Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ну якое яшчэ вам сала! Самім во па кавалачку.

— Маня, дай чалавеку, — з добрасцю падказаў барадаты, і Маня, не вымаючы рук з сумкі, адкроіла там даўгаватую лусту белага сала.

— Во цяпер дзякуй, — сказаў Антон.

– Ізвіняйце. Мы гэта самае… Думалі, — пачаў і няпэўна замоўк барадаты.

Ні чарта вы не думалі, падумаў Антон, пашкадавалі проста. Не патрабуеш, дык і не дадуць, гэта ён засвоіў даўно. Ён зняў рукавіцу і запхаў хлеб з салам у кішэню кажушка. Барадаты, невялічкага росту мужычок знізу ўгару адкрыта, без страху пазіраў на Антона, відаць па ўсім, не супраць паразмаўляць са свежым чалавекам у лесе. Ён толькі не мог, пэўна, даўмецца, хто гэты чалавек і як трэба весці размову. Нарэшце мужычок не стрымаўся:

— Вы гэта ізвіняйце, аднак жа цікава: парцізан вы ці, можа, з паліцыі будзеце?

— А чаму цябе гэта цікавіць? — здзівіўся Антон некалькі просталінейнаму ў такіх абставінах пытанню.

— Ну, бачу, аружыя ў вас. Аружыя, яно, канешне, у модзе цяпер, але…

Антон машынальна сунуў руку за пазуху, далей запіхнуў рукаятку нагана. Усе трое з недажаванымі кавалкамі ў роце чакалі яго адказу.

— А я — чалавек. Чалавек проста. Гэта што — кепска?

— Яно не кепска. Але, знаеце… Цяпер так не бывае.

— Вось ён жа, напэўна, таксама не парцізан? — паказаў Антон на прымоўклага прымака. — I быццам не паліцай яшчэ. А жыве ж? I, бачу, жыць збіраецца, калі надумаў падрубу мяняць.

— Эт! — грэбліва махнуў рукой барадаты і локцем саўгануў штаны. — Якая гэта жысць! Хіба гэта жысць! Удзень бойся, уначы бойся…

— А чаго ж ён не возьме вінтоўку? Ды не пойдзе ў лес? Каб не ён, а яго баяліся?

— Во, во, во! — раптам нядобра закудахтала ў санях маладзіца і саскочыла ў снег. Адставіўшы ўкормлены зад, сварліва выпнулася перад Антонам і замахала рукамі. — Во! Во! Я так і знала, агітатаршчык! Ён яго спакушаць будзе! I слухаць не слухай яго! Ого! У лес! А можа, у яго характар не той! А можа, ён забіваць нікога не хоча? Ён ціхі, ён курыцу не абідзе, а то ў лес!

— Ды ладна ты! — ляніва прамовіў прымак, і шчокі яго запунсавелі, напэўна, ад гэтага няпрошанага яе заступніцтва.

— А во і не ладна! Тожа мне парцізаншчык найшоўся! — усё болей раз’ятрывалася маладзіца. — Сам, як недабіты воўк, па лясах шастае і другіх яшчэ зманьвае. I яшчэ хлеба яму дай… Ідзі, адкуль прыйшоў!

— Ма-аня, ды сціхні ты! — зноў памкнуўся ўціхамірыць яе прымак. — А то во вазьму і надумаю…

Маня на момант збянтэжылася, але тут жа з яшчэ большай ярасцю накінулася на мужа:

— Ах ты, неданосак! Паспрабуй мне! Я табе надумаю! Я табе пакажу! Даўно цябе ад Параскі адвадзіла, дык цяпер у лес.

Пачыналася сямейная звада, слухаць якую Антон не меў часу, павярнуўся і пайшоў ранейшым следам назад. Яны там усё сварыліся, чуўся жаночы лямант, але ён не азіраўся, ён думаў: дзіўная гэта справа — вайна. Ён даўно ўжо не чуў такога вось сварлівага бабскага крыку і адвык ад усякіх сямейных клопатаў, амаль забыўся, як некалі вярэдзілі яго душу частыя сваркі маці з жонкай старэйшага брата, з якім яны некалі таксама рамантавалі сваю старую хату ў мястэчку, мянялі гэтую самую падрубу і перакрывалі адзін бок даху дранкай. Апошнія перад вайной гады Антон дома бываў не часта, ездзіў па вёсках, спаганяючы з сялян падатак, зарабляў не так многа, але на хлеб і гарэлку хапала. У яго было мноства знаёмых у раёне, не было адбою ад дзяўчат, кожная з якіх, мабыць, з радасцю пайшла б за яго замуж. Але жаніцца ён не спяшаўся, яму хапала іх без жаніцьбы, думаў, яшчэ паспее. Дома з невялікай гаспадаркай, кароваю і гародам упраўлялася турботная, працавітая маці, пераначаваць і паесці ён мог у кожнай знаёмай вёсцы, работай сваёй увогуле быў задаволены, хаця яна і задавала яму клопату, але ён адчуваў, што прыспеў да яе характарам, не размякаў, як іншыя, калі трэба было паказаць цвёрдасць і спагнаць з разгільдзяяў у карысць дзяржавы столькі, колькі той належала па закону. Палёгкі ён не даваў нікому, і за гэта яго паважала начальства ў раёне, калгаснікі таксама паважалі ці, можа, пабойваліся, але для яго гэта было ўсё роўна. Горш было з тымі знаёмымі, якія ад яго не залежалі і над ім не стаялі, такія чамусьці яго недалюблівалі і міналі на вуліцы, хаця яму было на іх напляваць, з імі ён не вадзіўся. Ён меў неблагую галаву на плячах і не горш за каго разумеў, што добра, а што кепска. Не тое каб ён лічыў, што сам не дужа разумны, — проста ён ведаў, што патурбавацца за агульную справу знойдуцца дзесяткі іншых, а вось клапаціцца аб ім не будзе ніхто, калі ён сам за сябе не паклапоціцца. Таму ён рабіў так, як разумеў, наколькі гэта, вядома, было магчыма, і не любіў, калі яго вымушалі рабіць насуперак яго волі. Праўда, з пачаткам гэтай праклятай вайны ўсё пайшло не так, як заўсёды і як бы таго хацеў ён, ды тут нічога не зробіш. Пачалося з таго, што неяк на зыходзе мінулай зімы ў акно хаты Галубіных ціхенька пастукалі ноччу, Антон расчыніў дзверы, у кухню ўвайшло чалавек шэсць пры зброі. У пярэднім ён не адразу прызнаў раённага начальніка НКУС, з якім да вайны быў трохі ў сяброўстве і думаў, што той цяпер недзе далёка на ўсходзе. Але ён аказаўся паблізу і ў той свой прыход прапанаваў Антону ўступіць у партызанскі атрад. Антону гэта не надта каб спадабалася, ён ужо прымерваўся да новай працы, механікам на лесапільні, але, учуўшы, што ў атрадзе многа знаёмых, наважыўся, спакаваў «сідар» і праз некалькі дзён быў у патрэбным месцы пад лесам. На першым часе ён займаўся рамонтам зброі, сабранай на палях баёў з немцамі, а пасля сам узяў у рукі вінтоўку. I пайшло-закруцілася: стаў камандзірам узвода, целаахоўнікам у камандзіра атрада і во дакаціўся да радавога, што, нібы згаладнелы воўк, як сказала маладзіца, шастае па цёмных лясах, не даючы спакойна спаць людзям.

Ён спорна крочыў між соснаў да рова, і ў ім усё расла, падступала да сэрца туга па самым звычайным, шэранькім, як ва ўсіх ці ў большасці, мірным сялянскім жыцці пад дахам, сваёю сям’ёй, з такой вось порсткай маладзічкай побач, каб без страху, вайны — у добрасці і міры.

Але ён толькі безнадзейна ўздыхнуў — так гэта было далёка і так недасяжна. Добра гэтак марыць таму, у каго ёсць хоць якая-небудзь гарантыя адносна жыцця наогул — у яго ж не было жаднай гарантыі наогул. Ён ні на што не спадзяваўся, бо ведаў, што не сёння, дык заўтра гарачая куля распластае яго на снежнай траве і справе канец.

Добра яшчэ, калі пахаваюць па-людску. А то ніхто і не знойдзе, і ён будзе ляжаць пад снегам да самай вясны. Калі згаладнелыя за зіму ваўкі і лісіцы не парасцягваюць ягоныя доўгія косці па сваіх лясных схованках.

Зоську ён згледзеў яшчэ здалёку, тая цярпліва чакала яго на ўзроўку, дзе ён пакінуў яе, і Антон, прыпыніўшыся, махнуў два разы рукой — давай, ідзі сюды!

7

Яны трошкі збочылі ад рова і неўзабаве прытупалі да нешырокай лесавой дарожкі, прысыпанай свежым, не кратаным нагамі снегам. Антон зірнуў у адзін бок дарогі, у другі, саней адсюль не было відаць, і ён упэўнена павярнуў направа, пакідаючы ззаду шырокія сляды на снезе, у якіх зажаўцеўся дарожны пясок.

— Во, разжыўся, — сказаў Антон, дастаючы з кішэні абкрышаны кавалак хлеба. — Халера на яе, баба не хацела даваць, ледзьве выцыганіў.

Зоська міжволі праглынула сліну, атрымаўшы ў рукі палову кавалка свежага сялянскага хлеба з вузенькаю паскай сала.

— Смачна як пахне! — панюхала яна хлеб. — Любіла такі, на кляновых лістках. Мама пякла.

— Еш, — проста сказаў Антон, са смакам адкусіўшы сам.

— Зоська нарэшце ўгрэлася, ісці па роўнай дарозе было куды лягчэй, чым прадзірацца праз калючы гушчар, яна расшпіліла верхні гузік свайго плюшавага сачка і адпусціла вузел хусткі на шыі. Хвойны аснежаны бор ледзь чутна шумеў угары, зверху паволі плылі-ападалі рэдкія прыгожыя сняжынкі. Было ціха. Дзесь чуўся дробненькі стукат дзятла, але Зоська не звяртала на яго ўвагі, яна ўвесь час пазірала наперад, дзе знікала пакручастая лесавая дарожка. Туды ж кіраваў позірк і Антон, які проста і натуральна ўзяў на сябе частку яе дарожнага клопату і звязанай з ім небяспекі. Усё гэта іншы раз магло б толькі парадаваць Зосысу, але цяпер яна мала радавалася, хутчэй наадварот, — усё яшчэ не магла вызваліцца ад сваіх трывожных сумненняў. Праўда, за сябе яна менш баялася — яна трывожылася за Антона.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: