Шрифт:
— Як на курорце! — прагудзеў ён. — І лес блізка, і рака. І мястэчка пад бокам, ага?
— Блізка, ага, — пагадзіўся Пятрок, панура згадваючы пры сабе, які д'ябал іх прыгнаў сюды ў гэткае ранне. Што ім патрэбна? Другі раз сядаць ён не запрашаў, думаў, можа, што скажуць і пойдуць сабе далей.
Але, мусіць, ісці яны не збіраліся.
Гуж, паазіраўшы куткі і сцены з цвікамі, працяглым позіркам павёў па абразах у куце, нібы палічыў іх, расшпіліў на грудзях рудую скуранку.
— Цёпла, аднак, у цябе.
— Дык гэта… Не палілі сёння.
— Цёплая, значыць, хата. Гэта харашо. Трэба раздзецца, не вазражаеш?
— Дык калі ласка. Можна і зняць. Вы сюды павесьце, на гэты цвік.
Крэкчучы, Гуж сцягнуў з тугіх плеч цеснаватую, пэўна, чужую скуранку, павесіў на цвік каля яго скрыпкі, што вісела ля акна. Дзягай з вайсковаю спражкай пачаў падпяразваць сінюю мультановую світку.
— Усё іграеш? — кіўнуў ён на скрыпку.
— Дзе там. Не да музыкі, — сціпла адказаў Пятрок. Сапраўды, калі яму было іграць — у душы гучала зусім іншая музыка. Але ён не стаў многа тлумачыць, толькі падумаў са шкадаваннем, што скрыпку трэба было б прыбраць далей з воч.
— Помню, як вы калісь на вяселлі ў Выселках наярывалі. Ты на скрыпцы, а Ярмаш на бубне, здаецца. Музыкі!
— Калі тое было…
— Было! — сказаў Гуж і палез за стол. Караткаватую сваю вінтоўку паклаў побач на лаву. Каландзёнак, як стаяў у шынялі з вінтоўкаю ў руках, сеў на парозе.
— Ну, частуй, гаспадар! — сцюдзёным позіркам з-пад калючых броваў упёрся Гуж у Петрака. — Стаў паўлітра, а як жа?
— Гэ, каб было! — развёў рукамі Пятрок. — Закусіць можна, канешне, а гарэлкі няма, так што…
— Кепска, значыць, жывеш, Багацька. Пры Саветах не раскашаваў…
— Не раскашаваў, не…
— І пры германскай уладзе не хочаш. А мы не так. Мы вось тут… Нешта маем!
Ён выпрастаў на падлозе доўгую ў боце нагу і з кішэні чорных, з абвіслымі леямі галіфэ выцяг бутэльку.
— Во, чыстая маскоўская! — і, гучна прыстукнуўшы, з паказным гонарам паставіў яе пасярод стала.
Далей Петраку цягнуць не было як. Праклінаючы ў думках усё на свеце, ён схамянуўся, кінуўся ў пасуднік па хлеб, успомніў, што трэба ў хляўку пашукаць яек, мусіць жа, знесліся дзве ці тры курыцы, у істопцы было яшчэ трохі гуркоў у дзежцы. Ну і сала, вядома, у кубёлку. Ён замітусіўся, каб як найхутчэй сабраць на стол, быццам тады хутчэй бы аслабаніўся ад паліцаяў, паклаў на стол пачаты бохан хлеба, але не мог знайсці нож — толькі ж яго трымаў у руках, куды дзеўся?.. Гуж, пачакаўшы, выцяг з халявы свой шырокі, з загнутым канцом кінжал і адкроіў дзве скібы.
— А дзе ж твая… акцявістка? — нібы між іншым запытаў ён і навастрыўся слыхам. — Не ў калгасе ж шчыруе…
— Ды з каровай, знаеце…
— А, з каровай! Карову, значыць, маеш… А прыбядняешся…
— Ды я нічога… Як усе, знаеце…
— А хто бульбу выбіраць будзе?
— Якую бульбу?
— А калгасную! Савецкая ўлада ляснула, але ж калхозы ні-ні! Калхозы сахраняюцца — Гітлер загадаў. Так што бульбаўборка. Ну і бульбаздача, канешне. Як пры Саветах, ха-ха! — нядобра хіхікнуў паліцай.
Гэта Пятрок ужо чуў, хоць спярша не дужа і паверыў, што немцы пагодзяцца на калгасы. Думаў, можа, яшчэ будуць караць калгаснікаў, а яны во што! Але дзеля бульбаздачы, напэўна. Так ім зручней.
— Я, ведаеце, адпрацаваў сваё. Хай маладзейшыя каторыя, — паспрабаваў слаба апраўдацца Пятрок. — Каторыя здаравейшыя.
— Хто гэта хворы? Ты? Ці, можа, баба твая? Пры Саветах дык вунь як шчыравала, пра хваробу не заікалася. Перадавая льнаводка, на сходах выступала.
— Ат, калі тое было! — ніякавата адвёў шматзначны папрок гаспадар і паставіў на стол шклянку. — Апошнім часам яго мала і сеялі, лёну таго.
— А было, як жа! Людзі запомнілі. А цяпер падупала!
Петраку трэба было ў істопку па сала і гуркі, але на парозе сядзеў Каландзёнак і з кіслым выразам белабрысага худога твару пазіраў убок. Гэты яўны падкоп паліцаяў пад яго Сцепаніду не спадабаўся Петраку, і ён падумаў: ці не дзеля гэтага яны сюды і прыпаўзлі?
— Дык сказалі, ну і выступала, куды ж дзенешся.
— Сказалі, кажаш? А калі цяпер нямецкая ўлада іншае скажа? Як тады вы?
— А мы што? — цепнуў плячыма Пятрок. — Як скажуць, так і будзем. Як усе, так і мы.
Гуж ямчэй уладкаваўся ў застоллі, зазірнуў у акно і шырокай рукой канавала згроб са стала бутэльку.
— Ну, а сала ў цябе няўжо вывелася?
— Зараз, зараз! — памкнуўся да дзвярэй Пятрок і наткнуўся на Каландзёнка ў парозе, які не адхінуўся нават.
— Прапусціць! — роўным голасам сказаў Гуж, і тады Каландзёнак пасунуўся на парозе.
Пятрок бразнуў дзвярыма, тыя не зачыніліся, каб было відней, насцеж расчыніў дзверы ў істопку. У паўзмроку намацаў у кубёлку кавалак сала — ёлкі зжаўцелы кус яшчэ ад той восені. Ён ужо адчуваў, што гэта паліцэйская завітанка не так сабе, што тут ёсць пэўная мэта і што зараз нешта праясніцца. «Каб хоць Сцепаніда не сунулася сюды, адвёўшы карову, каб як даць ёй уведаць, што тут за госці», — ліхаманкава думаў ён, з паспешнай пакорай несучы пачастунак у хату.