Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ну што возьмеш з бабы! — развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.

Зоська, аднак, хутка перастала плакаць, пальцамі выцерла слёзы, паправіла хустку на галаве. Антон неўпрыцям пазіраў на яе, і некалькі разоў у ягонай душы варухнулася недарэка-спагада — нашто так упарціцца? Ужо ён старэйшы за яе і лепш разумеў у жыцці, магчыма, ён бы ўратаваў яе ад пагібелі і яшчэ б уладкаваў яе лёс. Толькі б яна даверылася яму. Дык не. Давяла ўсё да сваркі, якую невядома як уладзіць цяпер пры чужых людзях.

— Зося, — сказаў ён і ўстаў з лаўкі. — Ну не хочаш ісці ў мястэчка, дык давядзі мяне хоць да ваколіцы. Пасля пойдзеш, куды захочаш.

У тым была ягоная хітрасць — на ўскраіне мястэчка ўжо ён бы з ёй справіўся. Зоська на хвіліну прыціхла, быццам абдумваючы яго прапанову, і адказала:

— Не!

— Я не ведаю, з якога там боку і падысці, — хітраваў ён.

— Дарога прывядзе.

— Дарога прывядзе. Але… Няёмка па дарозе.

— У людзей запытаешся.

Аднак, чорт пабяры, пакуль нічога не атрымлівалася. Няўжо і сапраўды нічога не выйдзе і яму давядзецца аднаму ісці ў Скідзель? I аднаму прыйсці да Капыцкага? Але як бы яго, аднаго, не палічылі за партызанскага шпіёна, які мае заданне ўладкавацца ў мястэчку, Капыцкі ж таксама можа ў ім усумніцца, не глядзі, што зямляк. Усё ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, а ў такі час нядоўга расстацца і з кашуляй, і з уласным целам таксама.

Не, яму абавязкова патрэбна была яна — як жонка, гаспадыня і, што важней за ўсё, — як заложніца. Заложніца — якая ні ёсць гарантыя для немцаў і для таго ж Капыцкага, асабліва калі мець на ўвазе яшчэ і яе маці. Антон ужо ведаў, што да чалавека з заложнікамі — сям’ёй, дзяцьмі, маці — немцы ставіліся куды з болыпым даверам, чым да адзіночкі, у якога ні кала ні двара, а толькі адны, хай сабе самыя лепшыя, намеры. Як усе дзелавыя людзі, немцы любілі гарантыі.

Але вось вазьмі яе, гэтую гарантыю, што скамянела ў сваёй дзікай упартасці за сталом на лаве.

Аднак ішоў час, напэўна, ужо была блізка поўнач, Антон недаравальна траціў адну за адной усе і без таго нешматлікія свае магчымасці і пачынаў нервавацца. Так, халера на яго, нядоўга і зусім застацца ні з чым. Асабліва калі зважаць на гэтую ўпартасць ды азірацца на гаспадароў. Але ўжо з гаспадарамі ён цырымоніцца не меў намеру.

— Эй, ты! — рэзка павярнуўся Антон да Стэфана. — Давай вяроўку!

— Што пан хцэ? — здзівілася гаспадыня, ступаючы наперад і як бы засланяючы сабой гаспадара.

— Давай вяроўку! Жыва!

Гаспадыня збялела, уставілася ў яго поўны змрочнай рашучасці твар, а гаспадар стаяў ззаду, мабыць, не маючы адвагі выканаць ягоны загад без дадатковай каманды жонкі.

— Я што вам сказаў! — са стрыманай пагрозай вымавіў Антон і выцягнуў з-за пазухі наган.

Ціхенька войкнуўшы, гаспадыня ступіла назад, а гаспадар, паварушыўшы нешта ў цёмным ля дзвярэй кутку, выцягнуў недаўгую зблытаную вяроўку.

Антон загадаў:

— Разбяры! Разбяры, распутай! Што, не разумееш?

Дрыготкімі, няспрытнымі рукамі гаспадар неяк разблытаў вяроўку. Антон сунуў наган за пазуху.

— Ну! — сказаў ён Зосьцы, якая з жахам адкінулася за сталом. — Пойдзеш?

— Не, не! Не чапай мяне!

— Я? Я зачаплю, чорт цябе вазьмі! — крыкнуў ён, губляючы вытрымку, і хапіў за вугал стала. Рыўком ён адкінуў стол прэч, пачуў, як ззаду прыглушана крыкнула гаспадыня, але ён ужо схапіў Зоську за руку і адным спрактыкаваным рухам падламіў руку назад, за спіну. Зоська войкнула, выгінаючыся ад болю і знаёма павяртаючыся да яго спіной, ён дужа штурхануў яе грудзямі на дол і, злавіўшы другую руку, таксама заламіў за спіну. Пакуль яна екатала і тузалася, спрабуючы вырвацца, ён хутка абкруціў яе кісці вяроўкай, зацяў вузел. Яна супраціўлялася, як толькі магла, але што было для яго яе супраціўленне. Звязаць чалавека ён мог за пару хвілін. Каб яна не брыкалася ботамі, другім канцом вяроўкі абхапіў яшчэ і ногі ля костачак.

Здорава, аднак, умарыўшыся, ён устаў з долу, імкнучыся не слухаць, як лямантуе на падлозе Зоська, павярнуўся да гаспадароў. Тыя прыціскаліся адно да аднаго, напэўна, ледзьве жывыя ад страху, і стаялі каля самай печы. Але цяпер ён не меў жадання штось ім тлумачыць, тым болып апраўдвацца — настаў час дзейнічаць.

— Запрагай каня! Жыва! — скамандаваў ён гаспадару. Той зноў, быццам нямы, пазіраў на яго, не могучы даўмецца, што яму трэба.

— Каня, кажу, жыва!

— Дык нема, пан, коня, — нарэшце прамармытаў ён, і Антон амаль закрычаў:

— Як няма? Кажу, запрагай каня!!

— Пан, не маю коня. Забралі коня…

— Хто забраў? — запытаў Антон, адчуўшы, аднак, што ягоны намер яшчэ больш ускладняецца.

— Не знаем, пане. Людзі прыйшлі, забралі.

— Лжэш! — выпаліў Антон першае, што ў такім выпадку прыйшло ў галаву, і зноў выхапіў наган з-за пазухі.

Гаспадар бездапаможна развёў рукамі, здаецца, спалох ягоны мінаўся, але з’явілася нейкая, раней не прыкметная ў ім, упартасць ці нават варожасць. Здаецца, ён таксама пераставаў яму падпарадкоўвацца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: