Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

Дзіўнае пісьмо прыйшло тады ад ротнага камандзіра: «…быў накіраваны са сваім танкам на падтрымку важнай разведвальнай аперацыі і не вярнуўся з задання. Аднак нам абсалютна дакладна вядома, што ваш муж, які быў адным з самых вопытных і надзейных салдат у роце, не трапіў у палон да рускіх. Ваш муж паў смерцю храбрых». Hi гадзінніка, ні салдацкай кніжкі, ні заручальнага пярсцёнка — і не ў палоне. Што ж тады з ім? Згарэў і абвугліўся ў сваім танку?

Лісты, якія яна дасылала камандзіру роты, вярнуліся праз паўгода назад з надпісам: «Загінуў за вялікую Германію». Іншы афіцэр напісаў ёй: «Мне вельмі шкада, але я вымушаны паведаміць вам, што ў нашай часці не засталося ніводнага чалавека, які мог бы расказаць вам пра гібель вашага мужа», Абвугленая мумія паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам.

Унізе ў двары тоўсты хлапчук напісаў мелам: «Шэсць адборных апельсінаў усяго за адну марку». Бацька, чырванашчокі, як і сын, сцёр шасцёрку і напісаў пяць.

Яна пералічыла грошы ў кашальку: дзве паперкі па дваццаць марак — недатыкальныя, гэтыя грошы хлопчыку на гаспадарку на дзесяць дзён; заставалася яшчэ марка і восемдзесят пфенігаў дробнымі. Лепш за ўсё было б пайсці ў кіно: там цёмна, цёпла, не адчуваеш, як растае час, звычайна такі бязлітасны. Бывае, што гадзіны цягнуцца марудна, быццам жорны млына, марудна і ўпарта перамолваюць яны час. Пад вечар ломіць усё цела, галава быццам налітая свінцом і прыступ жадання, цяжкі для яе самой. Боязь з-за паху з рота і з-за сапсаваных зубоў; валасы страчваюць бляск, і няўмольна псуецца колер твару. А ў кіно добра і вусцішна — так яна яшчэ дзіцем пачувала сябе ў царкве: цудоўная гармонія спеваў і слоў, укленчвання і ўставання, шчаслівая пасля смуроднай жорсткасці бацькоўскага дому, дзе ненажэра бацька здзекаваўся са святошы маці; маці старалася схаваць пад панчохамі набрынялыя вены, калі ёй было ўсяго трыццаць адзін год, столькі, колькі зараз ёй. Усё, што не мела дачынення да дому, было шчасцем: шчаслівая манатоннасць на макароннай фабрыцы Бамбергера, дзе яна ўзважвала макароны і раскладвала іх у пакункі, узважвала і раскладвала, узважвала, узважвала, пакавала. Адурваючая аднастайнасць і чысціня; цёмна-сінія кардонкі, сінія, як мора на геаграфічным атласе; жоўтыя макароны і вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін» — стракатыя паштоўкі, на якіх адлюстраваны сцэны са «старых нямецкіх паданняў»: Зігфрыд з валасамі, як свежае масла, шчокамі, як персікавае марожанае, і Крымхілда, у якой колер твару нагадвае ружовую зубную пасту, валасы, як маргарын, і вішнёва-пунсовы рот. Жоўтыя макароны, цёмна-сінія кардонкі, вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін». Паўсюль чысціня, вясёлы смех у сталоўцы на фабрыцы Бамбергера, а ўвечары ружовыя лямпачкі ў кафэ.

Або танцы з Генрыхам, які кожныя два тыдні атрымлівае звальніцельную ў нядзелю, усмешлівы яфрэйтар танкавых войскаў, неўзабаве заканчваўся тэрмін ягонай службы.

Адной маркі і васьмідзесяці пфенігаў хопіць на кіно, але ўжо позна. Ранішні, на адзінаццаць гадзін, сеанс даўно пачаўся, а ў гадзіну яна павінна быць у пякарні. Хлопчык унізе, у двары, расчыніў зялёныя вароты, і бацька пакаціў каляску. Праз адчыненыя вароты бачна вуліца: аўтамабільныя шыны і ногі веласіпедыстаў. Яна паволі сышла ўніз па лесвіцы, спрабуючы ўцяміць, на якія выдаткі рашыцца кандытар дзеля задавальнення сваёй меланхалічнай страсці: ён хударлявы, але твар у яго вялікі, азызлы і самотныя вочы. Сам-насам з ёй ён, запінаючыся, усхваляе радасці кахання, глухім голасам спявае ён песні пра прыгажосць плоцкага кахання. Ён ненавідзіць сваю жонку, жонка ненавідзіць яго, ненавідзіць усіх мужчын, а ён, кандытар, любіць жанчын, услаўляе іх цела, іх сэрца, іх вусны, часам яго меланхолія даходзіць да шаленства, а яна слухае ўсё гэта і разважвае маргарын, распускае шакалад, узбівае крэм з прыгатаванай ім сумесі і выкладвае лыжачкай памадку і праліны. Яна выводзіла на тартах шакаладныя ўзоры, якія ён лічыў чароўнымі, і прылеплівала шакаладным свінкам шакаладныя лычыкі, а ён, запінаючыся, не пераставаў расхвальваць яе твар, яе рукі, яе пяшчотнае цела.

У пякарні ўсё здавалася белым і шэрым, тут перамешвалася чарната блях, чарната вугалю і белізна мукі: сотні адценняў шэрага, і толькі зрэдку — жоўтая або чырвоная пляма; чырвоны колер вішань, ядавіта-жоўты — лімонаў і пяшчотны — ананасаў. Амаль усё здавалася белым і шэрым, бясконцыя адценні шэрага, такі быў і твар пекара: дзіцячы, бясколерны, круглы рот, шэрыя вочы, шэрыя зубы і блякла-ружовы язык, які быў відаць, калі ён гаварыў, а гаварыў ён, застаўшыся з ёй сам-насам, безупынку.

Кандытар марыў знайсці прыстойную жанчыну, не прастытутку. З таго часу як жонка ўзненавідзела яго, а разам з тым і ўсіх іншых мужын, яму прыпадалі толькі тыя радасці, якія можна знайсці ў публічных дамах, а гэткія радасці здаваліся яму недастаткова ўзвышанымі, і, акрамя таго, марным заставалася яшчэ адно яго жаданне — мець дзяцей.

Калі яна адпіхнула яго, назваўшы каханне брыдкім словам з лексікону Леа, ён проста спалохаўся, і тады яна зразумела, якая ў яго пяшчотная душа.

Словы гэтыя вырваліся ў яе напалову проці яе волі, напалову наўмысна, з-за супярэчлівасці, якую выклікала ў ёй ягоная рахманасць: гэта былі словы Леа, ёй нашэптвалі і крычалі іх з дня ў дзень вось ужо на працягу многіх гадоў, яны віселі над ёй, як праклён. Гэтыя словы жылі ў ёй, і вось вырваліся на волю, яна шпурнула іх у самотны твар кандытара, і выклікала вялікае замяшанне ў ягонай душы.

— Не, не, — сказаў кандытар, — не гавары так.

Леа скажа: «Што гэта з тваёй пашчай?», і ёй не хацелася ісці дадому, каб не чуць яго здзекаў і не бачыць асляпляльна белых зубоў.

Яна вернецца дадому, пасля таго як Леа пойдзе на працу. З асцярогі яна аднесла малую да фрау Барусяк — гожанькая жанчына, гады на чатыры старэйшая за яе, з цудоўнымі бялюткімі зубамі — жанчына, якая спалучала дзве якасці: набожнасць і ветлівасць. Яна зайшла ў кафэ насупраць дома зубнога ўрача, села каля акна і дастала з кішэні пачак «Тамагаўка» — вельмі доўгія, вельмі белыя і вельмі моцныя цыгарэты. «Сонца Віргініі выпесціла гэты тытунь». Гартаць ілюстраваныя часопісы не хацелася; памешваючы лыжачкай каву, яна раптам падумала, што трэба папрасіць у кандытара аванс, раптам ён падкіне ёй марак сто: яна цвёрда вырашыла ніколі больш не ўжываць слова Леа, каб не крыўдзіць кандытара. Магчыма, яна пашкадуе яго: нязграбныя, шалёныя ласкі, на якія ёй прыйдзецца адказваць, — гэта і будзе яе платай, — проста сярод блях для пірожных і аблітых шакаладам парсючкоў будзе ён нашэптваць ёй свае гімны; сярод узгорачкаў какосавай мукі, сярод пасыпаных цукровай пудрай ромавых баб ён усміхнецца ёй, млеючы ад шчасця, і яна будзе прымаць трапяткія, слюнявыя пацалункі чалавека, які ненавідзіць прадажнае каханне, а задавальняцца ў шлюбе не можа з тае пары, як яго жонка ўзненавідзела мужчын; жонка — худая, коратка падстрыжаная прыгажуня з палаючым, суровым позіркам, пальцы ўвесь час на ручцы касавага апарата, як у капітана на штурвале; у яе цвёрдая, маленькая рука «са сціплым» упрыгожаннем — халодныя, зялёныя каменьчыкі, амаль празрыстыя і вельмі дарагія, яе рукі падобныя на рукі Леа. Стройная багіня з хлапечай фігурай, усяго дзесяць гадоў назад — стройная і ўладная — яна маршыравала на чале атрада дзяўчатак у рудых куртках і горда спявала высокім, прыгожым голасам: «На берэце лунае пер’е» і «Смелы барабаншчык». Яе бацька гаспадар «Чырвонага капелюша», а мой бацька па пятніцах прапіваў там палову сваёй палучкі. Цяпер яна падобна на амазонку: ногі ў яе як у шаснаццацігадовай, а па твары ёй дасі ўсе сорак, і яна намагаецца з усяе сілы здавацца не старэйшай за трыццаць чатыры, упартая і ветлівая парушальніца шлюбнага абавязку, гэта яна давяла шэрага і самотнага чалавека з падвала да гімнаў адчаю.

Вільма паднесла кубачак да роту і, глянуўшы ў акно, убачыла на процілеглым баку вуліцы зубнога ўрача каля светла-жоўтай, падрапанай бормашыны; ён арудаваў борам, і паўзверх занавескі яна бачыла яго светлыя валасы, і цёмны цень на сцяне, і стомленую патыліцу чалавека, абцяжаранага пазыкамі. Піць каву было прыемна, і цыгарэты аказаліся выдатнымі.

Яна разумела, што кандытар значна лепшы, чым Леа: ён добры, працавіты, у яго больш грошай, але парваць з Леа і застацца жыць з ім — гэта жахліва перш за ўсё для дзяцей, і пасля трэба будзе судзіцца з Леа з-за аліментаў на дзяўчынку, якія ён цяпер выплочвае ў Ведамства абароны дзяцінства, а яна атрымлівае іх адтуль і ўпотай зноў падсоўвае яму. «Хіба я гэтага хацеў? Не ж, ты павінна чэсна прызнаць». У кандытара адзін пакой наверсе пусты, там раней жыў падручны, але ён некуды збег, і цяпер кандытар не хоча наймаць другога. «Ты заменіш мне падручнага».

Боязна толькі з-за хлопчыка, вось ужо тры тыдні ён адносіцца да яе не так, як раней: у яго зусім іншыя вочы, калі ён глядзіць на яе, няма ранейшага адкрытага позірку. Яна ведала, што гэта пачалося з таго дня, калі Лea абвінаваціў яе ва ўтойванні грошай; прыгожанькі бялявы жэўжык ненавідзеў Леа, і Леа ненавідзеў яго. Лепш за ўсё было б застацца адной з дзецьмі: ёй даўно ўжо абрыдла блізкасць Леа, і яна ўпотай зайздросціла кандытарцы, якая магла сабе дазволіць так упарта ненавідзець мужчын. Яны з хлопчыкам так-сяк пераб’юцца. Яна часта палохалася, калі бачыла, які ён кемлівы: як ён дакладна лічыць, як ён разумна размяркоўвае ўсе расходы, і гаспадарку ён умее весці куды лепш, чым яна. Цвярозая галава, сарамлівы твар і позірк, які вось ужо тыдзень пазбягае яе позірку. А ў кандытара пусты пакой.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: