Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Во так! Цяпер хай паспрабуе выйсці. Яны зноў засталіся ўдваіх. Зоська сядзела на трошкі прысветленай земляной падлозе, старалася не пазіраць на Антона — яна і без таго адчувала кожны ягоны рух побач. Сківіца яе балела, напэўна, апухала шчака, і яна ціхенька пагладжвала яе левай рукой. Антон, падпершы дзверы, прысунуў туды ж і лаўку, абмацаў і зачыніў на крук дзверы ў двор, зірнуў у акно з запатнелымі шыбамі і сеў на лаўку. Аднак штось яму замінала, пра нешта ён непакоіўся і, ускочыўшы, намацаў рукой на лапатцы прарэху, прасечаную ў кажусе тапаром.

— Зараза! — сказаў ён і вылаяўся. — Забіць хацела?

— Хацела! — не ўтрымалася Зоська. — Шкада, не ўдалося.

— I не ўдасца, — сказаў ён, распяразваючыся. Аднак яшчэ не расперазаўшыся, выняў з-за пазухі наган і старанна запіхаў яго ў цесную, чымсь напіханую кішэню штаноў. Зоська другі раз ледзьве не застагнала ад роспачы, зразумеўшы, што апошні яе намер спляжаны, што з кішэні нагана не выхапіш. I нашто яна адказвала яму, можа б, ён і не заўважыў гэтай прарэхі, лепш было скіраваць ягоную ўвагу на што-небудзь іншае.

Антон тым часам зняў кажушок і пры скупым святле капцілкі стаў разглядаць касую, праз усю спіну дзірку. «Можа, ён пачне яе зашываць, павернецца бокам, — падумала Зоська. — Можа, паспрабаваць?..» Але ўпэўненасці ў поспеху на гэты раз не было, яна проста магла не паспець.

Не, ён не ўзяўся зашываць прарэху — ён адсунуў стол і расчыніў дзверы.

— Гэй, ты! Ідзі сюды! Во табе заданне — зашыць кажух! Паняла!

— Добжэ, пан, — прамовіла з-за дзвярэй гаспадыня.

— Дзесяць хвілін часу. Паняла?

— Добжэ, пан.

— Давай, шый! — сказаў ён, грукнуў дзвярыма і зноў шчыльна падпёр іх сталом.

Сядзець на падлозе ў нязручнай паставе было пакутна, Зоська паспрабавала сесці зручней і пасунулася, каб прыперціся да сцяны. Але толькі яна варухнулася, як Антон падхапіўся з лаўкі.

— Гэй, куды? Ану стой! Бач, спрытная якая…

Ён груба піхнуў яе зноў на асветленую сярэдзіну падлогі, падняў аднекуль з-пад лаўкі абрэзак, напэўна, усё той жа вяроўкі.

— Рукі! Рукі давай. Звяжам, каб спакойней было. Мне і табе. Паняла?

— Гад ты! — сказала яна, ужо не супраціўляючыся, і ён пачаў туга абкручваць яе рукі вяроўкай. Яна толькі хваравіта моршчылася, ледзьве стрымліваючы ў сабе крыўду і боль.

— Баліць жа…

— Нічога, пацерпіш. Яшчэ не так будзе балюча.

— Болей балюча мне ўжо не будзе.

— Будзе. У паліцыі будзе, — проста паабяцаў ён, туга зацягваючы вузел.

— I ты мяне адвядзеш у паліцыю? — запыталася яна, і голас яе здрыгануўся.

— А куды ж мне цябе адвесці? Я хацеў да маці. Але ж ты — супраць.

— Мала таго, што падлюга, дык ты яшчэ і прадажнік, — сказала яна, зноў не стрымаўшы слёз.

Антон старанна завязаў вузел, памацаў яго, падняўся з кукішак і сеў ля стала. Ён злосна маўчаў. Глытаючы слёзы, каб не расплакацца перад ім, маўчала і Зоська. Ніводнаму з яе намераў, мабыць, не наканована збыцца, мабыць, трэба было рыхтавацца да горшага, што толькі магло здарыцца ў яе становішчы. Тым не менш яна прадаўжала сачыць за Антонам, які, ссунуўшы на патыліцу касматую шапку, адхінуўся спіной да стала і зморана расставіў на падлозе доўгія ногі. Капцілка з пячуркі слаба свяціла на яго туга абцягнутыя світэрам плечы, адзін бок насатага твару, на якім бугрылася цяпер нядобрая злая рашучасць.

— Во ты гаворыш: прадажнік, — з нейкаю нават крыўдай загаварыў ён. — Правільна, можа, нават прыйдзецца і прадаць. Але хто мяне змусіў на гэта?

Зоська кісла ўсміхнулася.

— Табе патрэбны апраўданні? — сказала яна, адчуваючы, аднак, што не трэба пачынаць з ім гаворку — подла ўсё гэта і брыдка. Усе іх размовы даўно перагавораны, цяпер паміж імі — бездаць, у якую вельмі хутка, напэўна, прыйдзецца рынуцца ёй.

— Мне напляваць на апраўданні. Але ты сапсавала мне ўсё жыццё. Я не кажу ўжо, што ты хацела мяне забіць. А я чаго для цябе хацеў? Я хацеў з табой жыць. Як палагаецца, па-людску. А ты? Прадажніка з мяне робіш.

— Ты даўно ўжо прадажнік!

— Памыляешся! Я нікога яшчэ не прадаў. Хіба што пачну з цябе першай. Калі ты мяне на гэта штурхаеш…

— Што ж, прадавай! — злосна сказала яна, адчуўшы, як усё ў ёй затрэслася ад злоснай бяссільнай ярасці. — Прадавай! Не ты першы. Але памятай, нават першы падавіўся сваімі срэбранікамі. I за ім усе астатнія.

Антон, здавалася, нібы і не чуў яе гнеўных слоў, яго мала краналі старыя аналогіі, таксама як і Зосьчыны слёзы. Падобна на тое, што ён сам быў пакрыўджаны не менш за яе і цяпер даў выйсце ўсім сваім крыўдам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: