Вход/Регистрация
Пайсці і не вярнуцца
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ды я з Усходняй. Барысаў, горад такі, мо чула?

— Гэта за Мінскам, здаецца?

— За Мінскам. А ты мясцовая?

— Са Скідзеля. Дваццаць восем кіламетраў ад Гродні.

— Знаю. Хадзіў у верасні. Амаль да Гродні дабраліся. Бобікі там нас шуганулі. У Ласосне. А ты з маці жыла?

— З мамай і старшай сястрой. Замужняй. А шурына немцы вясной расстралялі.

— Добра яшчэ, што вас не ўзялі. А маці і цяпер там?

— Там, дзе ж ёй яшчэ быць? З вясны не бачыла, проста душа чарнее. Як яна там?

— Трэба пабачыцца. Туды ж ідзеш? — запытаў ён і прыціх. Зоська ўся напружылася ў цемры.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ведаю.

Часта задыхаўшы, Зоська прымоўкла, і ён сказаў як аб чымсь само па сабе зразумелым:

— Што ж ты — амаль дома будзеш і маці не праведаеш? Так не гадзіцца.

— Знаеш, не зусім дома. Ды і другіх спраў багата.

— Ну, панятна, надавалі табе заданняў, трэба выконваць. Але і пра сябе падумаць не грэх, — сказаў ён і пазяхнуў. — У мяне таксама ў Скідзелі ёсць знаёмыя. Былы сябрук нават.

— Жыве там?

— Жыве.

— Дзе, на якой вуліцы? Можа, я знаю?

— Не, ты не знаеш. Ён чалавек новы.

— Ну, новых я, канешне, не ведаю. Каторыя прыехалі ў трыццаць дзевятым, тыя не дужа знаёмыя. Я ж перад вайной у Навагрудку вучылася.

— Я і кажу: не знаеш, — пацвердзіў Антон. Зашорхаўшы сенам, ён павярнуўся на бок і раптам паклаў руку на яе плячо. Яна палахліва здрыганулася, зрабіла слабую спробу адсунуцца, але адсунуцца тут было некуды.

— Не трэба…

— Цяплей будзе. А то ты ў маім кажушку, а мне…

— А табе холадна?

— Ну так, знаеш… Не дужа, але ўсё-такі.

Яна змоўкла, і ён абняў яе рукой за плечы. Ад яго вялікага і дужага цела ішло прыемнае для яе цяпло, і яна, прыціхшы, амаль што абмерла пад ягонай рукой.

— Ты такая малеча, — шэптам прамовіў ен з прыкметнай ноткай лагоды ў яго басавітым голасе. Ёй раптам зрабілася смешна — ніхто яе ніколі не зваў малечай, была яна хоць і невысокага росту, але дужанькай, спрытнай дзяўчынкай.

— Я не малеча, — сказала яна. — Я, знаеш, дужая.

— Ды ну?

— Ага. Магу паваліць. Нават такога, як ты.

— Як я?

— Ну.

Здаецца, гэта было ўжо занадта, яна жартоўна перахвальвала свае здольнасці, але гэта таму, што адчувала пагрозу, якая ішла ад яго, і няўмела старалася неяк абараніць сябе.

— Што, Дазорцаў навучыў? — зацікаўлена запытаў ён. — Самба?

— Ага. Самба.

— Глядзі ты! Ну і разведчыца!

— А што? Хіба кепска?

— Не, чаму ж? Яшчэ каб аружые. Але аружыя нябось не далі?

— Разведчыку не абавязкова аружые. Лепей харошыя дакументы.

— Гэта правільна.

— А ў цябе ёсць дакументы? У мяне нейкі аўсвайс патрэпаны. Як бы не ўліпнуць з ім.

— Патрэпаны — гэта добра. Гэта лепей, чым новы.

— Па аўсвайсу я Адэлаіда, паняў? — не без гонару паведаміла Зоська. — А цябе як па дакументу?

— А ўсё так жа: Антон Галубін.

— А хіба не замянілі? Трэба ж памяняць імя і прозвішча.

— Навошта мяняць? У мяне дакумент нязменны, — ён ціхенька варухнуў нагой, — Рэвальвер сістэмы наган.

— Ой! — здзівілася Зоська — Як жа гэта? А раптам праверка?

— На выпадак праверкі гэта болей надзейна, чым твой аўсвайс.

Стрымліваючы дрыжыкі, Зоська насцярожана сціхла — тое, што ў Антона аказалася зброя, ёй не спадабалася. Навошта зброя? Так бы яны спакойна прабіраліся прасёлкамі, выдаючы сябе за сялян з якой-небудзь далёкай вёскі, на выпадак затрымкі і вобыску — у кішэнях нічога падазронага, як і вучыў Дазорцаў. А тут — наган! Як бы праз гэты наган не праваліць заданне і не прапасці самім.

— А ў штабе там ведаюць, што ты з наганам?

— Мне самому лепей ведаць, з чым трэба ісці.

— Ой, я баюся…

— А ты не бойся. Ты мне даверся. Ужо мы як-небудзь, — сказаў ен жартоўна і, прыгарнуўшы яе за плечы, раптам пацалаваў каля вуснаў.

— Ой! Ты што?

— Нічога, нічога… Знаеш, пасля таго, ля кухні, я месца сабе не мог знайсці.

— Гэта чаму? — з салодкім прадчуваннем запытала Зоська.

— Таму. За цябе спалохаўся.

— Во дурненькі! Ну чаго ж ты? — ласкава сказала яна, міжвольна падаўшыся ў сене да яго шырокіх грудзей. — Я ж не маленькая. Ужо хадзіла ў Міхневічы. Помніш, як там Стукачова павесілі?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: