Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Чортава рэчка! — бурчаў тым часам Антон, прабіраючыся ў берагавым лазняку. — I не ўмерзла, як трэба, і мелі заліла. Самы храновы час…

Час для дальняй дарогі быў, канешне, не самы лепшы. Тыдзень назад ударыла сцюжа з ветрам, учора паваліў снег, які не пераставаў і сёння — снежныя крупінкі рэдка, быццам без жаднай ахвоты несліся аднекуль з мутнай вышыні, было няўтульна і холадна. Зоська пасля стажка не пераставала дробна дрыжаць, увесь час карцела пайсці хутчэй, прабегчы, каб як-небудзь сагрэцца. Каб толькі не гэта праклятая рэчка, якая другі дзень неадольнай перашкодай пралягла на яе шляху.

Раптам Антон сціх у хмызняку, трывожна павярнуўшы ўбок галаву, і Зоська пачула наперадзе ціхі, але выразны пляскат вады. Антон адвёў лазіну, прыгнуўся, усё ўзіраючыся кудысь праз зараснікі, і зноў дзесьці пад берагам пляснула раз і другі. Хтосьці там быў, і яны на хвіліну прыціхлі ў хмызняках. Але вось насцярожаны, з выпнутым носам Антонаў твар кранула лагодная ўсмешка.

— Бабёр! Глядзі, вылазе.

Стаўшы на засыпаную снегам купіну, Зоська пацягнулася вышэй і ўбачыла зводдаль на павароце ракі, як нешта жывое і мокрае з шырокай лапаткай хваста няўклюдна выбралася з вады на палку і, павярнуўшыся, стаілася на задніх лапах. Антон ціхенька свіснуў, і звярок, трапятнуўшыся, таропка схаваўся ў дзірцы, якая тут жа чарнела ў аснежанай кучы бязладна наваленых палак.

— Глядзі, прыжыліся! — сказаў Антон з лагодным захапленнем у позірку і палез праз хмызняк да бабровае хаткі.

— Няхай! Не трэба пужаць! Не трэба… — замахала на яго рукамі Зоська.

— Нічога! Глядзі, запруда якая. Во тут і паспрабуем пераправіцца.

Сапраўды, бабры навалілі на ўзбярэжны мысок добрую кучу галля, палак, розных рагацін, абгрызеных, без кары, дрэўцаў, якія ўтварылі шырокую, напалову ўмёрзлую ў берагавы лёд запруду. Абсыпаная снегам, яна высілася над рэчкай амаль на ўзроўні берагавога абрыву, і Антон, хапаючыся рукамі за сцюдзёнае голле асінніку, асцярожна пералез на яе.

— А што? Трымае. Ну — давай памалу… I не бойся, не бойся, я памагу! — падахвоціў ён Зоську. Тая таксама ступіла адною нагой на голы, прысыпаны снегам сук, які раптам пагрозліва пасунуўся пад яе ботам.

— Ой, слізка!

— Нічога… Давай за мной! Куды я ступіў, туды і ты ступай.

Хапаючыся за нізка навіслае з берага сучча і няпэўна ступаючы па слізкім ламаччы, яны перабраліся па завале амаль да сярэдзіны ракі і спыніліся. Далей было метры два чорнай вады, якая імкліва імчала каля крайніх, глыбока ўтопленых палак; з таго берага было відаць прытопленае гнілое бервяно, канец якога ціха пагойдваўся на плыні. Антон прымерыўся, прыкінуў адлегласць да канца бервяна, спрытней уладзіў нагу на ўпоры.

— Будзем сігаць.

— Ой! А раптам сарвемся?

— Зрывацца не трэба. Першы скакаць буду я. I падтрымаю цябе. Ну!

Уся куча палак і голля аднабока хіснулася, пляснуўшы вадой, штось пад нагамі хруснула, Антон узмахнуў рукамі і, лёгка наступіўшы на прытоплены канец бервяна, апынуўся на тым баку.

— Ну?

Ён шырэй расставіў ногі і чакаў, гатовы падхапіць яе, але Зоська раптам згубіла рашучасць, адчуўшы, што для такога скачка ў яе проста не хопіць сілы.

— Не дапрыгну…

— Ну, ну! Дапрыгнеш, давай, не бойся! — падганяў Антон з таго берага. Яна ў каторы раз прымервалася да страшнай вадзяной шырыні, кідаючы вінаватыя позіркі на ажыўлены, поўны нецярпення Антонаў твар, і не магла адважыцца.

— Не магу. Не дапрыгну…

— Ну што ж мне, назад вяртацца? — урэшце зазлаваў Антон. — Я ж во дапрыгнуў, ты бачыла?

— Дык гэта ж ты!

— А ты? Галоўнае — смела! Ну, скачы, я падхаплю!

Зоська слухала яго і сама ўсё разумела: трэба адважыцца і скокнуць. Але спярша трэба было разлічыць штуршок з адлегласцю, і каторы раз, зрабіўшы тое, яна разумела, што да бервяна не дастане, значыць, зноў апынецца ў ледзяной вадзе. А новае купанне ніяк не ўваходзіла ў яе планы — даволі з яе ўчарашняга, ад якога яшчэ не высахла апратка.

— Ах ты, такую тваю мацер! — вылаяўся на тым беразе Антон і, ломячы ботамі лёд, рашуча сігануў у ваду. Яна не зразумела яшчэ, навошта ён так зрабіў, і спалохалася, убачыўшы яго па калені ў вадзе, адкуль ён патрабавальна працягнуў да яе рукі.

— Прыгай, ну!

Зоська скокнула — не на бервяно, а ў гэтыя выстаўленыя да яе рукі, ён пахіснуўся, але ўтрымаў яе, пераступіў, ледзьве сам не паваліўшыся ў ваду, і дужа штурхнуў нагамі наперад, да самай ледзяной закраіны ля берага. Яна ўпала на адно калена, але хутка ўскочыла і, запэцкаўшы рукі, узлезла на невысокі тут, аблытаны карэннем бераг.

— Дзякуй, — ніякавата сказала яна, пазіраючы, як выбіраўся з вады Антон. Мабыць, спяшацца яму ўжо не было патрэбы, абедзве ягоныя нагі да самых калень былі мокрыя, з левай палы кажушка лілася на бот вада.

— Набраў, ага? У абодва? Ну во… Ты мне даруй, калі ласка.

— Што рабіць! Зялёная ты яшчэ разведчыца. Напэўна, зялёная, падумала яна, выразна ўсведамляючы сваю віну і з непрыемнасцю адчуваючы трохі прыкрытую яго незадаволенасць. Стоячы збоку, яна моўчкі глядзела, як ён з сілай сцягнуў з левай нагі бот і выціснуў на снег брудную дзіравую анучу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: