Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Халера! Зляжалася, не выдзераш! Ану скубі, тут нібы мякчэй, — паказаў ён нейкую мясціну ў стажку, а сам падаўся за стажок да наступнага.

Зоська, здаецца, зусім скалела, хоць ля стажка было трохі зацішней ад ветру, але яе мокрыя ногі і сцёгны ашчаперыў такі мароз, што яна ледзьве трывала. Рукі, аднак, пачалі грэцца ў сене, з травяных нетраў якога разам з духмяным водарам нібы патыхала назапашанае за лета цяпло.

Яна ўжо гатова была ўціснуцца целам у неглыбокую выскубіну, як здаля пачуўся прыглушаны Антонаў голас:

— Гэй, сюды ідзі! Чуеш? Топай сюды…

Гэта прагучала ўзнёсла, амаль бадзёра, яна адразу адчула надзею і, кінуўшы на снег жменю сена, пабегла да суседняга стажка. Там стаяў Антон, які, махнуўшы рукой, знік дзесьці, быццам забег за стажок.

— Сюды! Лезь сюды, — пачула яна, падбегшы бліжэй, і ледзьве прыкмеціла ў цемры чорную дзірку ў круглым баку стажка, адкуль чуўся глухаваты голас Антона:

— Нашто скубці, калі гатовае лаўжо ёсць. Ану лезь. Хаця пагадзі — я вылезу.

Ён задам выпаўз з нары, і яна, не доўга думаючы, нырнула галавой у яе духмяную цемру, што абяцала якую ні ёсць і схованку ад пранізлівага начнога ветру. Яна ўжо зусім здранцвела і не спадзявалася калі-небудзь сагрэцца.

— Во і будзем сушыцца. Што — яшчэ холадна? — падабрэлым голасам пытаўся ён, узлезшы следам і шорхаючы сенам ля выхаду— Нічога! Надыхаем, знаеш, як цёпла стане. Толькі ты распранайся. Распранайся, распранайся, скідай з сябе ўсё мокрае. I яшчэ во… На мой кажух, ухутайся. А я лаз загарну. Цёпла будзе, пабачыш.

Ляскаючы зубамі, яна паспешліва ўладкоўвалася ў гэтай поўнай сеннага шэрхату і травяных пахаў схованцы і старалася не думаць, што яе можа чакаць у такім неспадзяваным начлезе. Нязручна сцягнула з ног мокрыя боты, разгарнула анучы і сунула ногі ў лагодную цяплынь Антонавага кажушка. Антон заклаў сенам лаз, і яна, не доўга думаючы, сцягнула з сябе ўсё мокрае, што толькі можна было сцягнуць, тужэй загарнулася ў кажушок і, усё яшчэ калоцячыся ад сцюжы, ніяк не магла сагрэцца.

— Во гэта начлег! — задаволена сказаў Антон, шорхаючы сенам побач. — Не горш, чым у зямлянцы, праўда?

— Праўда, — ціхенька сказала яна і, падумаўшы, запытала: — А ты… Па свайму заданню, ці як?

— Я? — няпэўна перапытаў ён, пасоўваючыся бліжэй да яе падцятых, загорнутых у кажушок ноп— Ды амаль што па твайму.

— Гэта што — разам, значыць, пойдзем?

— Безумоўна. Не будзеш пярэчыць?

— Не, што ты!

— Во і добра.

Зоська гаротна ўздыхнула. Калі б не тыя яе недарэчныя страхі, усё магло б стацца лепш і нават цікавей, яны б заначавалі дзе ў вёсцы, пры людзях, а не ў гэтай нары, дзе хоць і цяплей, чым у полі, але… Яна нерухома, амаль не дыхаючы, курчылася ў самым канцы гэтай зробленай кімсьці нары. Усё ж у такім становішчы яны апынуліся ўпершыню, і яна страх як баялася гэткага блізкага суседства з гэтым увогуле сімпатычным, хоць яшчэ і мала ёй знаёмым мужчынам. Хоць бы ён не пачаў да яе лезці, яна проста не ведала, як тады паводзіць сябе. З аднаго боку, яна была ўдзячна яму за тое, што выцягнуў яе з вады, уладзіў у гэта прыстанішча, сагрэў сваім кажушком. А з другога — хто ведае, што ў яго ў галаве. Мабыць, трэба ад яго трымацца далей і паводзіць сябе з ім строга, бо ці мала што можа тут з імі здарыцца.

— Ну як, грэешся? — клапотна запытаў ён, усё бліжэй пасоўваючыся да яе макраватага, настылага бока. Голас яго цяпер гучаў зусім інакш, чым на поплаве, — гэта быў зусім іншы голас, з ноткамі дабрыні і спачування, якім яго Зоська прывыкла чуць апошнім часам у лагеры.

— Грэюся, — сказала яна.

— Хутка сагрэешся, — паабяцаў ён. — Гэта я ведаю. Неяк заначаваў увосень. Дождж ліў, жывой ніткі не было. А ў стажку ўсё высахла. Лепш, чым на печы ў хаце… Памятаеш Заглядкі? — раптам запытаў ён без усякай сувязі з іх сённяшнім здарэннем, і яна ўсміхнулася.

— А, Заглядкі! А як жа… Такія вечарыны былі…

— Вечарыны на славу. Кузняцоў гэта любіў. Умеў ваяваць і пагуляць любіў.

— Дык малады быў.

— Малады, ага. Дваццаць чатыры гады.

— Здаецца, калі ўсё было. А ўжо няма ні Кузняцова, ні шмат каго, — самотна ўздыхнула Зоська.

— Хто ведае, можа, і нас хутка не будзе.

— Не, — зябка здрыганулася Зоська. — Не хочацца аб тым думаць. Не трэба аб гэтым. Аб іншым трэба.

— Гэта правільна, што аб іншым, — пагадзіўся Антон. — Але аб чым ты ні гавары, як ні весялі сябе, а гэта ў табе сядзіць, бы прысохла. Як хвароба якая.

— Шуміць усё, — ціха сказала Зоська.

— Вецер. Шумець доўга будзе. Затое нас не чуваць. Заглушае.

— Усё роўна страшна. Цішай трэба.

— А нічога. Тут нідзе нікога.

Абое, змоўкшы, прыслухаліся, але сапраўды вакол было ціха, толькі знадворку шумеў сенам вецер. Загорнутыя ў кажушок Зосьчыны ногі пачалі трохі сагравацца, макраватая тканіна на целе памалу цяплела, нара набіралася чалавечага духу, і знямога салодкаю хваляй пачала агартаць стомленае цела дзяўчыны.

— А знаеш, — сказаў раптам Антон, і яна падняла заплюшчаныя неўпрыкмет вейкі, хаця ў абсалютнай цемры ўсё роўна нічога не было відаць. — Я памятаю, як ты была апранута… Там, у Заглядках. У сінюю сукенку ў гарошак. Правільна?

— Правільна, — проста адказала Зоська. I сукенка ў гарошак і той адзіны танец з ім пад балалайку ў салдатчынай хаце, калі Антон нечакана выхапіў яе з купкі дзяўчат і хвілін дзесяць ліха круціў па хаце, яна добра памятала і цяпер радасна здзівілася, што гэта самае прыпомніў і ён.

— А танцавала ты ладна.

— Дык і ты… Ладны танцор.

— Любіў дзяўчат пакружыць.

— А цяпер не любіш?

— Цяпер не да таго. Цяпер самога вайна закружыла.

— Забылася… Адкуль ты родам?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: