэтымі ж не надта і схітрыш, гэтых не ашукаеш.
Ды і з немцамі тыя хітрыкі абярнуліся ліхам, лепш бы без іх. Лепей папраўдзе ўжо, у адкрытую.
Фурманка абмінула лужыну на завароце з гасцінца і ўз'ехала на лепшую дарогу, а Пятрок пашкандыбаў сабе сцежкаю за канавай. Тут пачынаўся ўжо сасоннік, а за ім будзе паваротка і той мост. Хай ён прападзе, гэты пракляты мост, колькі праз яго напасцяў на іх Яхімоўшчыну. Як было добра, калі ён быў зруйнаваны бомбамі і два месяцы ніхто тут не хадзіў і не ездзіў. А цяпер… Цяпер будзе пекла, гэта пэўна ўжо.